2 чэрвеня, як паведамляе БелаПАН, старшыня Камітэта дзяржкантролю Зянон Ломаць агучыў Аляксандру Лукашэнку прапанову разгледзець пытанне замацавання за дзяржавай выключнага права на імпарт піва (увядзенне інстытута спецімпарцёра) ў краіну.

Сяргей Балыкин

Сяргей Балыкін.

На думку Сяргея Балыкіна, у такой сітуацыі адназначна будуць ушчэмленыя інтарэсы спажыўцоў. Гэта прывядзе да росту цэн, зніжэння якасці, меншага асартыменту, у тым ліку і беларускага тавару.

Сёння і так прымаюцца меры да абмежавання канкурэнцыі на піўным рынку. І калі яшчэ ў Мінску выбар піва дастатковы, то ў невялікіх гарадах мясцовыя ўлады прымаюць меры, каб прадавалася прадукцыя перш за ўсё мясцовых вытворцаў. Не заўсёды высакаякасная і дастаткова дарагая.

Давайце паглядзім, як дзяржава паводзіла сябе на іншых рынках, дапусцім рыбным. Таксама пад рознымі зручнымі прычынамі, – кажа эксперт, – каб павялічыць пастаўкі рыбы на беларускі рынак, уводзілася фактычна дзяржаўная манаполія, выціскаліся іншыя пастаўшчыкі. А атрымалася што? Цэны ў нас на рыбу вышэй, чым у суседзяў, напрыклад у Літве, а выбар меншы, істотна меншы. Дастаткова пераехаць дзяржаўную мяжу і пераканацца ў гэтым. Тое самае і з півам. Можна параўнаць якасць беларускага піва і якасць літоўскага піва.

Дзяржава зацікаўленая тут выключна сваімі фіскальнымі інтарэсамі. Зразумела, што ў краіне цяпер цяжкасці, грошай не хапае. Але для таго, каб напоўніць казну, трэба было б стымуляваць, ствараць новыя рабочыя месцы і новых падаткаплацельшчыкаў. А дзяржава замест гэтага просіць проста падмяць пад сябе вельмі добры, вельмі прыцягальны рынак, на якім высокія даходы і стабільны попыт.

Але чаму ад гэтага прайграе беларускі вытворца? Сяргей Балыкін кажа, што калі будзе зменшаная канкурэнцыя на ўнутраным рынку, ён будзе паступова траціць навыкі канкурэнтнай барацьбы. Будзе імкнуцца прадаваць даражэй, не будзе так сачыць за якасцю. Ды ў рэшце рэшт рынак прыйдзецца адчыніць, бо глабалізацыя – аб’ектыўная тэндэнцыя, колькі б мы ні зачыняліся. І пасля таго, як рынак будзе адчынены, беларускі вытворца, які страціў навыкі канкурэнтнай барацьбы, акажацца зрынутым. Ён не вытрымае канкурэнцыі, развучыўшыся працаваць.

Чаму гэтыя меры прывядуць да павелічэння долі шэрага рынку? Усялякія забараняльныя меры, на думку эксперта, усялякія спробы абмежаваць легальна імпарт ва ўмовах таго, што мяжа з Расіяй фактычна адсутнічае, прывядзе да таго, што будуць квітнець кантрабанда і шэры імпарт. І доля гэтага шэрага імпарту будзе большая. Калі дзяржава дэкларуе скарачэнне гэтага шэрага рынку, то яна атрымае прама супрацьлеглы вынік. Ёсць падставы засумнявацца, што гэтыя мэты плануецца дасягнуць. Усё зводзіцца да таго, што дзяржава плануе глыбей залезці ў кішэню беларускага грамадзяніна. Грошай няма, і прасцей за ўсё іх узяць там, дзе яны ёсць, – у чужой кішэні.

Мікола ГАЙДУК.