Калі раней надбаўкі да цаны прадпрыемства-вытворцы або імпарцёра былі строга фіксаваныя, то цяпер цэнавая дынаміка будзе залежаць ад прадаўца.


Дакумент не кране 50 сацыяльна значных тавараў, сярод якіх хлеб, малако, крупы, некаторыя віды рыбы, гародніны, садавіны, лекавыя сродкі і інш.

Якім чынам перамены ў бок лібералізацыі цэн адаб’юцца на спажыўцу? Ці варта баяцца скачка цэн і наколькі сумленна павядуць сябе рэалізатары прадукцыі ў не вельмі спрыяльны для пакупніка час крызісу? Аб гэтым мы даведаліся ў работнікаў смаргонскай сферы гандлю.

Дырэктар рэстарана “Вілія” Таццяна Садоўская лічыць, што можна скарыстацца магчымасцю і панізіць цэны для павелічэння тавараабароту:

– Павышэнне цэн мы не плануем. Наадварот, выкарыстоўваем меры для прыцягнення кліентаў. На гэтым тыдні, напрыклад, надбаўка ў нашым рэстаране складае 30% замест звычайных 70%. Па-іншаму нельга, бо плацежаздольнасць людзей панізілася. Трэба паляпшаць рэнтабельнасць
за кошт зніжэння цэн і павышэння тавараабароту, што мы і робім.

Вядучы эканаміст па цэнах смаргонскага райспажыўтаварыства Галіна Сідаровіч таксама запэўніла, што цэны пасля 29-га кастрычніка не павышаліся:  

– Прынялі рашэнне пакінуць цэны ранейшымі. Ні падымацца, ні павышацца яны не будуць. Праводзім маніторынг і ведаем, што яны ў нас на ўзроўні канкурэнтаў. Такімі іх і плануем пакідаць.

– Мы дазволілі сабе крыху адпусціць цэны на дробязь для павелічэння прыбытку, – зазначыла прадавец крамы “Свет камп’ютараў” Ірына Пермякова. – Прыйдзе новая партыя тавару – падымем надбаўку прыкладна да 40% замест ранейшых 30%. Напрыклад, камп’ютарная мышка, якая каштавала 13 тысяч, цяпер будзе каштаваць 15. Але гэта тычыцца толькі драбязы – цэны на маніторы і іншыя буйныя тавары застануцца на тым жа ўзроўні.

Дырэктар рэчавага рынку “Стыль” Алена Паўлоўская лічыць, што пастанова – правільны крок да лібералізацыі эканомікі:

– Гэта вельмі своечасовая пастанова, таму што абмяжоўваць надбаўкі, калі тавар залежваецца на прылаўках і складах, не мае сэнсу.

На сённяшні дзень, у перыяд не вельмі добрага продажу, не можа быць і гаворкі аб падаражанні. Нават на бытавую тэхніку панізіліся цэны і выкарыстоўваюцца не 30% надбаўкі, а ўсяго 10%. Тое ж тычыцца і швейнай прадукцыі – падаражанне нідзе не назіраецца. Наадварот – людзі паніжаюць цэны, каб прадаць тавар.

Да вялікага сезоннага распродажу, які праходзіць у Еўропе, мы таксама прыйдзем, але трэба час.
Пра якія глабальныя зніжкі можа быць гаворка цяпер, калі некаторыя знаходзяцца на мяжы выжывання – настолькі невялікая рэнтабельнасць.

Калі прадаўцы былі абмежаваныя надбаўкай у 30%, запасы рэнтабельнасці вельмі цяжка было напрацаваць, бо існуюць адзіны падатак, фіксаваны ПДК, высокія камунальныя плацяжы. Гэты крок у выглядзе пастановы павысіць магчымасць накапіць рэнтабельнасць на працягу года для таго, каб зрабіць сезонны распродаж.

Галоўны бухгалтар прадпрыемства рознічнага гандлю “Шанс” Віктар Кавяза паведаміў:
– Узровень цэн застаўся ранейшы. Указ, які тычыцца узроўню інфляцыі, яшчэ ніхто не адмяняў, таму пастанова – палка на два канцы. З аднаго боку, мы атрымалі свабодныя надбаўкі, з другога – не можам імі скарыстацца ў бок павышэння цэн, таму што тавар павінны быць канкурэнтаздольным.

Дырэктар ГУМа Таццяна Булыга салідарная з калегам ў пункце гледжання на дакумент:
– Скарыстацца магчымасцямі, дадзенымі пастановай, мы не можам. На сённяшні дзень надбаўка, якую мы маем, – аптымальная, і павышацца яна не будзе.

Тавары не вельмі добра прадаюцца, застаецца шмат рэшткаў, якія трэба нейкім чынам рэалізаваць. Панізіць цэны мы таксама не можам, бо гэта не будзе значыць,што пры іх паніжэнні пакупнікі кінуцца за таварам. Для гэтага трэба будзе зрабіць кошты мізэрнымі, як у сэканд-хэндзе. Гандаль ледзь выжывае за 30%, таму дазволіць паніжэнне надбаўкі мы таксама не можам. Дынаміка цэн будзе залежаць хіба што ад вытворцы.

Святлана СТАНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Публікацыя абмяркоўваецца на форуме.