Восеньскі кірмаш пройдзе ў Астраўцы ў суботу, 17 кастрычніка. А яшчэ ў лесапарку ў гэты дзень будзе праводзіцца конкурс на лепшы падворак. Сваю прадукцыю на кірмаш, які пачнецца а 8 гадзіне раніцы і пройдзе на гарадскім стадыёне, прывязуць не толькі гаспадаркі з Астраўца.

Як паведаміла ў інтэрв’ю “РГ” дырэктар Астравецкага раённага метадычнага цэнтра Вольга Турубарава, будуць і кілбасы Ашмянскага мясакамбіната. А жывую рыбу будзе прадаваць рыбгас “Солы”. – На кірмашы акрамя бульбы і капусты, – расказвае Вольга Турубарава, – будуць мяса, паўфабрыкаты.

Запрасілі мы і наш гандаль, які прапануе шашлыкі і кандытарскія вырабы. Канешне, гародніна прадаецца хутчэй, чым мяса, але гандляваць будуць да таго часу, пакуль усё не раскупяць. Ужо ў 10 гадзін раніцы ў лесапарку пачнецца конкурс на лепшы падворак. Восем гаспадарак прадставяць свае домікі.

Праз тэатралізаваныя пастаноўкі ўдзельнікі раскажуць гісторыі пра свае населеныя пункты, якую прадукцыю яны вырабляюць. Правядуць віктарыны і спартыўныя гульні. Конкурс будзе ацэньваць журы. Па словах Вольгі Турубаравай, членаў журы абавязкова пасадзяць за святочны стол і пачастуюць. А калі будуць падводзіцца вынікі, пройдзе канцэрт, удзел у якім прымуць самадзейныя калектывы Астравецкага раёна. Тры пераможцы конкурсу на лепшы падворак у якасці падарунка атрымаюць прэміі.

Надзея СТАНКЕВІЧ.