На месца здарэння выязджаў следчы раённай пракуратуры Андрэй Жукоўскі. У інтэрв’ю “РГ” ён расказаў: акрамя парэзаў шыі, на целе знойдзеныя шматлікія цялесныя пашкоджанні, сярод якіх зламаны нос і рэбры.

Анатаміраванне забітага праводзіла дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Ірэна Сяліцкая. Паводле слоў эксперта, прычынай смерці сталі рэзаныя раны шыі. Забівалі мужчыну хутка, уся экзэкуцыя працягвалася ўсяго некалькі хвілін. Пацярпелы не аказваў супраціўлення забойцу ці забойцам.

Крымінальную справу па другой частцы 139 артыкула “Забойства з асаблівай жорсткасцю” ўзбудзіла пракуратура Маладзечанскага раёна. Як паведамілі “РГ” у райаддзеле ўнутраных спраў, у раскрыцці злачынства задзейнічаныя лепшыя маладзечанскія оперупаўнаважаныя. Групу па раскрыцці асабліва цяжкага злачынства ўзначальвае начальнік крымінальнай міліцыі Валянцін Асіповіч.

Сяргей ЗЯНЬКО.