Работнікі "РГ" у ледзяной купелі (абноўлена)

Вілейка, Aўтар: Марына Сліж, 19.01.2010. 17:53

Друкаваць Камэнтары (22) Пераслаць на э-адрас

Ад грахоў можа не пазбавімся, але ж працаздольнасць паднімем!

На Вадохрышча, 19 студзеня, супрацоўнікі “Рэгіянальнай газеты” акунуліся ў ледзяную ваду рэчкі Спорня. І не адзін раз.

Палонку рыхтавалі ў нядзелю 17 студзеня.

А сякерай ямчэй!

Мы на месцы.

Будзем з вэнджаным карпам.

Купацца будзем тут!

На шляху да палонкі Аляксандр Манцэвіч і Наталля Харытонава.

А вада вельмі халодная?


Джэнтльмэны і ля палонкі дапамогуць. 

Ігар Мароз і гаспадар сядзібы Леанід Шульц. У каго мацнейшыя лёгкія?!

Зх! Здорава!


Не хвалюйся, калі што, дастанем!

Марына Сліж чакае "маржоў" з лазні. Выйдуць - будзе выціраць.

Фірменныя карпы ад Шульца.

Смачна!

Ідэя ўзнікла напярэдадні. Таму час, каб прадумаць, дзе і як правесці акцыю, быў. Адразу меліся зрабіць гэта на Віліі, пазней разглядаўся варыянт Вілейскага вадасховішча. А акунуліся, у рэшце рэшт, у воды Спорні. Рэчкі, якая працякае па вёсцы Заспорня, што ў Вілейскім раёне. Побач з ёй - лецішча віляйчаніна Леаніда Шульца, які таксама вырашыў паўдзельнічаць у акцыі “Рэгіянальнай газеты”.

Першая “вылазка” на Спорню адбылася ў нядзелю, 17 студзеня. Канешне ж, рэчка была скаваная лёдам. Таму Аляксандру Манцэвічу і Ігару Марозу давялося папрацаваць і пяшнёй, і сякерай. Палонку высеклі велікаватую. З разлікам, каб у ёй маглі акунуцца чалавек гэтак пяць-шэсць. Вялізныя крыгі спускалі пад лёд.

У гэты ж дзень Аляксандр Манцэвіч адкрыў купальны сезон. Пасля расказваў, што пры тэмпературы паветра -9 вада была цярпімая. Адчуванні - “Нічога страшнага”.

На Вадохрышча, дзесьці пасля дзвюх гадзін дня, на дзвюх машынах рушылі ў дарогу. Купальшчыкаў суправаджала група падтрымкі з фотаапаратамі і блакнотамі. За бортам было -9. Надвор'е стаяла быццам бы бязветранае. Тым не менш, мароз кусаўся. Было золка.

А вось і ўказальнік “Заспорня”. Спыняемся ля самага крайняга дома. Яго гаспадар - той самы Леанід Шульц. У двары смачна пахне дымком. “Пыхкае” здароўем лазня, што “працуе” на мясцовым паліве - дрывах. Каб трапіць да яе, ідзём праз навясны масток, які крыху хістаецца. “О-ё-й”, - пішчаць дзяўчаты. Але што гэта выпрабаванне ў параўнанні з тым, якое чакае нашых смельчакоў.

Збіраемся ля лазні, пасля ўсёй кампаніяй ідзём да рэчкі. Яна ў некалькіх метрах, за агароджай лецішча. Па акуратна высечаных у снезе прыступках спускаемся на лёд. Вада ў палонцы ў асобных месцах ужо крышку паспела схапіцца лёдам. Апускаю руку - холадна.

Пакуль удзельнікі акцыі распранаюцца ў лазні, азіраемся навокал. Нічога не скажаш - прыгожа. Заўважаю птушыныя сляды на некранутым снезе, спыняюцца вочы на стромкіх соснах, што падступаюць да рэчкі, абрывістым, ахутаным снегам беразе, і зноў упіраюцца ў палонку, дзе бруіцца чарнаватая ледзяная вада.

