У дзесяты раз маладзечанская зямля прымала ўдзельнікаў і гасцей Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2009”. Ён прайшоў у суботу, 13 чэрвеня. Гран-пры фестывалю атрымаў маладзечанец Аляксандр Салаўёў.
Асноўная дзея сёлетняга фестывалю пачалася а дванаццатай гадзіне ў Палацы культыры, дзе распачынаўся рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні (глядзі таксама ФОТАРЭПАРТАЖ). Кампетэнтнаму журы пад кіраўцтвам Эдурда Зарыцкага трэба было выбраць лепшы эстрадны голас нашай краіны з дваццаці аднаго, а сярод канкурсантаў былі прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі.

Конкурс праходзіў у два этапы. У першым маладыя выканаўцы павінны былі спець песню пад так званую фанаграму “мінус адзін”. А падчас другой часткі, бясспрэчна больш жывой і цікавай, -выканаць кампазіцыю ў суправаджэнні нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

На заключны этап у Маладзечна трапілі сапраўды лепшыя выканаўцы. І жыхары нашага горада могуць ганарыцца канкурсантам ад Маладзечна Аляксандрам Салаўёвым, які прадстаўляў на конкурсе Мінскую вобласць і атрымаў Гран-пры конкурсу і адначасова прыз глядацкіх сімпатый.

Астатнія месцы і прызы былі размеркаваныя наступным чынам: першае і другое месцы занялі ўраджэнцы Магілёўшчыны Ульяна Шэлах і Маргарыта Халатава, трэцім стаў Дзяніс Вяршэнка, а спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна атрымаў Глеб Лапіцкі з Віцебскай вобласці.

Усе прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, якія працавалі падчас фестывалю, мелі добрую магчымасць яшчэ раз упэўніцца ў справядлівасці рашэння журы на прэс-канферэнцыі з арганізатарамі, што праходзіла амаль адразу пасля завяршэння конурсу: па шматлікіх просьбах журналістаў Аляксандр Салаўёў выканаў фрагмент адной са сваіх конкурсных кампазіцый акапэльна, чым адразу заваяваў сімпатыю прадстаўнікоў СМІ.

Фотарэпартаж ТУТ.

Дзмітрый ПЯТРОЎСКІ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Поўны варыянт публікацыі чытайце ў нумары “Рэгіянальнай газеты” ад 19 чэрвеня.

Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.