Падыходзіць да канца навучальны год. Наперадзе ў выпускнікоў школьныя экзамены, паступленне ў ВНУ і не менш хвалюючая падзея – выпускны баль.

Колькі фантазіі і хваляванняў ідзе на падрыхтоўку да гэтага свята. А чаму б і не, выпускны бывае толькі раз у жыцці! Добра ведаюць пра гэта і ў аддзеле адукацыі. Таму загадзя прадумваюць праграму выпускнога балю, прыдумваюць кожны год штосьці новае. І ўсё дзеля таго, каб хлопцы і дзяўчаты запомнілі свой выпускны на ўсё жыццё.
Аб тым, што чакае сёлетніх выпускнікоў, я пагутарыла з загадчыцай аддзела адукацыі райвыканкама Інай Драпезай.
– Іна Феліксаўна, чым новенькім будзе здзіўляць праграма гэтага года?
– Вядома, мы не хочам раскрываць усіх сакрэтаў. Новенькае абавязкова будзе. Але разам з тым мы будзем прытрымлівацца тых традыцый, што ўжо склаліся. Гэта шэсце выпускнікоў, мерапрыемствы каля Палаца культуры. Таксама не забудземся пра 65-годдзе вызвалення Беларусі: абавязкова будзе ўскладанне кветак да помнікаў загінуўшым воінам. І спадзяёмся, што ў нас усё атрымаецца з салютам. Пасля выпускны прадоўжыцца ва ўстановах адукацыі.
– “Зорныя” госці нашага горада таксама захоўваюцца ў сакрэце…
– Пра іх я вам таксама нічога не буду казаць. Магу толькі паведаміць, што “зорка” будзе не адна. Запросім некалькі беларускіх выканаўцаў, а выступаць яны будуць на працягу гадзіны.
– На тым жа тыдні, што і выпускны баль, у горадзе плануюць правесці фестываль песні і паэзіі “Маладзечна-2009”. Ці не будуць гэтыя падзеі замінаць адна адной?
– Фестываль будзе праходзіць прыкладна 12-13 чэрвеня. На суботу, 12 чэрвеня, мы б планавалі і выпускны. А так вырашылі яго перанесці на два дні раней – 10-га. Да гэтага часу ў школах ужо будуць праведзеныя экзамены, і мы паспеем выпісаць атэстаты. Усё гэта было прадугледжана. Таму выпускнікі паспеюць пабываць і на фестывалі. А ўжо 15 чэрвеня ў іх пачнецца цэнтралізаванае тэставанне.
– Ці не створыць нязручнасці тое, што сёлета выпускнікоў будзе больш, чым раней?
– Іх будзе не так ужо і шмат, у параўнанні з папярэднімі гадамі. Таму праблем з-за гэтага няма. Калі не ўлічыць вячэрнюю школу, то выпускнікоў будзе больш прыкладна на 120 чалавек. Летась быў 1071 выпускнік, цяпер жа – каля 1200.
– Ведаю па ўласным вопыце, што як выпускнікоў, так і настаўнікаў, бацькоў, калі яны знаходзяцца каля Палаца культуры пад адкрытым небам, заўсёды хвалюе пытанне: што будзе, калі пойдзе дождж? Ці не прадугледжана што-небудзь на такі выпадак?
– Ведаеце, запасны варыянт не прадугледжваецца. Зразумела, што ў нас няма і павільёна, каб пасадзіць гледачоў. Таму, як і раней, калі нам не пашанцуе і пойдзе дождж, будзем хавацца пад парасонамі.
– Чула, што сёлета перад палацам не выставяць лавак, а будзе арганізаваная вялікая танцпадлога. Гэта праўда?
– Рашэнне яшчэ не канчатковае. Калі мы будзем дакладна ведаць, колькі прыйдзе выпускнікоў, як будзе стаяць сцэна, тады ўсё і вырашым. Але я лічу, што лаўкі ўсё ж трэба ставіць – для тых, хто захоча прысесці.
– Якія будуць вашы пажаданні выпускнікам 2009 года?
– Я жадаю, каб у іх усё атрымалася. І каб усе юнакі і дзяўчаты сталі студэнтамі альбо навучэнцамі тых устаноў, якія для сябе выбралі.
Аляксандра ПАРАХНЯ,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.