У рамках еўрапейскай праграмы “Усходняе партнёрства” ў Ашмянах 20-21 лістапада прайшла міжнародная канферэнцыя “Трансгранічнае супрацоўніцтва прыгранічных раёнаў Літвы, Польшчы і Беларусі”.

Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі самакіравання Вільнюскага раёна Літвы і гміны Сувалкі Польшчы.

Супрацоўніцтва з польскім бокам у бізнэсоўцаў, уладаў і прадстаўнікоў культуры Ашмянскага краю пакуль толькі завязваецца, а з літоўскімі суседзямі з Вільнюскага раёна сувязі ўсталяваліся тры гады назад. А калі дакладна, то сувязі двух пагранічных раёнаў існавалі даўно – у мясцовым музеі захаваўся дагавор на супрацоўніцтва, падпісаны яшчэ ў 1984 годзе.

Лічу, што мы паступаем мудра, абнавіўшы сувязі, якія існавалі яшчэ ў Савецкім Саюзе, ды потым абарваліся, – сказаў, адкрываючы канферэнцыю, пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын.

Ва ўмовах “Усходняга партнёрства” трансгранічнае супрацоўніцтва набывае новыя рысы. З асаблівасцямі развіцця тэрыторый удзельнікі канферэнцыі знаёміліся віртуальна – праз відэафільмы.

Беларусы прадставілі сваім замежным суседзям ідэі трох праектаў, якія, па іх меркаванні, будуць цікавыя і карысныя ўсім. Першым Аляксандр Саванец, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама, прапанаваў гасцям праект супрацоўніцтва ў сферы турызму: спадчына Соф’і Гальшанскай, родапачынальніцы дынастыі Ягелонаў.

Пачатак гэтаму маршруту павінны даць старажытныя Гальшаны, а прайсці турысцкія сцяжыны могуць па тэрыторыі трох дзяржаў. Тое, што ўяўляюць Гальшаны сёння і якія аб’екты чакаюць укладанняў ад Еўрапейскай садружнасці, госці змаглі ўбачыць на месцы. Усіх уразілі разваліны велічнага замка, манастыра, старажытны касцёл, а аграгарадок выклікаў захапленне ў гасцей. Дарэчы, у Літве таксама працуе праграма дыверсіфікацыі вёскі, і шмат якія яе пункты падобныя да пунктаў нашай праграмы адраджэння  і развіцця.

Выклікала цікавасць у замежных удзельнікаў канферэнцыі і ідэя экалагічнага праекта па ахове рэк. Ашмянскія ўлады занепакоеныя, што ачышчальныя збудаванні ў горадзе не адпавядаюць нагрузцы, а гэта ўплывае на якасць вады ў Віліі, куды ўпадае Ашмянка. Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў – узаемавыгадны праект.

дэя яшчэ аднаго праекта мае на мэце захаванне здароўя нацыі: уклад у будучае народаў. Госці наведалі стадыён Ашмянскага аграрна-тэхнічнага каледжа, знаёміліся з тэхналогіяй вытворчасці здаровага харчавання ў цэхах Ашмянскага мясакамбіната і сыраробнага завода.

Каля вёскі Навасёлкі ля трасы Мінск-Ашмяны-граніца Літвы яны ацанілі патэнцыял васьмігектарнага зямельнага ўчастка, на якім можна змясціць транспартна-лагістычны цэнтр з поўным комплексам розных паслуг – у сферы грузаперавозак, страхавання, грамадскага харчавання, рознічнага гандлю, гасцінічнага сэрвісу.

Госці выказалі сваё бачанне трансгранічнага супрацоўніцтва дзяржаў. Уладзіслаў Кандратовіч, начальнік аддзела інвестыцый самакіравання Вільнюскага раёна, падкрэсліў, што праблемы ў іх аналагічныя праблемам беларускіх калег. За кошт сродкаў ЕС яны робяць рэнавацыю ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, укладваюць грошы ў прыродаахоўныя мерапрыемствы.

Сумесна з гмінай Сувалкі нядаўна ажыццявілі люстэркавы праект па пракладцы інжынерных камунікацый на прыгранічных тэрыторыях.

Прыцягненне сродкаў еўрапейскай супольнасці дазволіла інвеставаць не толькі ў эканамічныя праекты, але і культурныя: стварэнне новых музычных калектываў, пакупку для іх інструмента, касцюмаў. Інвестыцыі ўкладваюцца ў моладзевыя, аздараўленчыя праграмы, сямейны турызм. Развіццё культуры назваў галоўным накірункам інвестыцыйнай палітыкі гміны Сувалкі кіраўнік аддзела  грамадска-гаспадарчай палітыкі Дар’юш Воцех Савельеў.

Госць з Польшчы адзначыў, што яны маюць немалы багаж ведаў і досведу ў рэалізацыі “цвёрдых”, эканамічных праектаў, і гатовыя выкарыстаць гэты багаж у трансгранічным супрацоўніцтве. Хаця, як зазначыў войт гміны Сувалкі і кіраўнік дэлегацыі з Польшчы Тадэвуш Холка, больш эфектыўным ім бачыцца прамое супрацоўніцтва польскай, літоўскай і беларускай школ, устаноў аховы здароўя, працоўных калектываў.

Вынікам міжнароднай канферэнцыі стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Ашмянскім райвыканкамам і гмінай Сувалкі.  Падобнае пагадненне некалькі гадоў назад было заключанае паміж Ашмянскім і Вільнюскім раёнамі.

Канферэнцыя стане асновай для стварэння беларуска-літоўска-польскага інфармацыйна-метадычнага цэнтра.

– Ці апраўдала канферэнцыя вашы чаканні? – пацікавілася я ў Тадэвуша Холкі, кіраўніка дэлегацыі з Польшчы.

– Яна перасягнула ўсе мае чаканні. Першыя ўражанні з Ашмянаў – выдатныя. Утульны, чысты і цалкам еўрапейскі горад, які захаваў рысы гістарычнага мінулага. Думаю, што пасля знаёмства адразу ж пойдуць рэальныя праекты. Першымі павінны стаць культурныя ці спартыўныя – гэта тое, што нас звязвае.

Наталля ВАЛЫНЕЦ.  

Старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык і кіраўнік дэлегацыі з Польшчы Тадэвуш Холка падпісваюць дагавор.

Фота аўтара.