Па адукацыі Сяргей Гулянкоў юрыст, займаецца арганізацыяй сельскага турызму. Фатограф здымае тое наваколле флоры і фауны сямейнай сядзібы, якое прыцягвае ўвагу. Як кажа, фатаграфія для яго – гэта проста спадарожнае захапленне. Але ён сваім хобі збіраецца заняцца больш прафесійна.
– Цяпер яшчэ толькі першыя крокі, – кажа Сяргей. – А ўвогуле фатаграфаваць я пачаў яшчэ ў школе. Быў такі чорна-белы фотаапарат “Змена-8”. У тыя часы і набыў вопыт.
На выставе каля пяцідзесяці здымкаў і кожны з іх прыцягвае да сябе ўвагу не толькі яркім колерам. Адна з фатаграфій мае надпіс “Вясёлка ў студзені”. Ну, якая можа быць вясёлка зімою? Але калі лепш прыгледзішся, то ўбачыш недзе ўдалечыні, аж пад самым гарызонтам, прыгожую рознакаляровую стужку. Як кажа Сяргей, неяк у адзін год зіма была цёплая і доўга не было снегу. А калі на азімыя выпаў першы беленькі рыхлы сняжок, то на небе з’явілася ледзь бачная вясёлка.
Каля зімовай вясёлкі вісіць здымак, на якім заходзіць сонца. Прыгожае блакітнае неба, якое заканчваецца на гарызонце ружовым колерам. Напэўна, некалькі хвілін таму па ім праляцеў самалёт, таму што бачныя белыя лініі, якія раздзяляюць нябёсы на кавалачкі.
А вожык! Калючы кругленькі шарык з маленечкім носікам. Паўзе сабе па траве, шукаючы ежу сваім дзеткам. Побач – жабка. Расселася, быццам бы царыца, і паглядае на ўсіх сваімі вялізнымі чорнымі вачыма. Не пакіне раўнадушным і здымак мышак. Гэтым пяці камячкам усяго два дні. Малыя, бяскрыўдныя, ляжаць усе разам у сваім гняздзе, грэюцца адзін аб аднаго. Глядзіш на іх і думаеш: ну як такое цуда можа пагрызці бурак ці з’есці жыта? А мядзянка, што скруцілася ў пытальны знак. Мо, і яна не ведае адказу на жыццёвыя пытанні…
Ёсць і здымкі ракі Уша, што працякае ў Смалявіцкім раёне. Гэта цёзка нашай маладзечанскай рэчкі. Смалявіцкая Уша паказаная ў розныя поры года. І ў кожную яна выглядае вельмі прыгожай.
У бібліятэцы прадстаўленыя тыя прырода і жывёльны свет, якіх не ўбачыш у паўсядзённым жыцці. Як кажа Сяргей Гулянкоў, выбраныя тыя фатаграфіі, якія будуць цікавыя дзецям.
Самога ж фатографа цікавяць не толькі прырода і жывёлы. Яго аб’ектамі інтарэсу могуць быць і твары старых людзей, суседзяў па вёсцы. Як кажа Сяргей, свае здымкі ён не падлічваў. Вялікая колькасць у яго знаходзіцца ў электронным варыянце. Шмат фатаграфій дарыў і перасылаў пераважна ў навучальныя ўстановы.
Любіць фатаграфію і дачка Сяргея Гулянкова Насця. Займацца гэтай справай пачала гады чатыры таму. Спачатку здымкі рабіла на тэлефон з фотакамерай, а пасля на фотаапарат. Але яна звязваць сваё жыццё з прафесіяй фатографа не збіраецца. Пасля школы Насця хоча займацца турызмам.