Піліпаўка ў народным земляробчым календары пачынаецца з 28 лістапада і заканчваецца шостага студзеня.

Адметнасць гэтага часу характарызавалася ў нашых продкаў строгімі законамі посту і спецыфікай гаспадарчай дзейнасці.

У гадавым коле дзён Піліпаўка вызначалася самымі моцнымі завеямі і маразамі. Ваўкі і сабакі пачыналі вадзіць вяселлі, таму ў некаторых мясцовасцях так і гавораць: “У Піліпаўку воўк нема вые”.

Згодна з традыцыяй праваслаўных пастоў, са стала ў гэту пару знікала ўсё скаромнае. Ежа падавалася посная: рыба, агуркі, бульба, буракі, капуста, морква, грыбы, рэдзька. Стравы, зробленыя з іх, запраўляліся алеем, часцей канапляным.

Адметнай з’явай у сялянскай працы станавілася апрацоўка льновалакна, з якога сукалі і пралі ніткі. Жанчыны збіраліся невялічкімі кучкамі ў адну з хат, дзе і займаліся такой справай. Дзе-нідзе піліпаўскімі вечарамі апрацоўвалі воўну – авечую шэрсць, якую вычэсвалі, а затым каталі з яе валёнкі альбо пралі суконныя ніткі.

Магчыма, што першапачаткова такія калектыўныя працоўныя вечары мелі назву – попрадкі, а вячоркі, як іх паралель, узніклі значна пазней. Моладзь збіралася на іх нават у піліпаўку. Ужо з восені яна дамаўлялася з гаспадарамі, у якой хаце ім дазволілі б збірацца. Калі пастаяннага месца знайсці не маглі, то па чарзе кожны вечар пераходзілі з адной у другую. Кожная маці, выпраўляючы дачку на вячоркі, давала ёй з сабой кудзелю.

Канешне ж, на агеньчык заглядвалі хлопцы. Сыпалі жартамі, не шкадавалі абдымкаў, пацалункаў. У гэты час не існавала розніцы паміж багатым і бедным хлопцам, прыгожым і непрыгожым. Усе былі аднолькавыя, роўныя.

Па надвор’і, якое трымалася на працягу Піліпаўкі, спрабавалі зрабіць прагноз на будучае лета. Гаварылі, калі піліпаўка хмарная або снежная, то май будзе мокры; піліпаўская “непагадзь” абяцала ўраджайнае лета; калі да піліпаўскіх запускаў мянтуз адкладзе ікру, то зіма закончыцца хутка, а вясна будзе ранняй.

Па старонках кнігі “З крыніц спрадвечных” падрыхтавала Марына СЛІЖ.