Слуханні па АЭС у Астраўцы

Aўтар: Святлана СТАНКЕВІЧ, 19.10.2009. 11:28

Друкаваць Камэнтары (1) Пераслаць на э-адрас

Тут ідуць слуханні.

9 кастрычніка ў кінаканцэртнай зале “Астравец” адбыліся доўгачаканыя грамадскія слуханні па папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС.

Паўгадзіны да слуханняў. У залу не прабіцца.

Мы прыехалі за гадзіну да пачатку абмеркаванняў. За гэты час паспелі зарэгістравацца, агледзець цэнтр, які стракацеў прадстаўнікамі сілавых структур, і азнаёміцца з буклетамі, з вокладак якіх крычалі рыфмаваныя радкі: “Мы за АЭС в 2 Гигаватта, мы за работу, мы за зарплату!” Нечаканы імпэт для краіны, дзе ўзровень беспрацоўя складае 1%.

У залу патрапіць не давялося. Месцы, якія, па папярэдніх звестках, былі выдзеленыя для журналістаў, занялі прадстаўнікі дзяржорганаў. Для СМІ ж у фае было выдзелена месца з надпісам “Прэс-цэнтр”.

Экскурс у гісторыю

На пачатку слуханняў у фае стала крыху вальней: з 813-ці зарэгістраваных засталіся далёка не ўсе - толькі тыя, хто прыйшоў з уласнай ініцыятывы.
А 12-й па вестыбюльным тэлебачанні пачалі паказваць слуханні: 45 хвілін доўжыўся даклад намесніка міністра энэргетыкі Міхаіла Міхадзюка, які, аднак, папярэдзіў, што выступаць будзе доўга і не па тэме - улічваючы колькасць пытанняў па развіцці паліўна-энэргетычнага комплексу Беларусі і прычынах будаўніцтва АЭС.

- Прыняцце рашэння нарадзілася не на голым месцы: у сацыялістычнай Беларусі ўзмоцнена развіваліся галіны эканомікі, якія вымагалі вялікіх энэргетычных затрат: машынабудаванне, металургія, хімія, нафтаперапрацоўка. Першапачаткова краіна была арыентаваная на атамную энэргетыку. Аднак па розных, у тым ліку суб'ектыўных абставінах, чатыры буйныя атамныя станцыі - Смаленская, Ігналінская, Чарнобыльская і Ровенская - былі пабудаваныя недалёка ад межаў рэспублікі і вакол яе. У 1983 годзе была распачатая будоўля першага энэргаблока Мінскай атамнай станцыі магутнасцю ў 2000 МВт.

У 1986-м было падрыхтаванае праектнае заданне на збудаванне АЭС агульнай магутнасцю ў 6000 МВт у Віцебскай вобласці. Нацыянальнай Акадэміяй Навук была створаная перасоўная АЭС. Пасля чарнобыльскай катастрофы абодва праекты былі закрытыя. Працы па выбары пляцоўкі магчымага размяшчэння АЭС у рэспубліцы былі ўзноўленыя ў 90-х. У выніку, ёсць Астравецкая пляцоўка, якая не мае ніякіх неспрыяльных крытэрыяў і цалкам задавальняе патрэбы для размяшчэння АЭС. Краснапалянская і Кукшынаўская пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці вызначаныя ў якасці рэзервовых.

АЭС і Чырвоная кніга

Наступны дакладчык, намеснік дырэктара РУП “БелНІПІЭнэргапрам” Уладзімір Баброў тэмы прытрымліваўся:
- Раслін, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, Чырвоную кнігу СССР, лекавых і тых, якія падлягаюць ахове, у радыусе трох кіламетраў выяўлена не было.
Калі ж узяць крыху шырэй, рэдкія расліны дакладна ёсць у пяці кіламетрах ад патэнцыйнай пляцоўкі, дзе пачынаецца ландшафтны заказнік “Сарачанскія азёры”. На сайце Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя не цяжка знайсці наступную інфармацыю: “Адзначана 11 відаў рэдкіх і знікаючых раслін, занесеных у Чырвоную кнігу”.

