Да Дня настаўніка ў гімназіі-каледжы мастацтваў замест традыцыйнай канцэртнай праграмы навучэнцы ў падарунак сваім педагогам падрыхтавалі спектакль па п’есе Аляксандра Салагуба “Бяда ад пяшчотнага сэрца”.

У спектаклі задзейнічаныя больш за 20 навучэнцаў 2 і 3 курсаў тэатральнага аддзялення каледжа мастацтваў. Рыхтаваць пастаноўку пачалі сёлета яшчэ з красавіка. Рэпетыцыі праходзілі і на працягу верасня.

– Сёлета выкладчыца тэатральнага майстэрства Галіна Лікомцава прапанавала на Дзень настаўніка паказаць гэты спектакль, – расказвае дырэктар установы Вольга Хазікава, – камедыю пра каханне. Галоўны герой хацеў знайсці сабе багатую нявесту, а закахаўся ў простую дзяўчыну. У выніку атрымліваецца, што любоў даражэй за золата.

Акрамя таго, што спектакль ацэняць 166 настаўнікаў гімназіі-каледжа, на свята запрасілі і былых выкладчыкаў, якія ўжо выйшлі на пенсію. 18 педагогаў-ветэранаў, як сказала Вольга Хазікава, павіншуюць кветкамі і акажуць матэрыяльную дапамогу “ў канверце”.

Надзея СТАНКЕВІЧ.