1941 год застаў нашу сям’ю ў Расіі, куды ў 30-я гады мінулага стагоддзя майго бацьку, селяніна з вёскі Леснікі Плешчаніцкага раёна (цяпер Лагойскага) Мінскай вобласці выслалі за “палітыку”.

У прыгаворы было напісана: “Тры гады лагераў і бестэрміновая высылка”. Абвінавацілі бацьку ў тым, што ён пісаў пісьмы роднаму брату Ігнату, які жыў у суседняй вёсцы, якая апынулася за  мяжой, у Польшчы.

Бабуля вучыла ўнукаў любіць усё жывое.

Станіслаў Ляшковіч нераўнадушны да коней.

У бацькоўскім двары жыве вось такі вартаўнік.

Дзеці Станіслава Ляшковіча праводзілі канікулы ў вёсцы Абадоўцы Вілейскага раёна. Двор у бабулі быў поўны рознай жыўнасці.

Выжылі дзякуючы маме і… трусам

Тады мы жылі на чыгуначнай станцыі Васкрасенск Маскоўскай вобласці. Станцыя гэта вузлавая, яе часта бамбілі нямецкія самалёты. З першых дзён вайны мы пазбавіліся кармільца (бацька пайшоў на фронт), і маці завяла гаспадарку, каб выжыць. Купіла казу і трусоў. Мы – чацвёра дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту – дапамагалі ёй, як маглі.

Я, дзевяцігадовы, адказваў за трусоў. “Палітычныя” жылі ў драўляным двухпавярховым бараку. На двары – такой жа даўжыні хлеў, падзелены на секцыі. У нашай секцыі і размнажаліся трусы. Самцоў трымалі асобна: яны былі забіякі. Для іх з мамай збілі некалькі клетак-скрынак.

Такая вось прымітыўная была наша ферма. Але як яна выручала нашу сям’ю! Асабліва пасля таго, як укралі нашу карміцельку – казу Розку. А калі, памятаю, зімой укралі і месячныя хлебныя картачкі на ўсю сям’ю – зусім стала дрэнна. Я з распухлымі ад голаду рукамі апынуўся ў бальніцы.
Але мы выжылі! Дзякуючы старанням нашай мамы-працаўніцы і… трусам. Іх незвычайнай пладавітасці, непераборлівасці і іншым карысным якасцям, якіх, як аказалася, людзі толкам да сённяшняга часу не ведаюць.

Маленькая “ферма” ў Абадоўцах

На ўсё жыццё стала для нашай сям’і за правіла лічыць свойскіх жывёл сваімі меншымі братамі, жыць з імі адной сям’ёй.

Гэту ўнутраную сувязь з усім жывым мама прывівала і нашым дзецям, яе ўнукам. Калі мы жылі далёка ад яе, у Ніжнім Ноўгарадзе, мае дзеці – два сыны – вельмі любілі праводзіць школьныя канікулы ў бабулі ў Беларусі, у вёсцы Абадоўцы Вілейскага раёна. Там праводзілі канікулы і дзеці маёй малодшай сястры, Зінаіды, з суседняга калгаса.

Двор бабулі быў поўны ад усялякай жыўнасці: карова, цялё, пяць коз, да трох дзесяткаў нутрый, трусоў, не лічачы курэй, прытым розных парод, і маленькіх цацарак. Дзеці самі даілі коз і пілі сырадой. Зналі звычкі жывёл. Бо не ўсялякая каза дазволіць яе падаіць, калі не пачаставаць яе чым-небудзь смачным. Напрыклад, хлебнай скарыначкай ці яблыкам – у нас быў вялікі дагледжаны сад.

Коней люблю з дзяцінства

…Напэўна, на генетычным узроўні я нераўнадушны да коней. Некалі ва ўсіх краінах савецкага блока забаранялася трымаць коней у прыватнай уласнасці. Але нам, вясковым хлапчукам, хапала калгасных. Мы ганялі іх на начлег, трыножылі (путалі пярэднія ногі), а раніцай прыганялі на конны двор на работу.

І сваіх дзяцей я прывучаў да коней. Вучоба не абыходзілася без здарэнняў. Аднойчы падчас чарговага адпачынку ў бацькоў падсадзіў я свайго малодшага дзесяцігадовага сына на жарабца. Напомніў: “Трымай, сынок, павады, каб конь адчуваў седака”. А як потым высветлілася, у канюшні пакінулі ў стойле яго “зазнобу” – кабылу Сільву, якая была “у ахвоце”. Таму панёс жарабец майго сыночка да Сільвы галопам. На павароце вуліцы сядок не ўтрымаўся за грыву і паляцеў кулём.

