Хата майго дзяцінства стаяла ля прытока ракі. У нашы тыя галапузыя часы гэтая рэчачка была ў самы раз: і пакупацца, і рыбы злавіць для ката. А раней, казалі, была яна паўнаводная – плавалі і акуні, і шчупакі…

Мэтай майго падарожжа было прайсціся ад вёскі дзяцінства Гарадок (былога мястэчка) да вытокаў Беразіны. Умова – як мага бліжэй да рэчышча…

У Гарадку ледзь развіднела, калі я пачаў рух. Бачу адроджаную царкву, касцёл, што будуецца, мінаю месца, дзе некалі быў базар.

Мост праз Беразіну глядзіць на злучэнне рэчкі з ракой. Пераходжу яго і, спусціўшыся ў расу, крочу да сасновага лесу. Шлях да ракі ідзе паралельна шашы Маладзечна-Гарадок-Алёхнавічы. А вось і ён – другі сыпіст. Так мы называлі зробленую прыродай шырокую выемку ў высокім беразе з жоўтым пясочкам – цудоўны прыродны пляж. Колькі іх, дзяцей гарадоцкіх і прыезджых, грэлася тут пасля купальных мерапрыемстваў. Эх, мілая пара дзяцінства, юнацтва! Колькі яшчэ наперадзе, і ўсё такое чыстае, бо шлях толькі пачынаецца.

Уся даліна ў высокай і дзікай траве. А якая касьба кіпела тут летам раней!
Сыпіст трэці дык зусім не праглядваецца, і толькі стромкі бераг захаваў рэшткі былога краявіду. Прырода сапраўды не любіць пустаты: калі чалавек прысутнічае рэдка, дык яна дзейнічае па-свойму – адбываецца нейкае зарастанне, заглушэнне, адзічэнне.

Шум вады. Няўжо тут чуваць плаціна млына? Самы цяжкі ўчастак шляху – напалову лясная, напалову балоцістая нізіна з трухлявымі дрэўцамі. Весела ў спартыўным абутку скакаць наперад.

А вось і Глінішча. Сапраўдны млын. Усё паразбівана. На вадзяным млыне ў гэтай вёсцы ў свой час працавалі Сарафіновічы (пахаваныя на каталіцкіх могілках у Гарадку). Тут было хутарское пасяленне. Апошнія тры дзесяцігоддзі сваёй дзейнасці млын быў на электрычнасці.

Падыходжу да зоны піянерскіх лагераў. Месца вельмі добрае: лёгкая зямля, сосны. А зараз толькі старыя агароджы. Як знямоглыя помнікі.

Мінаю базу адпачынку. Яна дагледжаная. Бачу ўказальнік Гердуцішкі. Плаціну, рэшткі млына. Паступова шлях адгаліноўваецца ўправа. А вось і драўляны мост, што вядзе да вёскі.

Неяк раней мой школьны сябра Жэня Ельяшэвіч прасвяціў наконт некаторых геаграфічных і гістарычных асаблівасцяў яго роднай вёскі. Сама назва “Гердуцішкі” мае, хутчэй за ўсё, балцкія карані. Ён нават знайшоў на карце Літвы населены пункт Гердуцішкіс. А прыгадаем яшчэ такія тапанімічныя назвы, як Гадуцішкі, Геранёны, Гервяты. Млынам у Гердуцішках валодаў Іосіф (Юзаф) Паталей. За Польшчай зарабіў грошай у Амерыцы і выкупіў драўляны млын. Зрабіў мураваны, турбіну заказваў у Вільні (захаваўся нават год – 1933).

Малоў на вадзе і пасля вайны, нават да гадоў 70-х. Хоць і не вельмі хутка, але дужа якасна.
За некалькі соцень метраў вышэй па рацэ таксама быў млын (магчыма, ХІХ стагоддзя). Бачна, драўляны, яго спалілі ці згарэў; засталася запруда з камянёў, туды ў свой час дзеці хадзілі купацца. Нейкія гідратэхнічныя пабудовы былі і ніжэй па рацэ. Да гэтай пары на Луках (мясцовасць ля ракі) засталіся ўкапаныя дубовыя палі.

Трымаю даліну ракі навідавоку. Паварот на Еленку. Мост жалезабетонны. І тут навокал не кошана. Сустрэў мясцовую бабулю. Пагаварылі.

На “бартавым” гадзінніку 8.55. Перасякаю невялікі праезд праз раку ў брод. Яна сама ўжо стала рэчкай. У пачатку Навасёлак пераходжу на другі бок. Ну і доўгая вёска! Клуб быў, млын таксама. Школы не было. Відаць, шмат дамоў выкарыстоўваюцца як дачныя. Мяне раз аклікнулі зусім не па-вясковаму: “Малады чалавек, вы не паштальён?” Праваслаўныя і каталіцкія могілкі побач.

Касцёл спалены. Надпісы на сценах “арыгінальныя”. Гэта было ўжо Дубрава. Зноў перасякаю Беразіну. Спіртзавод, пабудаваны да вайны, на які вазілі на здачу бульбу з усіх калгасаў, у тым ліку і Гарадка. А вось і вагавая.

Бортнікі. Дзед вясковы расказаў, як прайсці да маёй мэты. Пераходжу раку. Яна тут цячэ жвавым гарэзам-ручаём. Мост цераз трубу. Спераду ферма. Па савецкай завядзёнцы – для “экалагічнай ачысткі” ракі. Прайшоў ледзь бачнаю сцежкаю. Заглыбіўся – ручаінка ўецца між зараснікаў надта ўжо назойлівай крапівы. Нізінка (балотца), заціснутая між узвышшаў, – я бачыў пачатак Беразіны! Тут пачатак. На гадзінніку 11.30.

Вяртаюся зноў праз Бяртошкі і Дубрава да станцыі Дубрава. Між іншым, па дарозе адзначыў, што адна з канаў на карце пазначаная, як рака Уша. Адзіным пасажырам з платформы саджуся ў электрычку да Маладзечна…

Сяргей ЦІМОШКА, Маладзечна.
Фота аўтара.