У філіяле №1 Цэнтральнай раённай бібліятэкі працуе персанальная выстава Мікалая Кучко. На выставе прадстаўленыя дваццаць тры працы, паглядзець на якія можна да канца месяца.

Мастацтвам Мікалай Кучко захапляецца даўно. Свае карціны ён малюе  як на палатне, так і на ДВП. Для стварэння работ выкарыстоўвае розныя фарбы. Працаваў мастак і з гуашшу, і з пастэллю, і з акварэллю. Як кажа Мікалай, ён выкарыстоўвае тыя фарбы, якія больш даступныя.

Маляваць Мікалай Кучко палюбіў яшчэ з дзяцінства. Але пасля школы паступіў у радыётэхнічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыётэхнікі). Працаваў архітэктарам. Што тычыцца мастацтва, то, як кажа творца, мастацтва – гэта другая прафесія. Раней Мікалай Кучко пісаў свае працы з натуры. Цяпер гэтым не займаецца.  Як кажа сам, працы самі па сабе не ствараюцца. Трэба хадзіць па мясцовасці, назіраць за наваколлем. А ўжо потым тыя ўражанні, якія застаюцца ў памяці, перанесці на рабочы  матэрыял.

Малюе творца пераважна пейзажы. Але на выставе можна ўбачыць і нацюрморты. Ёсць там і аўтапартрэт мастака.

Надзея СТАНКЕВІЧ.