Ігар Харлап і Дзмітры Шарык будуюць дах.

Гэта пабудова стаіць з 1959 года. З таго часу ні разу не было капітальнага рамонту, праводзілі толькі касметычныя. Дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Таіса Лянкевіч расказала, што рамонт у старым памяшканні вырашылі зрабіць пасля таго, як у 2006 годзе музей пераехаў у новы будынак, што знаходзіцца каля кінатэатра  “Радзіма”.

Па яе словах, пасля капітальнага рамонту стары будынак стане філіялам Мінскага абласнога краязнаўчага музея, дзе размесціцца “Музей прыроды”.

– Знешне ён будзе падобны да нашага абласнога, – расказвае Таіса Лянкевіч, – фасад яго таксама плануецца аформіць чырвонымі колерамі.

Змены пройдуць і ўнутры памяшкання. Там зробяць перастаноўку, уцепляць сцены. Памяняюць і вокны – замест старых драўляных уставяць новыя пластыкавыя. Дырэктар кажа, што рамонт праходзіць з мадэрнізацыяй. Каля будынка з’явіцца невялікая прыбудова, дзе размесціцца вентыляцыйная камера (раней такога ў музеі не было).

–  Мяняцца будзе абсалютна ўсё, – гаворыць Таіса Лянкевіч. – Па праектна-будаўнічым каштарысе каля адрамантаванага музея паставяць новую агароджу, з’явіцца стаянка для аўтамабіляў.
Не застанецца без увагі і прылеглая тэрыторыя. Яе засадзяць прыгожымі кустамі, зробяць клумбы.

Цяпер жа ідзе рамонт даху. Замест шыферу кладуць металачарапіцу чырвонага колеру. Па словах Таісы Лянкевіч, на гэты год вобласць выдзеліла на рамонт 120 мільёнаў рублёў.
–  Але гэтых грошай нам не хопіць, – кажа яна, – патрэбныя яшчэ мільёнаў трыццаць. На рамонт, які будзе праводзіцца ў 2010 годзе, нам далі 400 мільёнаў.

Будынкам музея займаецца ЗАТ “Захадпрамбуд”, якое ў 2009 годзе выйграла тэндар на правядзенне рамонту. Завяршыць капітальны рамонт плануецца ў 2011 годзе. Але, як сказала дырэктар музея, усё залежыць ад фінансавання.

Надзея СТАНКЕВІЧ.

Фота аўтара.