Прэзентацыя двух зборнікаў вершаў паэтаў Вілейшчыны “Любы край дарагі” і “Вілейскі звон” прайшла ў нядзелю, 27 верасня, у Палацы культуры.

На прэзентацыі зборнікаў вілейскіх паэтаў Роза Шэрая чытае свой верш, а Зінаіда Крупская запісвае яго на дыктафон.

На сустрэчу з вілейскімі паэтамі прыехалі госці з Маладзечна – кіраўніца духоўна-патрыятычнага аб’яднання “Светач” Ларыса Сысун і кіраўніца літаратурнага аб’яднання “Агмень” пры Палацы культуры Таццяна Атрошанка.

Адкрылі прэзентацыю вядучыя – Зінаіда Крупская і супрацоўнікі гарадскога філіяла №1 цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Валянціна Мількота і Святлана Міна. Са слоў вядучых, паэзія змушае адчуць тое, што мы ўспрымаем. Так некалі пераклаў з англійскай мовы беларускі літаратуразнаўца Леанід Баршчэўскі.
– Два зборнікі паэзіі, – кажа Зінаіда Крупская, – гэта як адкрыццё душаў 14 вілейскіх паэтаў, гэта як маленькія дзеткі, якія толькі нарадзіліся. Прэзентацыя стала першай навіной. Але ёсць і другая: у літаратурнай суполцы з’явілася новае імя – паэтэса Вольга Вяжэвіч. Яна працуе настаўніцай, мае трох сыноў. Яе вершы – гэта малітва жыццю. Яны вельмі лёгкія і простыя.

Па словах самой Вольгі, у вершах выказваецца наша моц і еднасць душаў. А вось Алесь Наркевіч праз сваю творчасць паказвае ўнутранае жыццё, вернасць радзіме і роднай мове. На прэзентацыі зборнікаў ён і песню пад гітару выканаў, і вершы свае прачытаў.

Наступнай вядучыя прадставілі Марыю Томкавіч. Нарадзілася яна на Мядзельшчыне, у сялянскай сям’і. Калі расказвалі пра яе творчасць, а пасля яшчэ і песню на вершы паэтэсы спелі, яна нават расплакалася. Гэта жанчына шмат піша пра прыроду, але ёсць вершы і пра любоў.

Каханню прысвячае сваю творчасць і настаўнік гісторыі Мацькаўскай сярэдняй школы Міхаіл Пастарнак. Пра гэта можа сказаць і радок аднаго з яго вершаў: “Я пасуся на лузе кахання”. Але на свяце паэт зачытаў верш “Ляцяць журавы”. А словы з’явіліся ў той час, калі ён на мінулым тыдні хадзіў па лесе і збіраў грыбы.
Калі вядучыя расказвалі пра Розу Шэрую, яны заўважылі, што для яе прырода – гэта самае святое. Зінаіда Крупская на словы гэтай віляйчанкі пад баян выканала песню. А сама Роза Шэрая зачытала верш, дзе прыроду яна параўноўвае з сабой: “Восень, восень, ты мая равесніца.”

Гаварылі і пра творчасць маладой паэткі Аляксандры Бекеш, якая нядаўна выйшла замуж. На прэзентацыю кніг яна прыйшла са сваім мужам. Не мінулі творчасці і Уладзіміра Бірылы. А яшчэ пра яго сказалі, што паэт нарадзіўся на стыку знакаў Казярога і Вадалея. Таму і вершы ў яго атрымліваюцца нейкія своеасаблівыя і незвычайныя. А вось для Тамары Пунінскай галоўнай тэмай стала каханне. А творчасць Надзеі Далёкай арганізатары мерапрыемства параўналі з касмічнымі вадаспадамі. У яе вершах паказаныя філасофія жыцця і чалавечая мудрасць.

Як сказала Зінаіда Крупская, яны паказалі віляйчан і з боку лірыкі, і з боку мадэрнізму. Кожны паэт цікавы па-свойму і ў кожнага з іх свой напрамак творчасці.

– Я не літаратурны крытык, але паспрабавала прааналізаваць творчасць кожнага нашага паэта з боку свайго бачання іх працы, – расказвае жанчына. – Вершы гэтых паэтаў увайшлі ў новыя кнігі.
Творчасць віляйчан ацанілі і маладзечанскія госці. Таццяна Атрошанка ў адказ літаратурнай суполцы “Натхненне” прачытала свой верш. А Ларысу Сысун увогуле вельмі ўразілі ўсе творцы. Кожны з іх індывідуальны са сваёй працай. Як сказала жанчына, вілейскі край вельмі багаты на паэтаў. Яна прапанавала, каб у Маладзечне правялі з імі сустрэчу. А яшчэ гэтай жанчыне  спадабаўся вілейскі бард Алесь Наркевіч.

– Пасля сустрэчы я пад вялікім уражаннем, – кажа Ларыса Сысун. – Віляйчане – гэта перлы паэзіі. Мы запрасілі паэтаў да сябе. І вельмі хацелася б, каб Алесь Наркевіч выступіў са сваімі песнямі сольна ў канцэртнай зале нашага Палаца культуры. Я думаю, што Таццяне Атрошанцы ўдасца арганізаваць яго канцэрт, а я, калі будзе неабходна, ёй дапамагу.

Надзея Станкевіч.