“Вада на Спорні халодная нават летам, - быццам бы падслухаўшы мае думкі, расказвае сын гаспадара лецішча Алег Шульц, - цячэнне тут хуткае, яна ніколі не награваецца”. Не ведаю, што адчуваюць у гэты момант купальшчыкі, але мяне, калі пачынаю ўяўляць, як яны ступаюць у ваду, ажно трасе.

Тым часам з лазні раздаюцца гучныя галасы. Група падтрымкі з фотаапаратамі і блакнотамі чакае “маржоў” на беразе Спорні, хаваючы вушы ў каўняры паліто. “Не ведаю, як у цябе, а ў мяне ўжо пачынаюць прымярзаць ногі да ботаў”, - скарджуся Сяргею Зянько, які час ад часу расцірае шчокі. У гэты момант з гоманам выбягае кампанія купальшчыкаў. Ігар Мароз у гумовых шлёпанцах. Аляксандр Манцэвіч, Наталля Харытонава і Леанід Шульц - ідуць да рэчкі басанож.

Па ледзяных прыступках спускаюцца з берага да палонкі. Яшчэ секунда, і ўсе чацвёра ў вадзе. Гучнага “Ратуйце!” альбо “Ой, мамачка, дапамажы!” мы не чуем. Твары ва ўсіх вясёлыя, я б сказала, шчаслівыя. Пад гучнае “Раз, два, тры” тройчы акунаюцца ў ваду і выходзяць на бераг. “Як?” - ледзь не ў адзін голас пытаемся мы. “Нармальна!” - чуем у адказ. Гуськом, адзін за адным, нашы “маржы” бягуць у лазню. Пастукваючы нага аб нагу, мы застаёмся чакаць на беразе другога пагружэння.

“Ідзіце ў дом, пагрэйцеся, чаю папіце”, - прапаноўвае нам Алег Шульц. Дружна адмаўляемся. Калегі ў палонку з ледзяной вадой акунаюцца і не скардзяцца, а тут...

І ў той жа час цікава, што адбываецца там, у лазні. Народ трасецца ад холаду, праклінае ідэю ці ўсё ж адчувае задавальненне. Саджуся на лавачку пад дзвярыма. Па дружным рогаце разумею, што ім спадабалася.

Тым часам, як мне здаецца, мароз мацнее. Пачынаюць шумець сосны, дзесьці за сцяной лазні пасвіствае вецер. А чацвертай гадзіне дзверы яе адчыняюцца і трое нашых калег на чале з гаспадаром зноў выходзяць у двор. Ад разагрэтых целаў ідзе пар, у многіх да спіны папрыліпалі лісточкі ад бярозавага веніка. “Пасля такога пылу-жару ні за што б не нырнула ў ваду”, - думаю пра сябе і ўслед за кампаніяй бягу на бераг рэчкі.

Другое акунанне было, як мне здалося, даўжэйшае. А нашы смельчакі адчувалі сябе ў вадзе, бы тая рыба. Акуналіся з галавой. Па тры разы. А Ігар Мароз нырнуў яшчэ і “за свае ручкі, за свае ножкі, за свае нэрвы і за ўсю рэдакцыю”.

У час чаяпіцця пасля акцыі пра ўражанні ў сваіх купальшчыкаў не пыталася. Маўляў, і заўтра часу хопіць. Як кажуць, пераначуйце, асэнсуйце. Папрасіла расказаць пра тое, што адчуваў у час пагружэння, толькі Леаніда Шульца. “Было не вельмі холадна, - расказвае ён з усмешкай. - Хаця да гэтага ніколі не купаўся. Толькі некалькі разоў пасля лазні абціраўся снегам. Здаецца, было яшчэ халадней”.

“Ці нырнулі б яшчэ раз?” - задаю раніцай 20 студзеня пытанне сваёй калезе Наталлі Харытонавай. “Нырнула б, - кажа яна. - Хаця не магу сказаць, што мне было не страшна. Баялася і ў той жа час унутраны голас падказваў, што я змагу гэта зрабіць. Дагэтуль у палонцы не купалася ніколі, таму вопыту не мела. А на самой справе - усё вельмі здорава. Адчуваецца радасць жыцця”.

