Чацвёра ў калысцы
Ашмяны, Aўтар: Святлана СТАНКЕВІЧ, 14.12.2009. 10:06
Марына дзетак пакуль не бачыла, але ўжо называе іх па імёнах.
Фота Андрэя РОГАЧА.
– Столькі дакументаў трэба аформіць, давайце лепш увечары, – прапанавала Марына.
І вось мы падымаемся па лесвіцы пяціпавярховага дома. Сям’я жыве на трэцім паверсе. Ліфта няма. Калі адно немаўля – гэта ўжо праблема, а тут – чацвёра.
Марына сустракае нас разам з маці, Рэгінай Кетрыс. У двухпакаёўцы яны жывуць утраіх – муж Уладзімір пакуль на працы.
– Чакаем дзетак, як Бога, – кажа з парога Рэгіна Раманаўна.
– Калі ўжо дома будуць? – пытаюся.
– Пакуль невядома, – адказвае Марына, – вагу набіраюць. Калі нарадзіліся, важылі ад 1,2 да 1,5 кілаграма.
– За тры тыдні колькі ўжо набралі?
– 2100, 2200 і двое па 1800. Да 2500 павінны падрасці – тады можна будзе забіраць дамоў. Двое ўжо нават у ложачку ляжаць, самі малачко п’юць. А двое яшчэ ў кювезіках, на кропельніцах.
– Марына, адкуль такія гены?
– Ад мужа. Па яго баку ў сваякоў двойня была.
– Калі дазналіся пра чацвярню?
– Каля трох месяцаў тэрмін быў. Першы раз сказалі, што будзе адно дзіця. Другі раз – двайняты. Потым – трайняты. І так, па нарастаючай, дайшлі да чацвярых.
– А муж як, прызвычаіўся да ролі таты чацвярых дзяцей?
– А муж ціснуў на тое, каб усе чатыры хлопцамі былі. Я казала: “Не, чатыры дзяўчынкі”. Вось каб нікому крыўдна не было – нарадзіліся два хлопчыкі, дзве дзяўчынкі.
– Ці былі раней у Ашмянах прэцэдэнты з нараджэннем чацвярні?
– Не, толькі трайняты былі два гады таму. Чацвёра нарадзілася пяць гадоў назад у Мінску.
– Купілі ўсё, каб забіраць дзетак з раддома?
– Купілі і па шуфлядах расклалі, – Марына паказвае на камод з чатырма шуфлядамі. – Кожнаму асобная, пачынаючы са старэйшага, Кірыла.
– Ужо імёны прыдумалі? Кірыл старэйшы?
– Так. У 6.14 нарадзіўся. Вадзім – у 6.15, Ірына і Карына – у 6.16 і 6.17.
– Прычым нарадзіліся 5 лістапада, – уступае Рэгіна Раманаўна, – у дзень народзінаў майго Мішы – мужа, яго ўжо няма на свеце. Падарунак даслаў, напэўна, каб не забываліся.
– Ці адрозніваеце аднаго ад другога?
– Яшчэ нават не бачыла іх. Каранцін. А нараджала пад агульным наркозам, таму што рабілі экстраннае кесарава.
Нават на тэлефон нельга здымаць – кажуць, апаратура можа больш нашкодзіць, чым чалавек. Мы, не бачыўшы дзетак, вырашылі іх назваць. Бо там іх называюць “першы”, “другі”, “трэці”, “чацверты”.
Нарадзілі – ізноў пайшлі лён рваць
– Чаму нараджалі ў Мінску?
– Калі дазналіся, што дзетак будзе чацвёра, канешне, пачалі хвалявацца. Паехалі ў Гродна, пракансультаваліся. Там параілі мінскі цэнтр “Маці і дзіця”. Тут няма ўмоў, кювезаў. Хаця ляжала і тут, і ў Гродне. Адчувала сябе нармальна, але паклалі пад назіранне, калі тэрміны былі крытычнымі.
– Цяпер надта апякуюцца маладымі. Раней як нараджалі? – узгадвае спадарыня Рэгіна. – Мая маці распавядала: лён ірвуць, нарадзілі – ізноў пайшлі лён ірваць. Цяпер моладзь слабая, радыяцыя паўплывала. У 86-м як глынулі яе дзеці – адгэтуль і слабасць. А ў Астраўцы вось зноў будаваць збіраюцца.
Першыя пакупкі
– Цяпер рэгулярна тэлефануем у бальніцу, – распавядае Марына. – Казалі, што на гэтым тыдні адбудзецца доктарская нарада, і, можа, калі будуць месцы, паеду да дзетак у Мінск. Мяркуем, што да Новага года ўсе будуць тут у зборы.
У пакоі ўжо стаяць дзіцячыя ложкі, чакаюць малых.