Што тычыцца зняцця энэргаблока з эксплуатацыі, Баброў зазначыў, што ў сувязі з тэрмінам працы энэргаблока, які складае 50 год, праект зняцця з эксплуатацыі будзе распрацаваны за пяць год да канца гэтага тэрміну, а пакуль пра гэта думаць рана.

Магільнік - у Беларусі

Намеснік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк і першы віцэ-прэзідэнт ЗАТ “Атамбудэкспарт” Аляксандр Глухаў.

Падчас прэс-канферэнцыі першы віцэ-прэзідэнт ЗАТ “Атамбудэкспарт” Аляксандр Глухаў паведаміў журналістам, што ў праект бюджэту РФ на 2010-2012 гады закладзена фінансаванне, якое будзе накіраванае на будаўніцтва АЭС у Беларусі. “Сродкаў выдзеліцца дастаткова для збудавання атамнай станцыі”, - запэўніў журналістаў Глухаў.

Нечаканай інфармацыяй ад спадара Глухава стала паведамленне аб тым, што на працягу першых 20-ці год эксплуатацыі станцыі сховішча для перапрацаваных адходаў будзе знаходзіцца на тэрыторыі беларускай АЭС. Пры павелічэнні тэрмінаў эксплуатацыі да 50-ці гадоў плануецца будаўніцтва дадатковых сховішчаў.

Да гэтага чыноўнікі запэўнівалі, што адходы АЭС будуць знаходзіцца ў суседняй дзяржаве, тым больш, што, згодна з расійскім заканадаўствам, ядзернае паліва, якое пастаўляе Расія, пасля адпрацоўкі можа перапрацоўвацца і знаходзіцца на тэрыторыі РФ.

Дзе лыжка дзёгцю

Ва ўсеагульным пазітыве трапляліся і лыжкі дзёгцю. Калі дакладна - іх было пяць сярод прыкладна 30-ці выступоўцаў.
Прафесар Георгій Лепін крыху астудзіў пыл крытычнымі заўвагамі ў бок АУНА, пра якую ўжо на хвалі ўсеагульнага “ўра” і казаць забыліся.

- Пры аналізе  АУНА з'яўяецца ўражанне, што дакумент складаўся з канца: спачатку напісалі вынікі, што выкідаў няма, а магчымая тэрыторыя пашкоджання надзвычай малая - і адтуль ішлі да пачатку. Такім чынам, атрымалася, што выкідаў мала, і тэрыторыя насамрэч невялікая, але не таму, што факты кажуць аб гэтым, а таму што аб гэтым кажуць вынікі. Вядомы ў свеце акадэмік Субоцін, спецыяліст па атамнай энэргетыцы: “Ніводны рэактар, які астуджваецца вадой, не можа быць надзейным”.

Па аб'ёме выкідаў разлік у АУНА у чатыры тысячы разоў меншы, чым тое, што было выяўлена падчас гэтай аварыі. Пра запраектную аварыю і казаць не прыходзіцца. Яе наступствы мы працягваем адчуваць дагэтуль - я кажу пра Чарнобыль. Больш за тое, амерыканцы правялі разлік аварый на сваіх станцыях і апублікавалі іх. Лічбы надзвычай пераканаўчыя. Гэта сотні тысяч смерцяў людзей, дзесяткі тысяч цяжка хворых. Гэтымі матэрыяламі і трэба было скарыстацца, каб у АУНА вызначыць магчымую шкоду.

Няхай АЭС не выкідвае СО2, але яе абслугоўвае дзесятак прадпрыемстваў, пачынаючы ад здабычы ўрану, яго перапрацоўкі і г.д. Усе гэтыя прадпрыемствы выкідваюць СО2, таму, калі браць увесь комплекс, а не вырываць асобна АЭС, то тэхналогія вельмі брудная.

АЭС рэгулярна выкідвае ў атмасферу так званыя “высакародныя” газы, якія нашмат мацней за СО2. Чаму пра гэта ўвесь час маўчаць?
10 год таму было праведзенае - тады сапраўды незалежнае - апытанне насельніцтва. І адназначна выказаліся за атамную станцыю ажно 6% рэспандэнтаў.

