Адны ведаюць Анатоля Капцюга як краязнаўцу, іншыя – архітэктара, што вельмі шмат робіць для свайго горада. А чытачы «Рэгіянальнай газеты» –  яшчэ і як дырэктара Школкі, які праз рысункі паказваў побыт жыхароў нашага рэгіёну.

Анатоль Капцюг. Адначасова архітэктар, краязнаўца, мастак і дырэктар школкі, якая амаль паўгода расказвала чытачам «РГ» праз свае малюнкі пра побыт і культуру жыхароў рэгіёну.

– Анатоль Іванавіч, школка пакуль што на канікулах. Але чытачы не перастаюць цікавіцца, калі ж мы нарэшце паклічам іх на заняткі?

– Калі шчыра, то ўвесь гэты час быў вельмі заняты. Вось разбяруся са сваімі справамі і зноў вазьмуся за аловак. Вы думаеце маляваць так проста? Гэта цяжкая, карпатлівая работа, якая патрабуе сіл, уважлівасці, уседлівасці. Тым больш, што я не прафесійны графік, а архітэктар, якога жыццё вымусіла стаць мастаком. Дарэчы, усе мужчыны на маіх малюнках напісаныя з мяне. Браў люстэрка, ставіў перад сабой і… маляваў. У мяне ж няма, як у іншых, натуры. Дарэчы, я ведаю мастака, які пісаў па памяці. Міхаіл Савіцкі. Яму ўвесь Саюз мастакоў дзівіўся.

Першы здымак з мамай. Вясна 1952 года.

– Маляваць можна навучыцца, ці для гэтага ўсё ж трэба талент?

– Можна. І для гэтага ёсць спецыяльныя праграмы. Нават для настаўнікаў пачатковых класаў.
Дарэчы, я памятаю сваю першую настаўніцу малявання. Гэта Святлана Паўлаўна Траццякова. Бывала, выкліча мяне да дошкі, дасць заданне. Ну, напрыклад, намаляваць бярозкі. Адразу намалюю іх для ўсяго класа на дошцы, пасля сабе ў альбоме і яшчэ ўсім сваім сябрам з вуліц 17 Верасня, Молакава, Дзяржынскага. Рабіў часам па 10 малюнкаў. Маляванне – Божая кара. Як алкагалізм. Калі ты за гэта ўзяўся, то не можаш спыніцца.

1963 год. Анатоль Капцюг (злева) разам са сваімі сябрамі.

– Колькі вам спатрэбілася часу, каб намаляваць, напрыклад, сялянскую сядзібу?

– Бывала, над адным малюнкам сядзеў два альбо тры дні. Калі і больш. Павінны сказаць, што ў газеце чытачы іх бачылі ў паменшаным выглядзе. На самой справе малюнкі куды большыя.

– У які час сутак вам лепш працуецца?

– Усё залежыць ад таго, якой працай займаюся. Маляванне – тэхнічная работа. Гэта тое ж, што лапатай градку капаць. А працуецца лепш вечарам. Спаць кладуся не раней за дзве гадзіны ночы.

Восень 2007 года. Анатоль Капцюг (злева) і Анатоль Рогач ля возера Свір. Магчыма, на адным з гэтых камянёў мог сядзець Ігнат Ходзька.

– Быць дырэктарам школкі лёгка?

– Я б не сказаў. Чалавек не можа ўсё ведаць. Калі працаваў над малюнкам “Кавальства”, нават прыйшлося вывучаць, што такое ціскі. Звярнуўся да мастака Барыса Цітовіча. Ён прынёс свае замалёўкі, кніжкі, якія захаваліся з таго часу, калі працаваў у Дудутках.

На тым малюнку я нас абодвух і намаляваў. Цітовіч у мяне майстар. Я сам – падмайстар. А наогул над праектам працавалася лёгка.

Першага верасня 1985 года. Дачка Вольга стала першакласніцай.

– Дзяцінства ваша прайшло на хутары ў бабы Агаты. Што з таго жыцця больш за ўсё запомнілася?

– Калі пачаў паказваць сялянскае жыццё ў малюнках, раптам злавіў сябе на думцы, што добра памятаю ўсё. Быццам тое, што адбывалася ў дзяцінстве, ляжыць дзесьці ў галаве за вухам. Спатрэбілася – знайшоў. А што запомнілася? Прырода, прастор. Вечары ў бабулінай хаце, дзе не было ні святла, ні радыёкропкі. Затое была кніжка пра нейкіх Казіка і Яську на польскай мове. Па ёй бабуля мне паказвала літары.

– Разглядаючы вашы малюнкі, я вельмі шкадавала зяця. Нейкі ён прыгнечаны. Не гаспадар у хаце, ці што. Усім запраўляе цешча. Яна нават ключы пры сабе носіць. Ад свірна, клеці.