– Бракуе месца, – кажа Рэгіна Раманаўна. – Каб у новай хаце былі, можа б, і чатыры купілі. А тут няма куды ставіць.
– Каляскі ўжо набылі?
– Не пакуль. Трэба будзе двайныя купляць. У Ашмянах такіх няма, глядзелі ў Інтэрнэце. Марына нават чатырохмесную знайшла – дык тая ўвогуле, як танк! Пяць мільёнаў каштуе.
Дапамога
– Журналісты, напэўна, спакою не даюць. Шмат пісалі?
– У нас ужо газет – зараз прынясу, – Рэгіна Раманаўна ідзе ў іншы пакой і вяртаецца са стосам:
– Во мая Маша! А начальнік Марынін, самы галоўны, паштоўку даслаў.
– Сяргей Мікалаевіч Румас, – удакладняе Марына. – З мужавай працы таксама, казалі, дапамогуць. Калі дзяцей выпішуць – начальнік сам абяцаў прыехаць.
Марына працуе старшым касірам у ашмянскім аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк”. Муж – электраманцёрам-лінейшчыкам ашмянскага ўчастка Гродзенскага будаўніча-мантажнага ўпраўлення №4.
– З працы аказалі дапамогу, – распавядае Марына, – 9 мільёнаў рублёў.
– А мясцовыя ўлады?
– Вырашаецца пытанне з кватэрай. 70% аплачвае дзяржава, астатняе пагашаем мы. На 40 гадоў нам выдаецца крэдыт пад 1%. У мікрараёне Заходні будуецца сацыяльны 60-кватэрны дом.
Разглядаецца такі варыянт: прасячы сцяну паміж трохпакаёвай і аднапакаёвай кватэрай. Такім чынам атрымаецца чатырохпакаёўка, якіх цяпер не будуюць.
Дакументы на дом ужо гатовыя, але чакаецца інфармацыя, ці можна з 60-кватэрнага дома зрабіць 59-кватэрны.
Абяцалі, што ўсё будзе гатова да Новага года. Але так хутка не пераедзем – трэба будзе яшчэ рамонтам заняцца, пачакаць, пакуль дом прасохне.
– Пабудуць у мяне, – кажа бабуля і смяецца: – Двое з ёй, дваіх да сябе вазьму.
Бабуля-нянька
– Як насамрэч спраўляцца будзеце?
– Марына адна, канешне ж, не ўправіцца. Я адзіная бабуля – у зяця бацькоў ўжо няма ў жывых. Буду звальняцца і афармляцца нянькай.
– А дзе зараз працуеце?
– На мясакамбінаце, зарабляю 600 тысяч у месяц. Дазналіся, колькі атрымоўвае нянька. 302 налічваецца, мінус падаходны, мінус пенсійны фонд – на рукі 260.
– Але ж дзетак – чацвёра...
– Не важна – ужо цікавіліся. Хоць дзесяць дзяцей – стаўка адна. Да пенсіі засталося чатыры гады. Тры з іх пасяджу з лялькамі. На чацверты год на працу, пэўна, не возьмуць – перад пенсіяй. Будуць маладыя дапамагаць, – смяецца Рэгіна.
– Вы ўпершыню бабуля?
– Не, ёсць яшчэ ўнук ад сына, у другі клас ходзіць.
– Пяць унукаў – на падарункі неяк трэба будзе збіраць.
– Так, хочацца ж папесціць дзетак. Як у гэтыя 260 тысяч укласціся – невядома. Улічваючы, што за кватэру зімой – 150. Акрамя таго, кожныя два тыдні па 200 тысяч ідзе толькі на памперсы – чатыры ўпакоўкі. На дзень трэба 16 памперсаў – 4 разы на суткі мяняюць. Плюс вільготныя сурвэтачкі і шмат чаго яшчэ.
Але ўсё гэта ерунда, – усміхаецца Рэгіна. – Абы здаровенькія былі і хутчэй ужо дамоў прыехалі.
Святлана СТАНКЕВІЧ.

RSS
Каментары
Вяргіня
(14.12.2009 12:03)
Шчаслівая мама, чацвярых нарадзіла. Але як з імі спраўляцца? Асабліва калі плакаць пачнуць усе чацвёра. А пасля ім яшчэ трэба будзе куртачкі купляць,туфлі, кашулі. А як вучыцца паедуць. Ды ўсе ў адзін год!
Lisa
(14.12.2009 15:07)
Бедная жанчына - яшчэ і не трымала на руках сваіх малых. :( А бабуля хай бы лепш на рабоце заставалася - гэта цяпер, як усе віншуюць з нараджэннем, даюць грашовыя падарункі, здаецца, што іх (грошай) многа. Насамрэч яны хуценька закончацца. І тады розніца паміж бабулінымі 600 тысяч і зарплатай нянькі ў 260 тысяч будзе вельмі адчувальнай.
Паслаць камэнтар