Духі – насельнікі вясковай сядзібы

Aўтар: Анатоль КАПЦЮГ, 26.08.2009. 09:37

Друкаваць Камэнтары (0) Пераслаць на э-адрас

У мінулы раз архітэктар і краязнаўца з Вілейкі Анатоль Капцюг расказваў чытачам пра духаў, што насяляюць хату. Тэма сённяшняга ўрока – “Духі – насельнікі сядзібы”.

А гутарка пойдзе пра Хлеўніка, Лазніка, Ёўніка і Кумяльгана.

Прыгледзьцеся да малюнка. Лазнік у дзядзькі Капцюга – дзядок з доўгай сівой барадой і густымі белымі вусамі. Апрануты ў белую саматканую кашулю і крыху караткаватыя порткі, ён стаіць у двары з драўляным цабэркам і венікам пад пахай. Хутчэй за ўсё ідзе ў лазню. Бачыце, з яе коміна ўжо ўецца дымок.

Лазнік любіць парыцца і мыцца. Робіць гэта, звычайна, апоўначы. І вельмі злуецца, калі хто-небудзь застаецца да гэтага часу ў лазні. Тады ён кідаецца з печы камянямі, намагаючыся параніць таго, хто асмеліўся парушыць яго спакой. А яшчэ палохае ненатуральным храпам, шыпеннем, віскам, стукам у сцяну. Жыве ён звычайна пад палком, а нагадвае вадзяніка.

Людзі старэйшага пакалення, відаць, не раз чулі пра штучкі гэтага духа. У некаторых вёсках да сённяшняга дня бытуе павер’е, што мыцца пасля 12 гадзін ночы ў лазні нельга. Гаварыла мне пра гэта калісьці і бабуля. Толькі пра Лазніка не ўспамінала. Проста казала, што той, хто ходзіць у лазню апоўначы, будзе хварэць.

Дзверы  хлява, дзе хутчэй за ўсё стаіць гаспадарскі конь, падпірае нейкая дзіўная істота. Гэта – Кумяльган. Паводле народных міфаў, злы дух у абліччы чалавека і каня. Беларусы ўяўляюць яго з чалавечым тулавам, пакрытым конскай шэрсцю, з такімі ж рукамі і нагамі, з конскай галавой і такімі ж капытамі на руках і нагах, і вераць, што ён ходзіць часам, як конь, на карачках, а часам, нібы чалавек, на задніх нагах... Прызначэнне яго – мучыць, псаваць, раніць коней; падмешваць у корм якую-небудзь атрутную расліну.

Нягледзячы на ўсе хітрыкі Кумяльгана, многія лічаць, што ён слабы. Інакш бы перадушыў усіх коней. А вось у тым, што гэты дух здольны на розныя выкрутасы, не сумняваюцца. Кажуць, што, забраўшыся ноччу ў хлеў альбо канюшню, ён па чарзе ўскоквае на кожнага каня і ўсяляк яго курчыць і мучыць. Баяліся нашы продкі гэтага духа і ў час начнога. Лічылася, што ён адводзіць з табуна па адным кані ў бок лесу і пакідае на з’ядзенне драпежным звярам.

Засцерагчыся ад гэтага духа вельмі цяжка. Ён падобны да каня і таму часта прабіраецца як у хлеў, так і ў табун незаўважана. Умее Кумяльган і пераўвасабляцца, прымаць масць каня якога-небудзь гаспадара. Таму чалавек сам можа адчыніць дзверы злому духу і запусціць у хлеў.

На двары, амаль побач з Кумяльганам, сілкуецца конь. Ля яго з драўляным вядром, напоўненым вадой, топчацца нейкі чалавек. Гэта яшчэ адзін дух сядзібы – Хлеўнік.

Кажуць, што калі ён упадабае гаспадароў, а таксама масць жывёлы, то будзе песціць і чысціць кожную скацінку, а коням нават заплятаць грывы і хвасты. А таксама насіць любімцам ваду хатнімі вёдрамі, цішком падхопленымі ў сенцах ці пад паветкаю, падкладваць паболей корму. Калі ж яго што-небудзь не задавальняе, то Хлеўнік, наадварот, кудлаціць, нават выдзірае жывёле шэрсць, грывы і хвасты, скручвае ў каўтуны, трывожыць уночы, гойсае да апошніх сіл на жывёле па хляве.

