Самая дарагая стрыжка ў сацыяльнай цырульні каштуе 2500 рублёў.

Image 1228

Image 1228

На кухні “Цёплага дома”.

У трэнажорнай зале.

За шэсць гадоў існавання цэнтр унёс змены ў жыццё многіх смаргонцаў і здабыў папулярнасць сярод мясцовых жыхароў. Сацыяльная дапамога дома, рэабілітацыя інвалідаў, дапамога людзям пажылога ўзросту, мнагадзетным сем’ям – вось няпоўны спіс відаў дзейнасці, якімі займаецца “Цёплы дом”.

Цэнтр мае банк дадзеных, які фарміруецца на падставе абследавання адзінокіх і сацыяльна неабароненых пластоў насельніцтва. Іншыя катэгорыі ўносяцца ў базу толькі ў тым выпадку, калі яны самі звернуцца ў цэнтр па дапамогу – як па матэрыяльную, так і па псіхалагічную. Дарэчы, за час, які мінуў з дня стварэння цэнтра, спецыялісты змаглі давесці людзям, што зварот да псіхолага – нармальная з’ява, якой не трэба саромецца.

З цягам часу людзі сталі прыходзіць сюды не толькі па дапамогу, а проста таму, што не прыйсці не могуць. Як, напрыклад, Аляксандра Грышан, якая наведвае клуб “Клопат”:
– На працягу 14 год мы штомесяц збіраемся на агульныя сустрэчы, ладзім “салодкі стол”, запрашаем дактароў, работнікаў выканкама, калі ўзнікаюць пытанні. Летам мы выязджаем на прыроду адпачыць альбо сабраць ягад-грыбоў. Калі хто захварэў – наведваем. Такія сустрэчы прымушаюць падняцца з канапы і не адставаць ад жыцця. За гэты час мы ўжо сталі роднымі адзін аднаму, можна сказаць, сёстрамі. “Клопат” не дае нам старэць.

Увогуле ж, пад дахам “Цёплага дома” знайшлі прытулак таварыства інвалідаў і дзевяць клубаў, сярод якіх “Баявыя сяброўкі”, “Клопат” – для людзей пенсійнага ўзросту, “Выпуск”, які наведваюць выпускнікі інтэрнатных устаноў, “Вясёлка”, што аб’ядноўвае сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, “Прыстанак” – для прыёмных сем’яў, “Сваё кола” – для апякунскіх сем’яў, “Жаночы клуб”, “Я і маё дзіця”, які наведваюць няпоўныя сем’і, і “Вечар адпачынку для пенсіянераў”.

Акрамя “клубнай” дзейнасці, прадстаўнікі сацыяльна неабароненых пластоў насельніцтва могуць атрымаць ў цэнтры сельскагаспадарчую дапамогу з выкарыстаннем мотаблока, скарыстацца паслугамі юрыста, “сацыяльнага таксі”, цырульні, пральні, швейнымі паслугамі – усё, канешне ж, па сацыяльных коштах. Самая дарагая стрыжка, напрыклад, будзе каштаваць 2500 рублёў. 5 кілаграмаў памытай і высушанай ў пральні адзежы абыдуцца ў 4000 рублёў. Стала традыцыяй у цэнтры бліжэй да зімы завозіць людзям з абмежаванымі магчымасцямі бульбу. Акрамя таго, ахвотныя дапамагчы сацыяльна неабароненым жыхарам раёна таксама могуць звяртацца па дапамогу – цэнтр выдзеліць транспарт, калі сацыяльную дапамогу трэба будзе перавезці на месца прызначэння.

Супрацоўнікі “Цёплага дома” працягваюць займацца самаадукацыяй, вывучаюць новыя методыкі, якія тычацца вучэбных гурткоў, працы з інвалідамі.

– Пасля семінараў з’яўляецца магчымасць напісаць праект або стаць удзельнікам нейкага праекта, – кажа Юлія Шпакоўская, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. – У нас былі два паспяховыя праекты, дзякуючы якім мы стварылі сацыяльную пральню і майстэрню па пашыве і рамонце швейных вырабаў, атрымаўшы пральныя і швейныя машыны. Акрамя таго, мы заснавалі клуб “Вясёлка”. У яго ўваходзіла група дзяцей, якія знаходзіліся на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Мы ладзілі для іх тэматычныя заняткі, вазілі на экскурсіі ў Мінск. Гэтыя дзеці ўжо выраслі, але супольна з арганізацыяй “Чырвоны крыж” у нас рыхтуецца праект такога ж кшталту.

Цяпер мы таксама задзейнічаныя ў адным праекце, дзякуючы якому ў “Цёплым доме” з’явіцца бюро сацыяльнай інфармацыі. Яно будзе займацца бясплатнай кансультацыяй, правядзеннем трэнінгаў, семінараў. Адным словам, досвед працы з замежнымі арганізацыямі ў нас ёсць, але хацелася б, па магчымасці, яго пашыраць.

Святлана СТАНКЕВІЧ.
Фота Андрэя РОГАЧА і Святланы СТАНКЕВІЧ.