“Учора ўдзельнічала ў педагагічным семінары, – дзеліцца ўражаннямі знаёмая, – абмяркоўвалі цікавую тэму: “Як правільна выхоўваць дзяцей”.

Бацьковая школа.

“Ну і як жа?” – з надзеяй пытаюся ў яе. “Гатовага рэцэпта не знайшлі, – адказвае жанчына, – усё павінна быць індывідуальна”.

“Ніколі не думала, што не змагу справіцца з 13-гадовым дзіцем, – расказвала неяк сваячка, – не хлопец расце, а нейкі сарвігалава. У дзённіку адны заўвагі, у пакоі ўсё дагары нагамі. А пачнеш крычаць, рабіць заўвагі, яшчэ горшы робіцца”.

“Можа, яму заняцца чым-небудзь трэба, – раіла ёй тады я, – у чалавека вельмі шмат энэргіі, ён не ведае, куды яе дзець. Няхай паходзіць на футбол альбо баскетбол”. У спорт хлопца так і не аддалі. Не захацеў. Затое купілі камп’ютар і падключылі яго да Інтэрнэту. Каб развіваўся, каб было чым заняцца. Ён і развіваўся. Пакуль бацькоў не было дома, хадзіў на розныя недзіцячыя сайты.

Бліжэй да мая агледзеліся і, каб правучыць, на ўсё лета адправілі ў ссылку да бабулі ў вёску. Канікулы дарма не прайшлі. Навучыўся курыць. У верасні яго тройчы застукалі ў школьным туалеце з цыгарэтай.
“Ну, і што з ім рабіць?” – біліся ў істэрыцы бацькі. “Цыгарэт купіце дарагіх, каб не травіўся абы чым, – кажу ім, – і аддайце перад тым, як будзе адыходзіць у школу”. На мяне ж, канешне, пакрыўдзіліся.

Літаральна ўчора маці цяпер ужо 14-гадовага неслуха патэлефанавала зноў. Кажа, скарыстала маю параду. Купіла  сыну на дзень нараджэння ўпакоўку запалак і блок цыгарэт. Узяў, сказаў “дзякуй”, а вечарам падышоў да маці павініцца. Маўляў, даруй, дурны быў. Больш ніколі такога не паўторыцца. А цыгарэты аддай бацьку.

Неяк прачытала цікавы выраз: “Пераходны ўзрост – гэта такі ўзрост, калі падлеткі не могуць зразумець, чаму ў такіх дурных бацькоў нараджаюцца такія разумныя дзеці”.

“Ой, хто калі ведаў пра гэты пераходны ўзрост, – разважае знаёмая бабуля. – Гэта цяпер ужо нешта прыдумалі. А я сваіх чацвярых дзяцей гадавала, ніякіх праблем не ведала. Паслухмяныя былі, добрыя. Ніколі ні на мяне, ні на бацьку голасу не ўзнялі”. І, уздыхнуўшы, пачынае расказваць пра ўнучку сваёй сястры, з якой не маглі зладзіць усёй раднёй, пакуль бацька добра не адлупцаваў.

“Я ў дзяцінстве была такая гультаяватая, – прызнаецца адна знаёмая, – прыйду дадому са школы, параскідаю па кватэры абутак, адзенне, кніжкі са сшыткамі. А што посуд ужо не любіла за сабой мыць, дык проста бяда. Шэсць разоў за дзень буду гарбату піць, дык шэсць кубкаў і задзейнічаю. Маці акуратнасці мяне вучыла кожны дзень.

Прычым рознымі метадамі. Расказвала, паказвала, угаворвала, сароміла, садзіла побач з сабой і расказвала, што дзяўчынка павінна быць акуратная, яна ж будучая жонка, маці, гаспадыня. Словы яе адбіваліся ад мяне, як ад сценкі гарох. А пасля да нас пераехала жыць бабуля. Яна не выказвала ніякіх прэтэнзій, не чытала лекцый.

Брала невялічкую цыратку, засцілала на мой ложак і складвала на яе нямытыя талеркі, лыжкі, кубкі. А побач – кніжкі, адзенне. Гэтыя карпацкія горы мне надакучылі за тыдзень. Я ведала, што бабуля не адступіцца, і пачала прыбіраць за сабой”.

Паспрабуй паспрачайся пасля гэтага з педагогамі, якія вырашылі на сваім семінары, што да кожнага дзіцяці павінны быць свой падыход.

Марына Сліж.