Ва ўсіх стасунках з жывёламі Хлеўнік застаецца нябачным і толькі зрэдку ўзнікае ў вобразе скурчанага, зморшчанага, худога чалавека: здаецца, нібы шкілет хлопчыка памясцілі ў скуру дарослага.
Менавіта такім убачыў яго ды паказаў нашым чытачам на малюнку і Анатоль Капцюг. Крыху прыгнуўшыся – відаць, вядро вельмі цяжкае і адцягвае рукі, – Хлеўнік нясе каню вады. Ён яго любіць, інакш бы так не тупаў вакол жывёліны і не даглядаў.

Выйшаў на вуліцу і Ёўнік, які звычайна туліцца ў сушні, дзе нязменна панура сядзіць у запечным куце альбо на рагу печы. Ён толькі зрэдку падыходзіць да акна, яшчэ радзей пераступае парог сушні, каб агледзець ток, склады снапоў, накіраваць ці адхіліць вецер, неабходны ў час веяння збожжа, паглядзець на малацьбу і тых, хто працуе ў ёўні. У тых выпадках, калі ў яго ўладанні заходзяць непатрэбныя людзі, дух палохае іх.

Лічыцца, што Ёўнік не баіцца ні агню, ні пажару. А калі апошні ўсё ж здараецца, залазіць у печ на абгарэлае бервяно і тут жыве, пакуль не адбудуецца новая ёўня, куды адразу і пераходзіць.
Ёўнік – чорны. Трэба меркаваць, ад пастаяннага дыму і сажы. Валасы ў яго ўскудлачаныя і толькі вочы гараць. Такі ж ён і на малюнку ў Анатоля Капцюга. І, здаецца, вядзе перамовы з Лазнікам. Можа, злезшы з печы, усё ж вырашыў памыцца?

Запісала Марына Сліж.

Больш якасны малюнак тут.

Спампаваць: Duhi_Sjadziby.jpg (701kb)

Паслаць камэнтар

Captcha
Яшчэ з гэтай рубрыкі

Маладзечна – Вігвам – 2:0 (абноўленае)
Гомель-2 - Маладзечна - 1:1. На 16 хвіліне ў свае вароты мяч адправіў гулец "Гомеля-2", але нашы яму ў гэтым вельмі...

Сектар спорту - Маладзечна, 6.09.2010.6

Ці вітаеце вы ўвядзенне факультатыву па праваслаўі?
Прыхільна стаўлюся да поглядаў Кастуся Харашэвіча і Рыгора Стасяловіча. А вось Алёна Багданёнак і Людміла...

Фотаапытанне - Маладзечна, 10.09.2010.1

Герб “Папараць” вяртаецца
Сямён Сямёнавіч! Цяпер зразумела: герб па-ранейшаму "Багародзіца".

Грамадства - Маладзечна, 9.09.2010.3

Грэчка знікла, пасля паднялася ў цане
Слухайце, і было б што за 5 тысяч прадаваць! У нашай сям'і і так тую грэчку не ядуць асабліва, а за 5 тысяч і...

Базарны дзень - Рэгіён, 7.09.2010.1

“Дажынкі” і новы духоўны цэнтр Маладзечна
"На сёння, здаецца, горш чым у Маладзечне прамысловасць нідзе не працуе." Так ужо і нідзе!

Грамадства - Маладзечна, 1.09.2010.3

Галасаванне

Якія грыбы вы любіце есці?

Любыя - я непераборлівы (-ая)
Толькі шампіньёны, пажадана прывезеныя з-за мяжы. Каб без радыяцыі
Я грыбы ўвогуле не люблю
На сыраежкі не разменьваюся - ем толькі баравікі
Вынікі|Усе галасаванні

АРХІЎ

Kурсы валют

EUR 3847.97

USD 3033

RUB 98.22