Былым вучням Галіны Рыжэвіч ўжо па 60, але залескія хлопцы і дзяўчаты, ідучы на танцы, гучна вітаюцца, нібы спадзяюцца, што Галіна Сямёнаўна зменіць свой маршрут і накіруецца разам з імі ў бок клуба. Настаўніца з Залесся з вялікім стажам, расказала карэспандэнту “РГ” пра свой лёс.

“Наша поступь тверда”…

Родам я з Велікалукскай вобласці – цяпер яна называецца Пскоўскай. Бацька працаваў на Пуцілаўскім заводзе ў Ленінградзе. Пасля ягонай смерці мы з мамай пераехалі ў вёску Чупрова Невельскага раёна. Потым памерла і маці, і я пайшла жыць у хату свайго дзядзькі.

Скончыла дзесяцігодку, пасля якой рыхтавалася паступаць у педагагічны інстытут імя Герцэна. Але акурат на выпускны вечар, з 21-га на 22-е чэрвеня, пачалася вайна. Раніцай я прачнулася – суседка-піяністка Вера плача: “Мішачку ў армію забіраюць”. А што для нас вайна была на той час? Для нас, выхаваных у Савецкім Саюзе? Нішто. “Наша поступь тверда, и врагу никогда не гулять по республикам нашим!” Усё клікала да подзвігу.

“Сястрычка, атруціце мяне”

Паступленне адразу ж адступіла на другі план, і мы з сяброўкай па ўласным жаданні апынуліся ў невельскім шпіталі №1131. Усё падавалася часовым, у душы – патрыятызм і рашучасць. А потым пачалі прывозіць раненых. Іх клалі штабялямі ў будынку школы.

Нават сталыя жанчыны-санітаркі страчвалі прытомнасць, калі пры-ходзілася разгружаць машыны з байцамі. Сядзіш ля ложка, ён без рук, без ног: “Сястрычка, атруціце мяне” – невыносна. І ўсе – хлапчукі, амаль нашы аднагодкі. Спачатку, як загадалі распранаць раненых, мы, дзяўчаты, пахаваліся. На што доктар сказаў: “Гэта вам не кавалеры, а вы – не дамы. Працуйце”. Потым прызвычаіліся. Доктар хваліў мяне за ўстойлівасць, казаў, што з мяне атрымаецца добры медработнік.

Заўжды ёсць месца подзвігу

Неўзабаве дзядзька мой, старшыня райвыканкама, паведаміў, што немцы ўжо блізка, частка шпіталя адпраўляецца на Урал, частка – у ваенна-палявыя ўмовы. Шпітальны доктар раіў мне ехаць на Урал, але я выбрала другі варыянт – подзвіг не пераставаў клікаць. Перамяшчаліся толькі ўначы, бо як толькі пачынае віднець – страляюць.

У верасні нас разбілі канчаткова, і я вярнулася ў Невельскі раён, дзе ўжо стаялі немцы, працаваў аэрадром. Тут я пачала пераводзіць праз нямецкія кардоны хлопцаў, якія накіроўваліся да партызан. Надзея на лепшае жыла дагэтуль – верылася, што хутка ўсё скончыцца, таму я не сыходзіла з дому, а чакала, пакуль тут з’явяцца нашы войскі. Але праз некаторы час наша тэрыторыя апынулася ў акупацыі.

П’юць і ківаюцца

Немцы, заняўшы нашу тэрыторыю, не выгналі жыхароў, а пасяліліся разам з імі. Гэта быў хітры ход для абароны ў выпадку нападзення савецкіх войскаў.

З тых часоў згадваецца эпізод. Новы год 1942 года, мы, рускія, ляжым на саломе ў адной палове хаты, а ў другой немцы адзначаюць свята. З елкі зроблены вялікі абажур, гарыць 12 свечак. Гаспадыня хаты па загадзе падае самавар з гарачым каньяком, а яны ківаюцца ўсе разам і п’юць, п’юць і ківаюцца.

Жабракі

У 43-м мы з сяброўкай рашыліся на сыход. Уначы залезлі ў нямецкую сталовую, набралі фаршу і пайшлі шукаць сваіх. Далёка сысці не атрымалася: нас схапілі немцы і пасадзілі на цягнік. Куды нас вязуць, мы не ведалі.

Неўзабаве мы апынуліся ў Будславе, дзе ў мяне разам з сяброўкай Вольгай атрымалася збегчы з цягніка. Удзвюх мы пайшлі жабраваць па вёсках. Ездзілі на цягніках – чапляліся за таварняк, толькі спытаеш у машыніста: “Куды?” Цягнік рэдка спыняецца, але гэта не праблема: хуткасць невялікая, саскочыш на патрэбнай станцыі – і пайшоў.