– Прататыпы герояў, канешне ж, мае родныя. Толькі я памяняў характары. Цешчу зрабіў жанчынай строгай і ўладарнай. Зяця – спакойнага і пакорлівага. Хаця ў нашай сям’і было ўсё наадварот. Дзед меў характар, меў у хаце голас. У яго ўсе хадзілі як па струнцы.

– Пра што б вы ні расказвалі, пра сялянскую сядзібу, свіран, клець, павець, абавязкова на кожным малюнку малявалі ката. Вы любіце хатніх жывёл?

– Люблю. Цяпер у мяне жывуць дзевяць катоў. Праўда, у хату я пускаю толькі трох: Белкіна, Куню і Сяргея Міхайлавіча. Яны – родныя браты. Яшчэ ў мяне ёсць кот Чорт, які ходзіць біцца з іншымі катамі на вуліцу Савецкую, кошка Ксюша. Яна жыве на верандзе.

Калісьці мне яшчэ маці казала: “Не стане мяне, пакінь катоў. Гэта толькі на першы погляд здаецца: адкінуў нагой, пайшоў. На самой справе ў іх таксама сваё жыццё. І любоў, і рэўнасць, і дружба, і клопат”.
Калі ёсць час, я за імі назіраю.

І шмат чаго паспеў заўважыць. Напрыклад, тое, што старэйшыя браты і дзядзькі вучаць малых катоў біцца і калі ядуць каты, кошкі ніколі не сядуць побач з міскай. Калісьці ў маёй маці жыў кот Белакыць. Цэлых 15 гадоў. Дык вось ля скаварады ён заўсёды быў галоўны, як сяржант. Пасля яго я не магу вырасціць такога.

– Анатоль Іванавіч, малюнкі вашы былі не толькі цікавыя, пазнавальныя, прыгожыя, але і, даруйце, “смачныя”. Чаго толькі варты свіран, дзе былі развешаныя кумпякі і кілбасы. Памятаеце іх смак?

– Мая бабка Агата жыла па праваслаўных канонах, хаця сама была шляхцянка-ўніятка. Ежу гатавала розную. А што больш за ўсё з дзяцінства запомнілася, дык верашчака. Пры магчымасці, я не раз заказваў гэту страву для сябе ў кафэ, рэстаранах. І нідзе не еў такой, як варыла бабуля.

А яшчэ памятаю смак хлеба бабкі Настулі, спечаны на кляновых лістах. Дзіцячая памяць нават часткова захавала рытуал яго прыгатавання. Бабуля брала лапату, клала на яго цеста, садзіла ў печ. А дастаўшы, каб астудзіць, палівала вадой.

На ўсё жыццё запомніліся мне паўлітровыя алюмініевыя конаўкі, у якія Настуля налівала малако, і скіба таго хлеба. Адразала яго жанчына, паклаўшы на руку і прыціснуўшы вялікі бохан да сябе. Да 50 гадоў дажыў, а пах той да сённяшняга дня помню. Здаецца, што нічога смачнейшага і не еў. Валік прыходзіць, садзімся, успамінаем.

– А хто такі Валік?

– Унук бабкі Настулі, пра якую я вам толькі што расказваў. Мы з ім сябруем з дзяцінства. А калі больш дакладна, то з радзільнага дома?

– Вы нарадзіліся ў Вілейцы?

– Ёсць у гэтым горадзе такое цікавае месца – Вілейскі радзільны дом. Уяўляеце, 1951 год, зіма. Мяне мамка па крутых прыступках радзільнага дома выносіць на вуліцу, дзе ля дзвярэй ужо чакае на санях бацька.

Разам з Валікам Ахрэмам, які па пашпарце на дзень за мяне старэйшы, а на самой справе на шэсць гадзін маладзейшы, закручваюць у кажух і вязуць дадому.

Дарэчы, скляпала нас жыццё надзейна. Сябруем па сённяшні дзень. А пра ўсё гэта мне расказвалі бацькі, калі яшчэ былі жывыя. Найбольш бацька, я вельмі любіў яго распытваць. Калі я пачаў займацца гісторыяй свайго роду, высветліў, што мы з Валікам сваякі. Пераплятаемся два разы па жаночай і мужчынскай лініях, з 18 і 19 стагоддзя. Па мужчынскай лініі  ў нас агульная прабабка.

Маці Вера Паўлаўна ля свайго дома.

– Вы добра ведаеце свой радавод?