“З самай раніцы быў узбуджаны, - дзеліцца ўражаннямі Ігар Мароз, - і ўпэўнены, што змагу акунуцца. Калі людзі робяць, чаму я не магу гэта зрабіць. Дарэчы, я люблю абцірацца зімой снегам. Вясной пасля лазні абліваюся халоднай вадой, а летам ныраю ў гэтую самую Спорню. Магчыма, мне было лягчэй, чым іншым. Бо ведаю, якое ў рэчцы дно. Знаю, што яна неглыбокая. Вады толькі па пояс. Нейкі асаблівы настрой захаваўся па сённяшні дзень. Хаджу ўзрушаны, хочацца жартаваць, смяяцца. Звычайна я больш стрыманы. І думаю, што гэты зарад настрою і здароўя падарыла мне ледзяная вада Спорні”.

Рэдактар “Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч, які быў галоўным арганізатарам акцыі, кажа, што баяўся не холаду, баяўся, каб не паслізнуцца. А што адчуваў, дык гэта як снег пад пяткамі растае, а яшчэ - радасць. Ад таго, што ў гэтай палонцы не адзін. Што знаходзяцца людзі, якія не баяцца ні снегу, ні ледзяной вады.

Марына СЛІЖ.

Фота Святланы ЦІШКО і Сяргея ЗЯНЬКО.

Рэдакцыя “РГ” дзякуе Леаніду Шульцу за дапамогу ў арганізацыі і актыўны ўдзел у акцыі “Рэгіянальнай газеты”.

 

Тэму можна абмеркаваць на форуме

Відэакліп можна спампаваць з дапамогай праграмы Easy Video Downloader


Каментары

Дзьмухавец

(19.01.2010 20:40)

А дзе ваш галоўны спартсмен Сяргей Зянько? Спужаўся калядных марозаў, не трапіў у фотааб'ектыў, а мо струсіў? Калі баяўся купацца, дык няхай бы Марыне Сліж дапамагаў ручнік трымаць.

Сяргей ЗЯНЬКО

(20.01.2010 09:17)

Галоўны спартсмен-баязлівец Сяргей Зянько і яшчэ адзін спартсмен-баязлівец Святлана Цішко, трымаючы ў руках фотаапараты, дапамагалі Вам, паважаны Дзьмухавец, убачыць усе гэтыя Вадохрышчыцкія цуды ў выкананні "РГ". Мы хацелі, каб фотарэпартаж атрымаўся поўным і цікавым, таму ў нас нават не было часу дапамагчы Марыне Сліж трымаць ручнік. А каб Вы сапраўды не лічылі нас баязліўцамі, праз год памяняемся месцамі з Аляксандрам Манцэвічам і Наталляй Харытонавай.

Любовь

(20.01.2010 09:33)

Супер репортаж! Повезло Молодечно и региону с газетой и журналистами! C праздником!

Вяргіня

(20.01.2010 11:36)

Вельмі смешны дзядзька, што на перадапошнім фотаздымку. Выгляд твару такі, быцца бы рака ў трусы злавіў.

Зачараваная

(20.01.2010 12:57)

Малайчына, Наталля! Вось дык прыклад для нас, жанчын! Зайздрошчу, сама бы так не змагла. Але жаданне з'явілася. Мабыць, да наступнага года буду рыхтавацца.

Хведзя

(20.01.2010 13:23)

Смешачкі Вяргіні! А як таму дзядзьку?!!

Рыбны чалавек

(20.01.2010 13:26)

А раку?

Аляксандр Манцэвіч Сяргею Зянько

(20.01.2010 14:40)

Я сваё месца не саступлю:)

Святлана Цішко

(20.01.2010 16:17)

Сяргей Зянько пісаў: "Галоўны спартсмен-баязлівец Сяргей Зянько і яшчэ адзін спартсмен-баязлівец Святлана Цішко, трымаючы ў руках фотаапараты, дапамагалі Вам, паважаны Дзьмухавец, убачыць усе гэтыя Вадохрышчыцкія цуды. А каб Вы не лічылі нас баязліўцамі, праз год памяняемся месцамі з Аляксандрам Манцэвічам і Наталляй Харытонавай". Эй-эй! Я пад гэтым не падпісваюся: я холаду ўвогуле і халоднай вады ў прыватнасці не люблю.