“Мы лезем у эканамічную залежнасць”

Мікалай Уласевіч - географ, жыхар Варнянаў, якому прыйдзецца жыць ў пяцікіламетровай зоне ад атамнай станцыі, мае сваё меркаванне наконт экалагічнасці праекта:
- Адкрытай крывадушнасцю ў абгрунтаваннях з'яўляецца сцвярджэнне пра тое, што будаўніцтва АЭС не акажа ўздзеянне на водную экасістэму, паколькі ўсе вадаёмы і вадасцёкі знаходзяцца ад меркаванай пляцоўкі на значнай адлегласці, а найбліжэйшай да пляцоўкі з'яўляецца Вілія, выдаленая на шэсць кіламетраў. На самой жа справе найбліжэйшай да АЭС будзе не Вілія, а яе левы прыток - рака Газянка, прызнаная ў АУНА самай чыстай і найбагацейшай па біялагічным відавым складзе з усіх наяўных тут водных аб'ектаў. Гэта адна з чатырох рэк нашага раёна, дзе жыве і нерастуе атлантычны ласось: стронга і кумжа.

І гэта рака будзе знаходзіцца, калі не ў некалькіх сотнях метраў ад будпляцоўкі, што ўжо фактычна пацвярджае пачатая будаўніцтвам аўтадарога Гоза-АЭС, то ў любым выпадку яна патрапіць у 1,5-кіламетровую санітарную зону ад станцыі. А гэта значыць, што яна будзе ў зоне прамой дасягальнасці звычайнага плоскаснага змывання, якое пагражае ператварыць чыстую раку ў звычайную сцёкавую каналізацыйную канаву АЭС.

Што да сацыяльна-эканамічных наступстваў дзейнасці АЭС, гэта пастка, якая будзе вялікай пазыковай ямай для краіны, пагрозай суверэнітэту і незалежнасці, таму што ядзерная тэхналогія - расійская, грошы - расійскія, спецыялісты - таксама расійскія. Мы лезем у абсалютную эканамічную залежнасць.

Святлана СТАНКЕВІЧ.
Фота - Андрэй Рогач.

Каментары

MirnyAtom.net

(14.12.2009 23:40)

Тут как сказать, что является большей проблемой: АЭС - это могильник в Беларуси или АЭС - это просто могильник для всей Беларуси?

Паслаць камэнтар

Captcha
Яшчэ з гэтай рубрыкі

Дзяўчаты-трэш: пра 8 Сакавіка - без комплексаў
Хорошая статья,интересно конечно прочесть о нестандартно мыслящих людях:)В наше время слишком много...

Моладзь - Маладзечна, 4.03.2010.7

Вынік - гэта лічбы на табло
Дзякуй за навіны! Але чаму няма інфармацыі аб складзе ў якім трэніруецца і іграе наша каманда?

Сектар спорту - Маладзечна, 9.03.2010.1

Дапаможам дзіцячай бальніцы
дело то святое, только почему у властей на больницу денег нашлось. налоги же мы платим, а денег нет......

Грамадства - Маладзечна, 5.03.2010.2

Космач у Пінску, Корсак пакуль нідзе
Прывітанне, Дзьмухавец! Нешта даўно вас не было чуваць. Зянько нават засумаваў.(:-( Прымаюцца ўсе Вашыя...

Сектар спорту - Маладзечна, 23.02.2010.8

Галасаванне

Якая праблема вас сёння хвалюе?

Разбітыя дарогі
Дрэннае здароўе
Недахоп грошай
Забаранілі на вуліцах піць піва
Вынікі|Усе галасаванні

АРХІЎ

Kурсы валют

EUR 4003.15

USD 2950

RUB 99.24

Гараскоп

Гараскоп на 8-14 сакавіка 2010 г.

Вось што падказалі Марыі УРБАНОВІЧ зоркі  на гэты тыдзень.

Усе знакі задыяка