У гарадскім парку Смаргоні 1 верасня завяршылася ўзвядзенне помніка беларускаму паэту, празаіку, публіцысту, перакладчыку і народнаму юрысту Францішку Багушэвічу. Аб гэтым паведаміў адзін з аўтараў манумента народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі.

Паводле яго слоў, у 1989 годзе па выніках конкурсу на найлепшы праект помніка Багушэвічу ў Смаргоні перамагла прапанова аўтарскага калектыву ў складзе скульптараў бацькі і сына Льва і Сяргея Гумілеўскіх, а таксама архітэктара Яўгена Міцько. Аднак рэалізацыя праекта адкладвалася да таго часу, пакуль не
стала вядома аб правядзенні ў Смаргоні Дня пісьменства, паведаміў скульптар.

Манумент уяўляе сабой бронзавую статую паэта вышынёй 3,6 м, які абапіраецца на груду светла-шэрага граніту і метровы светла-шэры гранітны пастамент, на якім размешчана бронзавая шыльдачка з заклікам Багушэвіча да народа: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. Пісьменнік паказаны ў задуменнай позе з кнігай у руцэ, у саламяным капелюшы і доўгай світцы, падвязанай поясам, якім яго
памяталі сучаснікі —  Элаіза Ажэшка і Ян Карловіч, сказаў Гумілеўскі.

Урачыстае адкрыццё помніка адбудзецца 6 верасня, у Дзень пісьменства, у 13.10. Сярод найбольш вядомых прац Льва Гумілеўскага  — помнікі народнаму паэту Беларусі Янку Купалу ў сталічным парку імя Янкі Купалы (1972 год з Анатолем Анікейчыкам і Андрэем Заспіцкім), юным падпольшчыкам братам Сянько (1973) у Мінску, мемарыяльны комплекс у Магілёве “Барацьбітам за савецкую ўладу” (1982), статуя “Русалка” (1990) у Нясвіжы (Мінская вобласць) і надмагільны помнік паэтэсе Яўгеніі Янішчыц (1992) у сталіцы.  

Паводле БелаПАН.