Калоны выпускнікоў збіраліся ў сем гадзін вечара, каб пасля з розных частак горада прыйсці ў парк Перамогі і ўскласці кветкі да помніка воінам-вызваліцелям. У дзевяць гадзін усе маладзечанскія выпускнікі сабраліся на Цэнтральнай плошчы на канцэрт, а бліжэй да поўначы разышліся па сваіх школах.

Насця Барэйка і Лена Дзям’янава з гімназіі-каледжа, Юля Шаблоўская з СШ №11 і Каця Шыбко з гімназіі №7 – сёлетнія выпускнікі, якія супрацоўнічалі з нашым выданнем у моладзевай рэдакцыі “Форум”. Настрой у дзяўчат быў цудоўны. Мы пагутарылі з імі напачатку свята

“А які настрой яшчэ павінны быць, калі ты – выпускнік?! – сказала ў інтэрв’ю “РГ” Юля Шаблоўская. – Плакалі мы на апошнім званку. А сёння будзем весяліцца”.

А вось Насці Барэйка развітвацца са школай сумна. “Толькі крышачку сумна, – кажа Насця. – А ўвогуле настрой выдатны”.

Каця Шыбко рада, што скончыла школу: “Хочацца нечага новага. Новых адчуванняў, новых знаёмстваў, новых падзей. Хочацца ўступіць у дарослае жыццё і прымаць самастойныя рашэнні”.

“Усё вельмі здорава! – не хавае эмоцыяў Лена Дзям’янава. – Мы чакаем казкі і чараўніцтва. Мы будзем весяліцца, таму што гэта свята маладосці і прыгажосці. Чакаем сюрпрызаў, якія нам падорыць горад”.

Горад падарыў часова вызваленую ад машын частку Вялікага Гасцінца, канцэрт на Цэнтральнай плошчы і святочны салют. Каля 23 гадзін, калі ў горадзе гучалі выбухі салюта, мы дазваніліся да Алены Дзям’янавай. З месца падзей яна расказала “РГ”: “Мы ў прыемным шоку ад салюта! На сцэне зал “запальвала” спявачка Гюнэс. Мой аднакласнік танцаваў з ёй на сцэне! Ціснуць новыя туфлі, але гэта – не перашкода! Чакаем працягу банкета!”

Сяргей ЗЯНЬКО. Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Фотарэпартаж з вечара выпускнікоў у Маладзечне ТУТ.