І вось я ў Бараўлянах. Званю дырэктару школы Уладзіміру Маркіну і прашу прыслаць кагосьці , каб я змог перадаць літаратуру пра Нарач і навакольныя азёры, пра базы партызан брыгады імя Варашылава, адноўленыя зямлянкі, у адной з якіх знаходзіўся Вілейскі падпольны абкам камсамола, сакратаром якога ў той час з’яўляўся Пётр Машэраў. Лічыў, што прыбудзе адна асоба, аднак памыліўся. Аж пяць іх было – вучні з педагогам-арганізатарам Наталляй Навакас. Гучалі віншаванні з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Днём Перамогі. Прыемна было чуць пажаданні здароўя, добрага настрою, актыўнага ўдзелу ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Прагучалі песні. Атрымаў сувеніры.
Бараўлянскія настаўнікі і вучні цікавіліся маім франтавым жыццём, працай у пасляваенны перыяд, атрыманымі ўзнагародамі. Расказаў, што стварыў слайд-фільмы “Падзеі Айчыннай вайны на Мядзельшчыне”, “Нарач – маляўнічае возера Беларусі, праслаўленае ў легендах, песнях, мастацкіх творах” і што выступаў не раз перад вучнямі ўсіх школ Мядзельскага раёна. Даў слова, што ў наступны раз, калі наведаю шпіталь, абавязкова прывязу слайды і прадэманструю ў Бараўлянскай СШ. Раіў, каб у час летніх канікулаў вучні і настаўнікі з Бараўлянаў зрабілі экскурсію ў наш нарачанскі край, багаты гістарычнымі падзеямі, маляўнічасцю азёр, бароў, працавітымі людзьмі.
Даведаўся, што самадзейныя артысты гэтай школы часта выступаюць на сцэне шпіталя з канцэртамі і тым самым уздымаюць настрой ветэранам, радуюць нашы сэрцы, пераконваюць, што ў час вайны мы вялі барацьбу з ворагам, каб маладое пакаленне не ведала жахаў яе і сёння і ўсё рабіла для ўмацавання міру на зямлі.

Міхась ЧАРНЯЎСКІ,
ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Купа.