Беларускі стыль вышыўкі своеасаблівы і непаўторны, але на працягу доўгага часу ён быў закінуты ды занядбаны. І адраджае яго Зоя – маладая, разумная і прыгожая жанчына. Маці траіх дзетак.

Усе мы родам з дзяцінства – не ва ўсіх яно шчаслівае… Зоя Войтка засталася сіратой у тры гады, трапіла ў Лідскі дзіцячы дом, потым выхоўвалася ў доме-інтэрнаце горада Смаргонь. Менавіта тут, на уроках працы Марыі Радзішэўскай, адбылося знаёмства дзесяцігадовай дзяўчынкі з вышыўкай крыжыкам. Дзеці звычайна хутка “загараюцца”, захопленыя новым хобі, новымі ўражаннямі, але не ва ўсіх хапае цярпення ды ўпартасці давесці справу да канца… Зоіна знаёмства з пяльцамі, ніткамі ды ільняным палатном перарасло ў сапраўднае, трывалае сяброўства – на ўсё жыццё. Дзяўчынка падчас вышывала начамі, угаворваючы нянечку не перашкаджаць, не тушыць святло…

Так усё пачыналася – таленавіта, упарта, рашуча, але здарыўся перыяд пасля сканчэння школы, калі Зоя зусім адышла ад рукадзелля. На доўгіх тры гады… Вярнулася. Паспрыяла гэтаму і просьба былой настаўніцы, чалавека, які падтрымліваў у жыцці духоўна, – Марыі Радзішэўскай – працягваць яе традыцыі і … традыцыі беларускай народнай вышыўкі.

Беларускі стыль адрозніваецца ад украінскага больш сціплай палітрай колеру (у асноўным прысутнічаюць чырвоны і чорны, радзей – блакітны, зялёны), ад рускага – памерам крыжыка-сцяжка. Чырвоным па белым, чорным па белым нашы продкі выказвалі радасць, свята, святло або тугу, якая не абыходзіла беларускія землі. Чырвоны – колер жыцця. Чорны – зямлі, пакутаў, гора..

Вышыўка, у першую чаргу ручнікі, сталі для Зоі і працай, і захапленнем, і падпрацоўкай: яна вучыць рукадзеллю дзяцей са школы-інтэрната, дзе выхоўвалася сама, працуе ў мясцовым Доме рамёстваў, выконвае прыватныя замовы для аматараў беларускіх традыцый (можа зрабіць восем відаў традыцыйных вясельных ручнікоў). За месяц яна можа стварыць два ручнікі, праўда, хуткасць працы залежыць ад складанасці ўзору.

Працягваюць маміны традыцыі дочкі Алена і Вікторыя, часам далучаецца сын Віктар, але Зоя лічыць, што для хлопчыка лепш займацца спортам, чымсьці сядзець з пяльцамі… Час расставіць усё на свае месцы, але ўжо цяпер і родным дзецям, і дзецям з дома-інтэрната яна даказала: тое, што ты можаш зрабіць сваімі рукамі таленавіта і прыгожа, можа падтрымаць у жыцці, даць працу і заробак.

Яна вышывае сваю дарогу – боль і радасць, тугу і святло – чырвона-чорным крыжыкам, дадаючы падчас іншыя колеры-фарбы. Левай рукой… Так бліжэй да сэрца!..

Дар’я ЛІС.

Паводле regionby.org

Даведка “РГ”.

Зоя Войтка. Нарадзілася ў 1974 г. Майстар-метадыст Майстар народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шматлікія дыпломы і граматы. Грамата за ўдзел у VI абласным фестывалі мастацкай творчасці выхаванцаў інтэрнатных устаноў “Сонечны харавод”. Прызёр свята-конкурса вышыўкі і карунка-пляцення “Чароўная нітка” на Славянскім базары ў Віцебску-2008. Намінацыя “Адраджэнне беларускага ручніка”.