Я сам напалохаўся не менш – схапіў яго ў ахапак і бягом дадому да бабулі. На вёсцы яе, цётку Ядзю, лічылі “доктарам”, яна была знахаркай і ўмела загаворваць хваробы. Бабуля супакоіла ўнука, наліла ў талерачку адвару травы “ад спалоху”, пашаптала малітву, водзячы іголкай па талерачцы перад носам “пацыента”, і дала выпіць.

Перавагі сваіх прадуктаў

Аднак вернемся да ўнутранай сувязі з усім жывым, асабліва з дамашняй скацінай. Для мяне гэта сувязь была непарыўнай з самага дзяцінства, далёкага, ваеннага, галоднага. Я глыбока перакананы: жывёльны рай магчымы толькі ў прысядзібнай гаспадарцы ці на ферме, але ніяк не на калгасным малочнатаварным комплексе, дзе сотні гадоў буйной рагатай жывёлы стаяць пад адным дахам. Немагчымы птушыны рай і на птушкафабрыцы.

Прадукцыю “індустрыяльнага пекла” я адчуў на сваёй уласнай скуры. Мая маці нейкі час жыла  ў горадзе Маладзечна  ва ўнука ў тыповай пяціпавярхоўцы. Гэта ў чатырох кіламетрах ад маёй трусінай фермы, дзе я трымаў 4-5 дзесяткаў курачак-нясушак у вёсцы Мойсічы. Адным разам я заначаваў у родных у Маладзечне. Па сваёй даўнейшай звычцы маці паклала мне на сняданак пару сырых курыных яечак, заварыла чай на травах…

Але не ўгледзела, што яйкі аказаліся не вясковыя з маёй фермы, а з магазіна з датай збоку, г.зн. з птушкафабрыкі… Пад вечар мяне забрала “хуткая дапамога” ў інфекцыйную бальніцу з дыягназам “сальманэлёз”. Яйкі з птушкафабрык, як вядома, перад спажываннем трэба падвяргаць тэрмаапрацоўцы. Знешне яны не адрозніваюцца ад вясковых, экалагічна чыстых, – але толькі знешне.

Усё жывое пацярпела ад індустрыялізацыі

Да 1987 года на працягу 16 гадоў я праходзіў вайсковую службу ў Ніжнім Ноўгарадзе на авіяцыйным заводзе “Сокал”. І амаль кожны год ездзіў у Абадоўцы на зімовае паляванне на дзіка, лісу, зайца, курапатку. Раней іх было шмат. Снежнай зімой, бывала, курапаткі часта заляталі ў вёску на падворак карміцца.

Пагалоўе дзікіх жывёл моцна пацярпела ад неразумнай меліярацыі і індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі. Калі ўзаралі пералесачкі, павыраўноўвалі глыбокімі канавамі малыя рэчкі пад буйнаконтурныя палі для цяжкага трактара К-700, то забыліся, што адвалы канавы хаваюць пад сабой крыніцы, якія жывяць саму рэчку і ўсё жывое ў ёй.

А яшчэ больш пацярпеў жывёльны свет ад татальнай хімізацыі. У гэтых пералесках гняздзілася ўсялякая жыўнасць, і не толькі дробная. А колькі мы, хлапчукі, лавілі рыбы, ракаў у рэчцы Альшынцы і ў сажалках, калі яны былі чыстыя! Прытым лавілі часцей рукамі.

Ці якім-небудзь іншым прымітыўным спосабам. Завяжам, напрыклад, кошык для бялізны анучай з рукавом пасярэдзіне, праз рукаво ўкладзём прыкорм для рыбы (лепш за ўсё макуху) і апускаем кошык у глыбокае месца сажалкі. І праз паўгадзіны даставай паўкошыка карасёў! Цяперашнія дзеці ўжо не ловяць карасёў ў бабулінай вёсцы: сажалкі сталі мёртвыя ад хімічных сцёкаў з палёў і машынна-трактарнага двара.

Гэта сітуацыя ў беларускай вёсцы вельмі падобная да сітуацыі на расійскай рэчцы Кішма, якая пацярпела ад птушкафабрыкі з яе індустрыяльным пеклам. Ніжэй “птушніка” перавяліся не толькі ракі, рыба, але змоўклі нават жабы. Рака стала мёртвай. Такой, як сажалка ў бабулінай вёсцы.

Станіслаў ЛЯШКОВІЧ, фермер, Мінск-Ніжні Ноўгарад.
Фота забяспечана аўтарам.