Вяселле ў Качанках
Вілейка, Aўтар: Марына Сліж, 7.02.2010. 08:28
1957 год. Людміла Крот з вёскі Качанкі і Яўген Скабей з Крывога Сяла спраўляюць вяселле. Побач з імі родныя, сваякі і сябры.
Вяселле ў іх доўжылася тры дні. Адразу гулялі ў нявесты ў Качанках, пасля пераехалі да жаніха ў Крывое Сяло. Гасцей і радні было шмат. Музыканты выдатныя. А настрой у людзей – вясёлы.
Адчуваецца гэта і па фотаздымку. Аўра ў яго добрая, як цяпер модна гаварыць, ці што. Глядзіш – і настрой сам па сабе падымаецца. “Прафесійных фатографаў тады практычна не было, – успамінае Людміла Паўлаўна. – У большасці выпадкаў людзі карысталіся паслугамі аматараў. Вось і наша вяселле нейкі дзядок здымаў. Мы нават слаба верылі, што фотакарткі атрымаюцца”.
На гэтым фотаздымку нявеста ўсміхаецца. Жаніх – наадварот: задумлівы, сур’ёзны. “Раней казалі: як ідзеш замуж, нельга смяяцца. А то людзі чаго добрага падумаюць, быццам бы дзяўчына радуецца таму, што хлопец у жонкі ўзяў, – успамінае жанчына. – А я такая рагатуха ў маладосці была. Вось і закусвала ніжнюю губу, каб не смяяцца. Таму на большасці вясельных фотаздымкаў сяджу са скрыўленымі вуснамі”.
Свайго будучага мужа, Яўгена, Людміла ведала змалку. Яна родам з Качанкоў, ён – з Крывога Сяла. А паміж вёскамі – паўтара кіламетра дарогі. Плюс да ўсяго, бабуля дзяўчыны жыла амаль што побач з бацькамі яе будучага мужа. Малой, яна бегала да яе ў госці лічы кожны дзень. Бывала, што гасцявала там тыднямі, месяцамі. Пасля вайны людзі цяжка жылі, голадна. А ў бабулі была вельмі добрая карова, якая давала багата малака. З яго рабілі сыр, масла. Заўсёды былі на стале і смятана, тварог. Акрамя таго, у Крывым Сяле працавала школа. Дзяцей вучылі ў чатырох хатах. Пасля вайны ўсе яны пайшлі ў першы клас. І тыя, каму было сем гадоў, і тыя, каму 10.
“Муж мой вельмі хораша спяваў, – успамінае Людміла Скабей. – У вёсцы, дзе ён жыў, усе былі ўпэўненыя, што Жэня абавязкова стане артыстам. Але ў хлопца хварэла маці, і ён не адважыўся нікуды ехаць. Бывала, выйдуць з сябрамі на вуліцу вечарам альбо ў якое свята ды як запяюць! Што б ні рабіла Людміла дома, чым бы ні займалася, абавязкова пачуе і пазнае яго голас здалёк. Падбяжыць да акна, расчыніць і слухае свайго каханага.
На гэтым фотаздымку Людміла ў цэнтры. У белай сукенцы, вэлюме. Жаніх сядзіць злева ад яе. А справа – родны брат Уладзімір. Побач з імі ў квяцістай сукенцы – бабуля, у якой дзяўчына правяла дзяцінства. А спераду ў маладых прыселі музыкі. Цымбаліст, скрыпач і баяніст хлопцы мясцовыя, з Крывога Сяла. Побач з імі – дзяўчынка. На выгляд ёй гады 3-4. Цікава, што глядзіць яна не на фатографа, не на маладых, а кудысьці ўбок. Ды так уважліва, што нават крышку нахілілася ўперад.
На фотаздымку пераважна моладзь і блізкая радня. Усе святочна апранутыя, многія ўсміхаюцца. Заўважыла, што ва ўсіх дзяўчат доўгія валасы, а ў хлопцаў – пышныя чубы. Напэўна, такія прычоскі былі тады ў модзе. Як і капелюшы, у якім адзін мужчына нават сфатаграфаваўся.
Марына СЛІЖ.

RSS
Паслаць камэнтар