Дзьмухавец

(20.01.2010 16:39)

Чаго гэта Сяргей Зянько так пакрыўдзіўся. І "паважаны дзьмухавец", "і я хацеў, каб Вы ўбачылі Вадохрышцкія цуды". Напісаў бы: "Мяне, спартсмена, не было. У футбол гуляў". А то атрымалася, як у тым анекдоце: "Пива н-е-е-т!!!" Я заўсёды думаў, што ён чалавек з гумарам. Мусіць, уся прычына ў тым, што не пакупаўся...

Сяргей Зянько

(21.01.2010 09:00)

Для Аляксандра Манцэвіча: калі месца не саступіце, бултыхнёмся разам. :-) А калі Святлана Цішко не падпісваецца, няхай фатаграфуе адна! :-( Для Дзьмухаўца: працягвайце лічыць, што Зянько -- чалавек з гумарам. Ніколі не думаў, што ў слове "паважаны" можна ўгледзець нейкую крыўду. А тое, што я хацеў, каб чытачы ўбачылі як мага больш цікавых якасных фатаграфій, дык гэта сапраўды так. І нарэшце: футбол і піва -- канешне, здорава, але ў той дзень была іншая задача. І зусім нарэшце: вялікі дзякуй, паважаны (тым не менш) Дзьмухавец за ўвагу да маёй сціплай персоны! ;-)

Дзьмухавец

(21.01.2010 12:10)

У жыцці, паважаны Сяргей Зяноко, усё нашмат прасцей. Я думаў, вы падхопіце мой жарт. А выйшлі нейкія разборкі. Хаця, нічога дзіўнага. Вы ж яшчэ і крымінальны журналіст.

Ілля Заранок

(22.01.2010 14:37)

Смелыя вы людзі, калі на такі скокі ў сцюдзёную ваду здольныя ))) Зычу рэдакцыі быць здаровенькімі і не прастужвацца!

mikola

(22.01.2010 16:13)

Падабаюцца мне фірмы і кампаніі, дзе час могуць вабіць працаўнікі разам як у адноў вялікай сям'і. Я толькі за! А за бультыханне ў халодную ваду - вялікая павага, бо сам не адважуся. :)

Дзядзька Міхась

(22.01.2010 16:56)

"Рэгіянальная газета" здзівіла яшчэ раз. Гэта ж трэба, такая сцюжа, а яны сабе купаюцца. Цяпла вам. І здольнасці выплываць. У любое надвор'е, пры любых абставінах.

Жужа

(22.01.2010 17:01)

Купіла газету. Паглядзела, як "РГ" купаецца, здароў'я набіраецца. Ну, што сказаць. Клёва! Вось, зазірнула яшчэ і на сайт. Тут больш фотаздымкаў. Плюс да ўсяго -- каляровыя. Здаецца, газета мне стала яшчэ бліжэйшай!

аляксей

(23.01.2010 14:29)

mikola (22.01.2010 16:13) Падабаюцца мне фірмы і кампаніі, дзе час могуць вабіць працаўнікі разам як у адноў вялікай сям'і. Я толькі за! А за бультыханне ў халодную ваду - вялікая павага, бо сам не адважуся. :) сам збирауся, але прастуда падвяла, так выйшла. самае галоунае у дадзеным выпадку личу - пазитыуная энэргасувязь

Nataly

(23.01.2010 18:30)

Классный репортаж! Но что это за самолюбование? Вы же представители прессы. Собрались в тихоря, вот мол мы такие хорошие. Неужели у вас не хватило места на сайте объявить о таком мероприятии заранее. Многие наверное бы согласились присоединиться. Газета должна объединять людей в любых стоящих мероприятиях.

Аляксандр Манцэвіч для Nataly

(25.01.2010 13:19)

Не бачу, шаноўная Наталі, тут ні каліўца самалюбавання. Гэта наша акцыя. І не ўціхую, а са справаздачай:) Што 19-га Вадохрышча -- не сакрэт. І сотні людзей па нашым рэгіёне купаліся. У Радашкавічах, на Ашмянцы, на Нарачы, Свірскім возеры... Адзін знаёмы разам з сынам прастаяў у чарзе (!) да палонкі на Віліі ў раёне Даманова каля 40 хвілін. Столькі ахвотных было. Так што хто хацеў, той сабе свята зрабіў. Мы ж папрасілі нашага чытача Леаніда Шулца, каб ён дапамог з арганізацыяй акцыі. Прыватная тэрыторыя, невялічкая лазня. Па іншаму там зрабіць не выпадала. За ўвагу да газеты дзякуй. Наступная наша акцыя -- вывешванне кармушак для птушак. Далучайцеся, Вывешвайце і паведамляйце пра зробленае праз наш сайт. Мы сапраўды стараемся людзей аб'яднаць. Дзякуй за ўвагу да газеты.

Вяргіня

(25.01.2010 13:53)

"Классный репортаж! Но что это за самолюбование? Вы же представители прессы. Собрались в тихоря, вот мол мы такие хорошие", -- піша ў сваім каментары да матэрыялу Nataly. А калі б "РГ" напісала, што такую акцыю правялі супрацоўнікі, напрыклад, службы занятасці. Гэтага самалюбавання вы б тады не заўважылі?

Мне здаецца, што карэспандэнты вельмі шмат пішуць пра розных людзей. Іх поспехі, перамогі, хобі. І вельмі рэдка пра сябе. Здарылася нагода -- расказалі. Дарэчы, на апошняй старонцы ёсць фотаздымак, дзе яны паказваюць і іншых "маржоў". А з другога боку: напісалі б пра акцыю на сайце. Вы б паехалі разам з імі купацца? Наўрад ці. Гэта не кармушкі вешаць. Хаця, перш чым іх павесіць на сук, таксама трэба зрабіць.

Дзядзька Міхась

(26.01.2010 11:56)

Газету абвінавачваюць у "самалюбаванні". Якое ж тут самалюбаванне. Як уяўлю, як яны там купаліся, ажно зубы зводзіць. А з другога боку! Закліч людзей прыняць удзел у акцыі. Гэта ж трэба палонку на кіламетар высякаць. Ды яшчэ чай які арганізоўваць. Месца, дзе можна распрануцца. А раптам пасля гэтага купання яшчэ хто захварэе? Ды пачне рэдакцыі прэтэнзіі прад'яўляць.

серж

(29.01.2010 21:08)

Как там здоровье у Игоря Петровича, а то мало ему лета-осени-весны.

Паслаць камэнтар

Captcha
Яшчэ з гэтай рубрыкі

Вынік - гэта лічбы на табло
Дзякуй за навіны! Але чаму няма інфармацыі аб складзе ў якім трэніруецца і іграе наша каманда?

Сектар спорту - Маладзечна, 9.03.2010.1

Дапаможам дзіцячай бальніцы
дело то святое, только почему у властей на больницу денег нашлось. налоги же мы платим, а денег нет......

Грамадства - Маладзечна, 5.03.2010.2

Космач у Пінску, Корсак пакуль нідзе
Прывітанне, Дзьмухавец! Нешта даўно вас не было чуваць. Зянько нават засумаваў.(:-( Прымаюцца ўсе Вашыя...

Сектар спорту - Маладзечна, 23.02.2010.8

Памёр

Анатоль Рогач


Такія людзі не паміраюць. Яны застаюцца. У справах сваіх, у памяці людской. Анатоля Валянцінавіча будзе не...

Грамадства - Вілейка, 3.03.2010.4

Галасаванне

Якая праблема вас сёння хвалюе?

Разбітыя дарогі
Дрэннае здароўе
Недахоп грошай
Забаранілі на вуліцах піць піва
Вынікі|Усе галасаванні

АРХІЎ

Kурсы валют

EUR 4010.8

USD 2945

RUB 98.99

Гараскоп

Гараскоп на 8-14 сакавіка 2010 г.

Вось што падказалі Марыі УРБАНОВІЧ зоркі  на гэты тыдзень.

Усе знакі задыяка