– Такія святы ладзяцца рэгулярна, – кажа загадчыца Дома міласэрнасці, сястра праваслаўнага таварыства Праведнай Святой Сафіі Слуцкай Алена Жылкіна. – Варта паведаміць аднаму – і як па сарафанным радыё ўсё перадаецца іншым. Прыходзяць дзеці з Шутавічаў, Зарудзічаў, з іншых вёсак. Многія – з так званых цяжкіх сем’яў. Кожнаму мы рыхтуем невялікі падарунак і салодкі стол, які нам заўсёды дапамагаюць арганізаваць ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты”, Смаргонскі камбікормавы завод і ГКПУП “Журавінка”.

Свята – гэта не толькі забавы і прысмакі. Падчас іх мы разам разважаем на сур’ёзныя тэмы, шукаем адказы на пытанні аб жыцці, знаёмім дзяцей з запаведзямі, і яны ўжо шмат чаго ведаюць. Гэта вельмі важна, улічваючы асяродак, у якім растуць многія з іх.

Месца, дзе людзям рады

Дом міласэрнасці быў пабудаваны ў 1996 годзе – у работах па яго ўзвядзенні прымалі ўдзел нямецкія арганізацыі, якія доўгі час дапамагалі фінансаваннем. Цяпер дом існуе на ахвяраванні праваслаўнай царквы, з якіх плаціцца заробак работнікам. Іх тут пяцёра – два мужчыны выконваюць абавязкі вартаўнікоў і працу, якую не ў стане зрабіць жанчыны – Марына і Зінаіда, што займаюцца ўборкай, гатаваннем ежы і агародам. Загадвае ўсім Алена Жылкіна, сястра Праваслаўнага таварыства Праведнай Святой Сафіі Слуцкай. Сёстры міласэрнасці аказваюць дапамогу бальніцам, адзінокім, хворым людзям. Дзеля гэтага і быў пабудаваны двухпавярховы дамок, разлічаны на 6-7 чалавек, што прыязджаюць сюды на аздараўленне – фізічнае і духоўнае.

Гэтаму спрыяе наваколле – сасновы лес, цудадзейная крыніца, заліў Віліі для купання ў гарачыя дні; недалёка і Залессе з сядзібай Агінскага. Раней знаходжанне ў Доме міласэрнасці было бясплатным, але фінансавыя цяжкасці ўсё ж вымусілі браць з пастаяльцаў плату за харчаванне. Якое, дарэчы, цалкам натуральнае – няпоўны гектар зямлі дазваляе вырошчваць сваю садавіну, гародніну і пшаніцу. Апошняя ідзе на корм курам.

У Дом міласэрнасці – па здароўе

Па словах Алены Жылкінай, такое аздараўленне карыснае для астматыкаў. Пасля тутэйшага паветра людзі, якія хварэюць на астму, пачуваюць сябе значна лепш.

– Вёску Сукневічы я ведаю з дзяцінства, – распавядае сястра Алена, – нягледзячы, што сама з Мінска. Прыязджала сюды да сваякоў пагасціць. Аднойчы – я тады вучылася ў шостым класе – пайшла гуляць і заблудзіла – у выніку выйшла на капліцу. Тут пасля і з’явіўся наш Дом міласэрнасці.

Калі я прыехала сюды для выбару ўчастка, тут нічога не было, толькі цвіла груша. Яна мяне і падкупіла, нягледзячы на тое, што зямля была лепшая ў іншым баку. Але ж я з зямлёй ніколі не сутыкалася – усё больш глядзела ўверх, а не ўніз. Акрамя таго, ніколі б не падумала, што буду займацца сельскай гаспадаркай.

Месца тут жыватворнае – побач цудадзейная крыніца. Сталыя людзі казалі, што яна вылечвае вочы і ногі. Мы таксама ўсе купаемся ў гэтай вадзе – абсталявалі для гэтага месца масток, сходы, распранальню.

Праца працягваецца і зімой, нягледзячы на тое, што пастаяльцаў у гэты час не бывае. У бліжэйшых вёсках ёсць у дома свае падапечныя – адзінокія людзі, якім трэба схадзіць у краму або дапамагчы па доме. Але наша задача – не толькі ў тым, каб дапамагчы, а вучыць людзей дапамагаць іншым. Многія нашы пастаяльцы па вяртанні дадому пачынаюць дзейнічаць па нашым прыкладзе.

Падарункавая латарэя.

Салодкі стол сабраў больш за дваццаць дзяцей з навакольных вёсак.

Святлана СТАНКЕВІЧ.

Фота Андрэя РОГАЧА.