Ігар Крук ляціць у Турцыю
Маладзечна, Aўтар: Сяргей ЗЯНЬКО, 7.02.2010. 08:36
Суддзя нацыянальнай катэгорыі маладзечанец Ігар Крук – адзіны арбітр у рэгіёне, які мае права судзіць гульні вышэйшага дывізіёна чэмпіянату краіны па футболе.
У інтэрв’ю “РГ” 2 лютага Ігар расказаў: дзе менавіта ў Турцыі пройдуць зборы, пакуль невядома. Плануецца, што на падрыхтоўку да футбольнага сезона-2010 адправіцца каля 50 рэферы. Сярод іх – суддзі, якія ўжо цяпер абслугоўваюць матчы вышэйшай лігі, і перспектыўныя арбітры, якія судзяць першую лігу, але па сваёй кваліфікацыі гатовыя да абслугоўвання вышэйшага дывізіёна.
Праграма збораў, па словах Ігара Крука, уключае ў сябе фізічную падрыхтоўку, тэарэтычныя заняткі па правілах футбола, прагляд відэаролікаў. Не будзе ў беларускіх суддзяў недахопу і ў практыцы.
Цяпер, у міжсезонне, Турцыя – вельмі прывабная краіна для падрыхтоўкі сезона-2010 футбольных калектываў розных краін. Тут праводзяць свае зборы каманды расійскай прэм’ер-лігі, украінскія клубы і нашы, беларускія, таксама. Пасудзіць спарынгавыя матчы ў арбітраў магчымасць будзе.
Зборы суддзяў у Турцыі прадоўжацца каля двух тыдняў. На радзіму рэферы вернуцца ў дваццатых чыслах лютага.
Сяргей ЗЯНЬКО.

RSS
Паслаць камэнтар