– Цікаўлюся і займаюся гэтай справай. Дарэчы, Капцюгі – праваслаўныя. І родам з Бараўцаў. Тым не менш, як прыеду ў Польшчу, усе кажуць, што ў мяне каталіцкае прозвішча. Бо Капцюг у перакладзе з польскай – кісет. Мой дзед Грышка быў прымака. Захавалася нават яго пасведчанне аб шлюбе за 1899 год. Яго бацька, Змітрок, быў жанаты два разы. Ад першага шлюбу меў двух сыноў: Івана і Грышку. Ад  другога – яшчэ восем дзяцей. Шмат гадоў служыў у войску. І неяк хітра служыў, відаць, недалёка. Бо дзеці ў яго нараджаліся часта.

Канешне ж, сыноў ад першага шлюбу ім з маладой жонкай хацелася як найхутчэй выправіць у людзі. Іван паехаў на заробкі ў Аргенціну. А майго дзеда Грышку, як толькі падрос, жанілі на Агаце Дзічкевіч, якая была родам з Урэчча. Вы ўжо ведаеце, што на гэтым хутары прайшло маё дзяцінства. І менавіта ён дапамог мне стварыць серыю малюнкаў, якія паказваюць побыт жыхароў нашага рэгіёну.

Маці звалі Верай Паўлаўнай Круцько. Яе, як і бацькі Івана Рыгоравіча, на гэтым свеце ўжо няма. Я ў іх адзіны сын, і таму, калі бацькі занемаглі, вымушаны быў пакінуць горад, дзе жыў і працаваў, і вярнуцца на радзіму. Хацеў быць побач, лічыў сваім доўгам аблегчыць іх старасць.

За гэты час я не раз ездзіў на свой хутар, размаўляў з мясцовымі бабулькамі. “Хто ж ты?” – пыталіся ў мяне. “Грышкаў унук, Іванаў сын”, – казаў я. Не памяталі. Тады пачынаў заходзіць з іншага боку і расказ-
ваць, што я – сын швачкі Веры з хутара. Маці помняць усе. Яшчэ польская закройшчыца і швачка, яна працавала ў атэлье і абшывала ўсіх мясцовых людзей. Ды, напэўна, і не толькі іх.

– Як думаеце, ад каго ў вас талент да архітэктуры і малявання?

– Малявала мая мама. Але большая іскра выехала на мне. Наогул, уся наша радня круціцца вакол Цінцевіч і прозвішча Сільвановіч. А ў гэтым родзе, як вядома, ёсць мастакі. Не раз заўважаў: як толькі вілейскі чалавек малюе, то звярніся да яго радаводу і абавязкова знойдзеш сільвановіцкія карані. Гэта ўжо нешта на генным узроўні.

Анатоль Капцюг у ролі Астапа Бэндэра.

– А вашы дзеці малююць?

– У мяне адна дачка. І той няма, замуж аддаў. (Смяецца).

– Раскажыце пра сваю сям’ю?

–  Жонку завуць Таццяна Леанідаўна. Дзявочае прозвішча –  Чарняхоўская. Яе продкі з паўночнай Украіны, адкуль калісьці былі высланыя ў Іркуцк. Дачка, Вольга, дарослая. А ў дзяцінстве была вельмі адораным дзіцем. Малявала, пісала вершы, лепшыя, чым я. Як пайшла ў школу, надаваў ёй па руках, забраў усе пэндзлікі і сказаў, што мастачкай ёй быць не трэба. Я ўжо крыху пажыў на свеце, быў знаёмы з многімі мастакамі, скульптарамі і ведаў, што гэта за хлеб.

Сёння мая Вольга кіраўнік групы распрацоўкі камп’ютарных праграм адной з замежных фірмаў. Працавала ў Амерыцы. Закончыла ўніверсітэт, амерыканскі каледж, валодае некалькімі мовамі.

– Вы ўжо дзядуля?

– Вы ж ведаеце, што дырэктар вашай школкі дзядзька Капцюг. У іншым выпадку я пісаў бы дзед Капцюг.

– Праект у “Рэгіянальнай газеце” прынёс вам вядомасць. На вуліцах роднага горада пазнаюць?

– Пазнаюць. Уяўляеце, іду, бачу, на мяне дзяўчына глядзіць. Я толькі сабраўся змяніць паставу, думаю, спадабаўся, а яна кажа: “Во, я гэтага дзядзьку ў газеце бачыла”. (Смяецца). Неяк зайшоў у краму заказаць акуляры. Толькі прымераў, нейкі хлопчык з бацькам заходзяць. Малы – ну, можа, першакласнік – паказвае на мяне і кажа: “Во, дзядзька з газеты прыйшоў”. Раней як гляне хто на цябе, дык, думаеш: во, на Капцюга яшчэ можна паглядзець. А цяпер разбірайся, на Капцюга глядзяць ці дзядзьку з газеты.

– А як архітэктара вас ведаюць?