Начавалі, дзе прыйдзецца, хадзілі па хатах, каб неяк пракарміцца. Свой камсамольскі білет я насіла пад вусцілкай абутку – так атрымалася яго захаваць.

Залессе

Калі немцы пачалі адступаць, мы з Вольгай вярнуліся ў Будслаў, дзе мяне, 19-гадовую, назначылі начальнікам дзіцячага прыёмніка.

Гэта быў 44-ы год. Дзяцей “здымалі” з цягнікоў, яны ехалі бездаглядныя, галодныя, на вуглях, на падножках – за хлебам. Мы пачалі збіраць рэчы для арганізацыі прыёмніка ў памешчыцкай сядзібе. Але Будслаў – не вузлавая станцыя, таму мяне накіравалі ў Паставы. Там таксама дзяцей было вельмі мала, і мяне адправілі ў Залессе ў якасці старэйшай выхавальніцы.

Дзіцячы прыёмнік размяшчаўся ў трох будынках. У адным з іх цяпер знаходзіцца Дом рамёстваў, а два другія, размешчаныя побач, належаць прыватным гаспадарам.

Дзіцячы прыёмнік пасля Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў трох дамах у цэнтры Залесся. У адным з іх, які на фота, сёння размяшчаецца Дом рамёстваў.

Каго куды?

Дзяцей мы прымалі да 18 год. Маладзечанская міліцыя працавала бездакорна – па 15 чалавек прывозілі, брудных, худых. Хто ў чым – нават у цыліндрах на галовах, поўных вошай.

У Залессі дзеці знаходзіліся два тыдні, за якія трэба было правесці санітарную апрацоўку, дазнацца, адкуль дзіця і дзе знаходзяцца бацькі. Пасля іх размяркоўвалі – каго ў дзіцячы дом, каго – на радзіму, а каго – і ў калонію. Потым эвакуатары развозілі дзяцей па месцах прызначэння – здаралася, аж да Калінінграда. Часам ездзілі і выхавальнікі, бо дзяцей было вельмі шмат і ўсіх трэба ўладкаваць. Самых маленькіх везлі ў Антанопальскі Дом малюткі, таксама дзіцячы дом знаходзіўся ў Байбах – шмат іх было ў краіне на той час.

“Славу я хацела ўсынавіць”

Дзеці мне чамусьці давяралі, у нас атрымоўвалася знаходзіць агульную мову. Дагэтуль памятаю імёны сваіх першых беспрытульнікаў – Ніл Голубеў, Мікалай Кадзякін… Штосьці яны бачылі блізкае, напэўна. Можа, што я таксама сіратой была – не ведаю. Другому, глядзіш, спецыяльна праблем падсыплюць – уцякуць у ноч дзяжурства або скрадуць штосьці з казённых рэчаў, за якія потым трэба разлічвацца ўласнымі грашыма. Мая калега з-за гэтага атрымлівала вельмі маленькі заробак.

Праўда, са мной таксама аднойчы здарылася непрыемная гісторыя. Вярнуўшыся з танцаў у Доме адпачынку, я заўважыла, што мяне абрабавалі. Хлопцы звязалі вартаўніка, забралі рэчы і а палове другой з’ехалі на калінінградскім цягніку.

Быў у мяне і такі выхаванец Мікалай Смірноў – хуліган, якіх пашукаць. Яго адпраўлялі ў калонію, адкуль ён неаднаразова збягаў. Я заўсёды яго баялася, але, калі ён чарговы раз трапляў у міліцыю, называў толькі маё імя.

Нягледзячы на такіх “складаных” дзяцей, працаваць там было цікава. Лёс кожнага дзіцяці быў неабыякавы. Памятаю нават, як хацела ўсынавіць сямігадовага хлопчыка Славу, але становішча маё не дазваляла гэта зрабіць – ні хаты, ні родных няма. Сына, дарэчы, якога потым нарадзіла, я назвала гэтым імем.

Мне з маладымі лягчэй паразумецца

Сваім выхаванцам я даравала ўсё. Я разумею, што старэйшым людзям цяжка – фізічны стан не той, але дзяцей, моладзь мне лягчэй зразумець, чым сваіх аднагодкаў. І, дарэчы, у кампаніі маіх сяброў няма людзей сталага веку. Мне з маладымі лягчэй паразумецца. І калі б пачынаць жыццё спачатку, я зноў пайшла б працаваць з дзецьмі.

Святлана СТАНКЕВІЧ. 

Фота Андрэя РОГАЧА.