Перамога сталася нечаканасцю для 26-гадовага Дзяніса Пацэвіча, саліста народнай эстраднай студыі “Міраж” Смаргонскага раённага Дома культуры:
– Конкурс ёсць конкурс – ніколі нельга быць на 100 працэнтаў упэўненым. Хоць адчуваў сябе на сцэне даволі камфортна: на мінулым конкурсе “Адна зямля” у сваёй катэгорыі я заняў трэцяе месца.

– Як праходзіла падрыхтоўка да фестывалю?

– Галоўнае – падабраць песні, згодна з палажэннем конкурсу і пад пад свой голас. Па ўмовах фестывалю, адна з песень павінна належаць беларускім аўтарам або быць напісаная на беларускай мове. Я выкарыстаў для гэтага песню Пятра Ялфімава “Белыя росы”. У другі нумар увайшла песня з рэпертуара Філіпа Кіркорава “Это лето”. Люблю папулярную музыку, запальную, таму што сам малады. Вельмі важна таксама, каб песні адпявядалі голасу. Рыхтаваўся ж да конкурсу каля месяца.

– Каго вы лічылі галоўным сапернікам?

– Васіля Каспяровіча, ён выступаў ад Ашмянскага раёна. Я думаў, што менавіта ён атрымае Гран-пры.

– Кім вы сябе бачыце праз дзесятак гадоў?

– Я даўно хачу звязаць жыццё з музыкай, але пакуль ёсць недахоп адукацыі. У гэтым годзе паспрабую гэта выправіць паступленнем. Трэба падымаць свой узровень вакалу.

Падтрымаць Дзяніса прыйшлі сваякі і сябры. І ў першую чаргу, жонка, якая перад узнагароджаннем ужо стаяла з ружамі ля сцэны:
– Мы чакаем папаўненне ў нашай сям’і. Таму для нас гэта перамога ўдвая прыемная.

“Адна зямля” ў сонечнай Смаргоні

У Смаргонь на рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”, сузаснавальнікам якога з’яўляецца “Рэгіянальная газета”, 27 чэрвеня з’ехаліся 40 канкурсантаў з Маладзечанскага, Валожынскага, Вілейскага, Мядзельскага, Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага раёнаў. Канкурсанты спаборнічалі ў чатырох узроставых катэгорыях.

Фестываль праводзіўся ў межах Дня моладзі. На сцэне смаргонскага амфітэатра прайшло праслухоўванне канкурсантаў. Беларускія, рускія і нават французскія песні гучалі ў сонечную чэрвеньскую суботу ў гарадскім парку.

Нягледзячы на першы дзень без дажджу за апошнія два тыдні, гледачы хаваліся пад парасонамі – цяпер іх прымушала да гэтага сонца. Нездарма, напэўна, тры ўдзельнікі фестывалю абралі для конкурсу песню з рэпертуару Ксеніі Сітнік “Сонца над маёй Беларуссю” – яно і пякло ў тры разы мацней, чым трэба было б.

На працягу пяці гадзін канкурсанты спявалі, танцавалі і пераўвасабляліся ў адпаведныя песням вобразы. А ўвечары, калі спёка крыху спала, журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі сферы культуры з Гродна і Мінска, яшчэ раз сабрала ўсіх удзельнікаў разам для абвяшчэння імёнаў пераможцаў і ўручэння падарункаў.

У выніку тры перамогі засталіся за маладзечанцамі: Марыя Ляшчынская заняла першае месца ў катэгорыі 14-17-гадовых выканаўцаў, Таццяна Есмановіч і Кацярына Манюкова ўзялі першае і трэцяе месцы ў групе ўдзельнікаў 18-23 гадоў.

Вераніка Дашына з Астравецкага раёна перамагла ў малодшай катэгорыі 9-13 гадоў, а яе зямляк Павел Букель заняў другое месца ў старэйшай узроставай групе 24-30 гадоў. Дзвюм ўдзельніцам з Ашмянскага раёна дасталіся трэція месцы: Анастасіі Супрановіч – ў малодшай катэгорыі, Аліне Пяткевіч – у групе канкурсантаў 14-17 гадоў. 10-гадовая віляйчанка Аляксандра Корсак павезла на радзіму ўзнагароду за другое месца, як і Ігар Верабей, які прадстаўляў Мядзельскі раён у другой узроставай групе 14-17 гадоў.

Прыз глядацкіх сімпатый ад “Рэгіянальнай газеты” наш карэспандэнт Надзея Станкевіч уручыла навучэнцы народнага аддзялення мінскага каледжа мастацтваў Таццяне Анушэўскай з Валожынскага раёна. Гаспадары фестывалю вызначыліся ў трох намінацыях. Максім Пашук, метадыст смаргонскага раённага Дома культуры, заняў другое месца сярод удзельнікаў 18-23 гадоў. Венеры Буко прысудзілі першае месца ў старэйшай катэгорыі 24-30 гадоў. І, нарэшце, Гран-пры фестывалю атрымаў ураджэнец Смаргоні Дзяніс Пацэвіч.

У наступным годзе фестывальную эстафету пяройме Ашмянскі раён. Таццяна Ражава, начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама, перадала глобус, сімвал фестывалю “Адна зямля”, Галіне Балінскай, начальніку аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама, якая, у сваю чаргу, запрасіла на наступнае, 12-е свята, у Ашмяны.

Вераніка Дашына з Астравецкага раёна перамагла ў малодшай катэгорыі 9-13 гадоў

Марыя Ляшчынская заняла першае месца ў катэгорыі 14-17-гадовых выканаўцаў

Таццяна Есмановіч узяла першае месца ў групе ўдзельнікаў 18-23 гадоў

Венеры Буко са Смаргоні прысудзілі першае месца ў старэйшай катэгорыі 24-30 гадоў

Гран-пры фестывалю атрымаў ураджэнец Смаргоні Дзяніс Пацэвіч

Прыз глядацкіх сімпатый ад “Рэгіянальнай газеты” наш карэспандэнт Надзея Станкевіч уручыла навучэнцы народнага аддзялення мінскага каледжа мастацтваў Таццяне Анушэўскай з Валожынскага раёна

У наступным годзе фестывальную эстафету пяройме Ашмянскі раён. Таццяна Ражава, начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама, перадала глобус, сімвал фестывалю “Адна зямля”, Галіне Балінскай, начальніку аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама