Ужо  расказвалася пра арку ў Гелянове, што разбурылі ў 50-я гады. Пётр Койра жыў у гэтай арцы. Як усе тады казалі, жыў на верхатуры.

Арку пабудавалі дзеля таго, каб ксёндз праводзіў малебны. Яна вельмі нагадвала Вострую Браму, што ў Вільні. На ёй былі адлюстраваны анёлы. У той час П.Койру было 13 гадоў. У памяці захавалася, што малебны праходзілі ў выхадныя і святочныя дні. Можа, і ў будні, але ў хлапчукоў жа аніякай цікавасці да гэтага не было. Памятае, як ксёндз узбіраўся на выступ аркі, абгароджаны борцікам, і адтуль вёў малебны. На гэтай вышыні была невялікая кладоўка, дзе і жыў потым Пётр Койра. Сам ён са Здземелева. Гэты раён Маладзечна ў мінулым — ваенны гарадок. Пётр памятае, як там стаяў полк польскай кавалерыі.

Пётр Койра пражыў у Здземелеве да вайны. 27 гадоў адпрацаваў ў арганах. 15 з іх быў начальнікам крымінальнага вышуку. Цяпер ён на пенсіі. Дапамагае гадаваць унучку і трох унукаў. Больш за 40 гадоў жыве ў Гелянове. Недалёка ад дому агародзік разбіў, 3 яблыні і 1 елку пасадзіў. Часта мінулае ўспамінае, пра жыццё ў арцы. Вядома, час пасляваенны складаны. Ні ежы, ні жылля не было. Таму кожны трымаўся, як кажуць, за саломінку. У ліпені 1948 года 22-гадовы сяржант міліцыі Койра разам з 26-гадовай жонкай пераехалі ў новае жыллё, на верхатуру.

Гэта Геляноўская арка. Сваю “кватэрку” яны купілі за 500 рублёў у шафёра дзяржбяспекі. Для параўнання, буханка хлеба тады каштавала 100 рублёў. На аклад Пятра можна было купіць 5 буханак. Грошы шафёр з іх узяў за тое, што зрабіў адзінае невялічкае акенца (накшталт сучаснай форткі) з адной шыбінай. І за тое, што склаў плітку для абагрэву. У арцы сям’я Койраў стала другімі жыхарамі. У “спадчыну” шафёр пакінуў ім тазік і металічны ложак, пад які можна было паставіць чамадан. Больш у пакоі нічога нельга было паставіць, бо ён быў памерам 2,5х3 і вышынёй у 2 метры. П.Койра гаворыць, яшчэ крыху і ўпёрся б галавой.

Прадукты дома не залежваліся. Што куплялі, тое адразу і з’ядалі. Купаліся, мылі бялізну, адзенне ў тазах. За вадой хадзілі ў цяперашняе памяшканне драматычнага тэатра. Зімой таялі снег. Занесці ваду ў «хату» было складана. Бо драўляная лесвіца была вельмі крутая і хісткая, “хадуном хадзіла”. А вышыня, на якой знаходзілася жыллё, — прыкладна трэці паверх.

Са смехам Пётр успамінае, як на арку радыё прымайстравалі. Да дзвюх гадзін ночы спаць не давала. Дык ён не вытрымаў і заткнуў яго мешкавінай. Маўляў, толькі хрыпела. На жаль, радавацца давялося мала. У лютым 1949 года Койры, як кажа Пётр, збеглі з гэтай кватэры. Канешне, святло толькі ад газніцы. Холадна вельмі: у 2-3 гадзіны ночы ўжо немагчыма было спаць. Кватэрка вельмі хутка астывала. А ў сям’і павінна было нарадзіцца дзіця. 15 сакавіка на свет з’явіўся сын Пеця. Праз 10 гадоў нарадзілася дачка Света. Сям’я змяніла яшчэ 9 кватэр. У дзесятай засталася. Да цяперашняй пары жыве ў ёй Пётр Койра з дачкой і яе сям’ёй.

Ірына РАБУШКА.