– У Савецкім Саюзе было 270 мільёнаў чалавек. На гэтых 270 мільёнаў прыходзілася толькі 25 тысяч архітэктараў. І што галоўнае: будынкі ведаюць, архітэктараў – не. Выйдзіце на вуліцу і спытайцеся ў людзей, хто спраектаваў, напрыклад, Нацыянальную бібліятэку. Вам наўрад ці адкажуць. Такі вось у нас лёс. А наогул, работа архітэктара цікавая. І што самае галоўнае, ніколі не ведаеш, дзе знойдзеш, дзе згубіш. Бываюць ідэі, якія, здаецца, у жыццё ўвасобіць нерэальна. І раптам з гэтага нерэальнага што-небудзь выклёўваецца і вырастае.

Image 1468

Малады архітэктар Анатоль Капцюг працуе над праектам.

–  Якімі праектамі можаце пахваліцца вы?

– Я працую 33 гады і маю вельмі шмат праектаў. Не падумайце, што хвалюся, але ні за адзін мне не сорамна. А што запомнілася? Праца над жылым корпусам Жыровіцкага мужчынскага манастыра. Было гэта яшчэ за брэжнеўскім часам. Я тады ўжо меў пасаду старшага архітэктара. Праект павінны былі рабіць у Мінску, але ЦК не дазволіла і яго пераадрасавалі ў Гродна. Многія калегі спалохаліся, гэтай работай можна было сапсаваць сабе кар’еру. А я не збаяўся. Паехаў у манастыр, жыў з манахамі іх жыццём.

На жаль, праект рэалізаваць нам усё адно не далі. Забаранялі, цягнулі з падрадчыкамі. Ён і сёння толькі на паперы. Але з 1982 года я ўсё адно час ад часу езджу ў манастыр. Там у мяне ёсць ложак, дзе заўсёды магу пераначаваць.

Анатоль з жонкай Таццянай у Заброддзі. у гасцях у Валянціны і Барыса Цітовічаў.

– Анатоль Іванавіч, а што ўдалося рэалізаваць?

– Такіх праектаў вельмі шмат, у тым ліку і ў Гродне, дзе жыў і працаваў. Гэта эксперыментальныя шматпавярховыя дамы серыі 88, прыходскія дамы Свята-Уладзімерскай царквы, царква святой роўнаапостальнай Вольгі пры Пакроўскім саборы, Вадасвятная капліца, дзе бяруць святую ваду. Яна ўжо ўнесеная ў спісы, як помнік архітэктуры. Малітоўны дом адвентыстаў сёмага дня таксама ўдалая работа. І многія іншыя.

2007 год. Докшыцкі раён. Анатоль Капцюг ля ўказальніка да вёскі Капцюгі.

– Ведаю, што вы зрабілі вельмі шмат для Вілейкі і раёна?

–  Думаю, што ўсё і не пералічыш. Рыхтаваў памятныя знакі і дошкі, працаваў над рэканструкцыяй і добраўпарадкаваннем плошчы, гарадскога парку, аўтазаправачнай станцыі. Справа маіх рук і фантан у Вілейцы, званіца, а таксама капліца Барыса і Глеба ў Заброддзі, эскізы партрэтаў да памятных дошак, мемарыял зніклым вёскам каля Снежкава, роспіс краязнаўчага музея і інш.

Вельмі люблю, калі зробленае жыве. Неяк расказалі, што ў фантане, які праектаваў, моладзь ахалоджвае піва. Думаеце мяне гэта абурыла? Наадварот. Во, падумалася, не толькі фантан зрабіў, але і халадзільнік. (Смяецца).

Фантан, канешне ж, упрыгожвае горад. Я і сам там люблю пасядзець, паглядзець. Але не трэба рабіць з яго нешта святое. Я шмат падарожнічаў па іншых краінах, там людзі ў фантанах купаюцца. І ніхто на гэта не звяртае ўвагі. Усё, што зроблена для людзей, павінна служыць, выкарыстоўвацца. Бо ўсё, што проста так стаіць, іржавее, памірае. Як хата, у якой гаспадары больш не жывуць.

– Кім бы вы сталі, каб не сталі архітэктарам?

– Мая армейская спецыяльнасць – механік-вадзіцель артылерыйскіх цягачоў. Закончыў прафесійную аўташколу. Два гады працаваў на Нарачы, дапамагаў начальніку летніка. Вадзіў катэр. Можа, каб не стаў архітэктарам, звязаў бы свой лёс з тэхнікай, машынамі.

Чытайце 50 з гакам.

– Што б хацелася змяніць у горадзе дзяцінства?

– Хочацца, каб у Вілейцы было больш людзей, якія б хварэлі за гэты горад.

Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

Публікацыі рубрыкі «Школка дзяцькі Капцюга».