17 верасня 1939 года Чырвоная Армія рушыла на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якая дагэтуль была ў складзе Польшчы, згодна з Рыжскімі дамоўленасцямі 1921 года паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Пачаўся працэс аб’яднання нашага народа ў адну дзяржаву.

19 верасня 1939 года, Маладзечна. Старая сялянка вітае чырвонаармейцаў. У 1939 адбылося аб’яднанне беларускага народа. Але падзеі пасля 17-га верасня да сёння не маюць аднолькавых ацэнак.

Усё менш застаецца сведак тых даваенных падзей. Мне ўдалося пагутарыць з жыхаркай вёскі Будзішча Вілейскага раёна Ганнай Вайтовіч, 1927 года нараджэння. Яе ўспаміны падаліся мне цікавымі, паколькі носяць у сабе непасрэднасць і праўдзівасць успрыняцця тагачаснай рэчаіснасці.

“Я жыла ў мнагадзетнай сям’і ў вёсцы Будзішча. Было нас 9 чалавек. Зямлі – 12 гектараў, але зямля благая – пясок, балота. Жылі бедна, хоць увесь час працавалі і працавалі. Бацька мой любіў вырошчваць пладовыя дрэвы, даглядаў пчол. Зямля ў жыхароў была падзеленая на палоскі, каб адзначыць межы, капалі канаўкі. Бацька мой цешыў сябе думкай: ”Як прыйдуць нашы – дык будзе лягчэй”. Я здагадвалася, што “нашы” – гэта тыя, хто жыве ва ўсходняй Беларусі. І вось час такі настаў. Паны паўцякалі раней, адчуваючы набліжэнне пераменаў. Засталіся асаднікі. За іх новая ўлада і ўзялася ў першую чаргу.

Жылі асаднікі на хутарах, ва ўрочышчы Яловае недалёка ад Будзішча. На іх глядзелі бы на польскіх урадавых пасяленцаў-каланістаў. Але мы не ўспрымалі гэтых людзей як карэнных палякаў. Размаўлялі яны так, як і мы, – па-беларуску, але па веравызнанні былі каталікамі, хадзілі на набажэнствы ў касцёл у Вязынь. Такіх сямей было ў нашай мясцовасці 12. Я і зараз памятаю некаторыя прозвішчы: Дзятлік, Рачыцкія, Кур’яновіч, Чарапок, Заторыха, Маеўскі, Мандрык, Песлік.

Вывезлі іх на падводах за адзін дзень энкавэдзісты. Казалі, што даставілі сем’і ў Краснае на чыгунку, а куды далей – не ведаю. Хадзілі чуткі, што ўсе яны загінулі. Мне запомніліся параскіданыя па дарозе рэчы, клубкі нітак чамусьці запомніліся асабліва. Вывезлі асаднікаў нечакана. Асноўныя іхнія пажыткі засталіся дома.
Адпраўлялі людзей у Будзішча даглядаць гаспадарку асаднікаў, карміць жывёлу, даіць кароў. Сёй-той разбіваў печы, шукалі золата. Была дадзена воля, як цяпер кажуць, бамжам. Расцягвалі адзенне, пасцельную бялізну, посуд з хат. Пазней, у 1940 годзе, хаты асаднікаў былі разабраныя і знесеныя. Зямлю іх раздавалі…

Наша сям’я таксама села на зямлю асаднікаў. Натуральна, што новую ўладу мае аднавяскоўцы палюбілі. Але было так нядоўга, пакуль “нашы” не ўзяліся за нашых. Сталі арыштоўваць і вывозіць сялян-беларусаў, прычым лепшых гаспадароў у мясцовасці. Тады сталі людзі казаць пра Саветы: “Спрацівілі таварышы”.

Падчас нямецкай акупацыі ў былым будынку сельскага савета былі знойдзеныя спісы на вываз людзей з вёскі Будзішча. Навошта было ўладзе рабочых і сялян учыняць здзек над сваімі людзьмі, я і не ведаю. Але вочы ў многіх адкрыліся, бо браліся і за тых, хто языком выткнецца. У 1940 годзе зіма выдалася лютай, маразы шалелі. Людзі казалі: “Прыйшлі бальшавікі – нанеслі марозу…”

Ва ўрочышчы Яловае на землях былых асаднікаў зараз месціцца дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Надзея – ХХІ стагоддзе”. Успрымем гэта як надзею на больш цывілізаваныя стасункі паміж людзьмі сёння, заўтра і ў будучым.

Запісаў Мікола КУТАС.

Фотаапытанне на гэту тэму чытайце тут.

Таксама чытайце “Мы павінны сустрэць руку прымірэння”.