Два гады таму ў Мінскі абласны драматычны тэатр прыйшла маладая актрыса Анастасія Макарэвіч, якая раней ніколі пра гэту прафесію і не думала. Цяпер сваё жыццё без любімай працы яна проста не ўяўляе.

Самая маладая актрыса драмтэатра Анастасія Макарэвіч рыхтуецца да рэпетыцыі.

Нарадзілася Анастасія Макарэвіч у Маладзечне, вучылася ў гімназіі-каледжы ў тэатральным класе, але марыла паступіць у медінстытут. Ад гэтай ідэі яе адгаварыла маці.

“Мне прарочылі педагагічную дзейнасць”

– Чамусьці мне ўсе прарочылі педагагічную дзейнасць. І, закончыўшы каледж, па размеркаванні я трапіла на двухгадовую практыку ў СШ №14 выкладаць тэатральнае майстэрства, – расказвае актрыса. – Адначасова з гэтым мяне запрасілі на праслухоўванне ў драмтэатр. Праслухоўванне я прайшла, і мне сказалі, што патэлефануюць.

Ужо калі Насця працавала ў школе, праз месяц ёй пазванілі і спыталі, чаму яна не прыходзіць на працу ў тэатр. Але пайсці актрысай на стаўку не магла, бо выкладала ў школе. Таму на працягу двух гадоў яна іграла ў спектаклях на паўстаўкі.
– Адпрацаваўшы па размеркаванні, я афіцыйна аформілася ў драмтэатр, – кажа актрыса. – Ужо цяпер мне здаецца, што мая асноўная работа ўсё ж была не ў школе, а менавіта тут.

“Я не лічыла сябе характарнай актрысай”

Яна ўспамінае, што калі была маленькая, для яе маці было законам прывесці дачку на заняткі акцёрскага майстэрства, нават калі Насця і захварэе. Менавіта настаўнік гэтага прадмета і прывіў дзяўчыне любоў да мастацтва. Але самым цяжкім для яе было пераадоленне сябе.

– Я заўсёды ўяўляла сябе ў ролі гераінь – узвышаных дзяўчат, але калі я ўжо была ў каледжы, мая настаўніца вучыла іншаму, зусім новаму мне майстэрству, – расказвае Анастасія Макарэвіч. – Яна кожны раз прасіла іграць камедыйных герояў. Сябе я не лічыла характарнай актрысай, і мне здавалася, што для такіх роляў неабходныя даволі свавольныя людзі. А калі мне здаралася рабіць штосьці падобнае, то я заўсёды перажывала, ці атрымаецца ў мяне тое, што патрабуе выкладчык. Калі ж прыйшла працаваць у тэатр і мне сказалі, што я характарная актрыса – для мяне гэта быў самы прыемны камплімент, таму што я заўсёды змагалася з амплуа актрысы-гераіні.

Як толькі Насця ўладкавалася на працу ў драмтэатр, яна была задзейнічаная ў дзіцячых спектаклях. Адну са сваіх роляў памятае і цяпер – маладая актрыса іграла Кураня.
– Гэта роля была адпрацаваная паспяхова, – кажа актрыса, – нягледзячы на тое, што мне трэба было пераўвасобіцца ў пеўніка-хлопчыка. Тады нават і ад крытыкаў былі добрыя водгукі. А вось ў дарослых вячэрніх спектаклях іграць было цяжэй. Калі я прыйшла, яны ўжо былі пастаўленыя, таму ролю дачкі ў спектаклі “Папялушка” я не проста выканала, а перанесла праз сябе, “перажыла” ўсё, як у сапраўдным жыцці.

“Тэксты мы вучым аўтаматычна”

– Калі выходзіш на сцэну, ты развучваеш крокі і адначасова прагаворваеш і тэкст, – расказвае Насця. – Спачатку тэкст ад сябе, а пасля звяраеш з аўтарскім. Вось так паступова ўсё і запамінаецца. Тэксты мы вывучаем аўтаматычна.
Але і над імі таксама неабходна папрацаваць. Драматычны тэатр – беларускамоўны, а п’есы на рускай мове. Як кажа актрыса, хоць ім і даюць ужо перакладзеныя матэрыялы, але ўсё роўна над імі трэба пасядзець.
– Бывае, што не ўсё правільна перакладзена, – кажа Насця. – Таму карыстаюся і слоўнікамі, і тэлефаную знаёмым, удакладняю, як правільна паставіць націск, як правільна будзе гучаць па-беларуску тое ці іншае слова.

Кветкі ад родных – быццам падачка

Актрыса вельмі рэдка запрашае на прэм’еру сваіх блізкіх. Кажа, што для маці і сястры яна ў любым выпадку будзе самай лепшай, а муж, які працуе інжынерам, усё роўна скажа камплімент. Але аднойчы Насця ўсё ж запрасіла свайго Сашу на спектакль, дзе яна іграла Папялушку. Жанчыне неабходна была адзнака каханага, які ў гэтай ролі бачыў другую актрысу.

– Я адразу папярэдзіла, каб муж не купляў мне кветкі, бо кветкі ад родных – гэта як падачка, – расказвае Насця. – А пасля спектакля Саша падышоў да мяне і сказаў: “Дарэмна, што я не купіў табе букет…”

“Тэатр – гэта адна сям’я”

Падзяку актрысе выказвалі і дзеці. Як кажа Насця, калі яна іграла ў дзіцячых спектаклях, адбывалася нейкае чараўніцтва.

– Падчас спектакля я дзяцей у зале амаль не бачу, – дзеліцца Анастасія Макарэвіч, – але калі я спускаюся са сцэны,  я адчуваю дыханне маленькіх гледачоў, іх захопленыя погляды. У гэты момант здаецца, што адбываецца нейкае цуда. Я працую для сэрца і душы. Тэатр – гэта сям’я, дзе ўсе адзін за аднаго. Мне вельмі падабаецца працаваць з Андрэем Барткевічам, Людмілай Рошчынай. Яны заўсёды падтрымліваюць, даюць нейкія парады.

“Не гляджу жудасці, бо не засну”

Вольны час Анастасія Макарэвіч бавіць па-рознаму. Любіць яна і кніжкі пачытаць, і фільмы паглядзець, і проста адпачыць у цішыні. Апошнім часам, як кажа актрыса, захапілася творчасцю Барыса Акуніна. А ў выбары фільма перавагу аддае меладрамам.

– Я люблю “плаксівыя” эпізоды, – кажа Насця, – каб душу аж закранула. Жудасці не гляджу, бо не разумею іх, а потым яшчэ буду баяцца і не засну. А яшчэ я хачу на прафесійным узроўні вывучыць англійскую мову. Раней марыла навучыцца вышываць. Мне гэта вельмі падабаецца.
 

Надзея СТАНКЕВІЧ.