Паўкачана капусты ў адным са смеццевых кантэйнераў знайшоў маладзечанскі бомж Валодзя. Узрадаваўся! Можна дадаць крыху цыбулі, сала, і суп гатовы.

Адны выкідаюць, другія падбіраюць. Фота By.Media.net.

Бамжом Валодзя (так ён мне назваўся) стаў чатыры гады таму, калі развёўся з жонкай. Ёй жа і кватэру пакінуў, а сам перабраўся ў бацькоўскую хату. Кажа, што ёсць у яго дачка, якая працуе юрыстам. Але дапамогі ні ў былой жонкі, ні ў дачкі не просіць. Не хоча быць некаму абавязаны, з усімі цяжкасцямі змагаецца сам.

Жыве за кошт здадзеных у пункт прыёму бутэлек і ежы, што раптам адшукае ў кантэйнерах са смеццем. Працоўны дзень у яго пачынаецца з самай раніцы, калі яшчэ не зусім развіднела, і цягнецца аж да ночы.

Каб хоць неяк пражыць і не памерці з голаду, ён ходзіць па сметніцах, збірае бутэлькі, макулатуру. Кажа, што бамжы паміж сабой не дзеляць тэрыторыі: хто першы прыйшоў – таго і “здабыча”. Сабраную шклатару здае ў прыёмныя пункты.

– Калі пашанцуе, то за дзень можна атрымаць 15-16 тысяч, – дзеліцца Валодзя. – Глядзіш, хлеба ўжо і купіш, а можа, і яшчэ чаго возьмеш (бывае ж, і выпіць хочацца). На працу мяне ніхто не бярэ, таму і даводзіцца лазіць па сметніцах. Я ж нічога не краду. Калі адным гэта капуста не патрэбная, то мне яна якраз дарэчы. У падвалы і кватэры да людзей я не іду. Мяне ніхто не крыўдзіць, а наадварот – бывае, людзі аддаюць розныя рэчы.

Дворнік кафэ, якое насупраць аўтобуснага прыпынку, расказвае, што яна неаднаразова бачыла неахайных мужчынаў, якія ішлі праз парк з вялікімі сумкамі праз плячо. У іх яны носяць розныя бутэлькі, адзенне, ежу.

– Я на працу прыходжу ў сем гадзін раніцы і ўжо ніводнай бутэлькі на тэрыторыі няма, – кажа жанчына. – Часта сустракаю адных і тых бамжоў. Пераважна гэта людзі да пяцідзесяці гадоў. Але выглядаюць яны на ўсе 80. Ідучы вечарам праз парк, не раз назірала, як хтосьці з ліхтарыкам шарыць пад лаўкамі, “капошыцца” ў сметніцах, дастае адтуль не толькі бутэлькі, але і рэшткі нейкай ежы.

Дворнік лічыць, што бамжамі становяцца людзі, якія страцілі сэнс, разгубіліся ў жыцці і не бачаць ніякага выйсця з цяжкага становішча.

Старэйшы прадавец магазіна, які па вуліцы 17 Верасня, Святлана Кельпут вельмі спачувае такім людзям. На яе думку, дзяржава магла б аказваць ім хоць невялікую падтрымку.

– Добра было б, каб у нашай краіне былі якія-небудзь прытулкі ці калоніі для такіх бамжоў і каб за імі быў нагляд, – расказвае Святлана. – Але гэта не азначае, што бамжы жылі б там бясплатна. Неабходна, каб іх прымушалі працаваць і яны аплачвалі сваё жыллё.

Магазін, дзе працуе Святлана, прымае шклатару. За дзень здаюць бутэлькі 10-15 чалавек. Некаторыя прыходзяць па некалькі разоў. У залежнасці ад ёмістасці кошт бутэлькі складае ад 240 рублёў да 400. Атрыманыя грошы адны бамжы трацяць на ежу, другія – на “чарніла”. Самае хадавое віно каштуе 2530 рублёў.

Святлана расказала, што ў магазін прыходзяць пераважна мужчыны-бамжы да 60 гадоў. Разам
з імі бутэлькі здае і маладая дзяўчына – Марына. Ёй 29 гадоў, сама з Алёхнавічаў, мае групу інваліднасці і атрымлівае пенсію. Адзін з работнікаў гэтага магазіна кажа, што дзяўчына мае сясцёр, якія жывуць у Мінску. Яны палову пенсіі забіраюць сабе, а палову аддаюць Марыне. З роднымі дзяўчына не жыве, бо тыя не прымаюць яе лад жыцця. Дзяўчыне даспадобы бамжаваць.

– Да нас прыходзяць не толькі бамжы-адзіночкі. Некаторыя маюць сужытнікаў і разам здаюць шклатару. Хоць такія людзі і бамжы, але яны бываюць і чыста апранутыя, – кажа Святлана. – Можа, родныя дапамагаюць, можа, якую гуманітарную дапамогу атрымліваюць. Гэтыя людзі прыходзяць у магазін быццам бы да споведзі. Яны заўсёды пагавораць з намі, раскажуць, чым харчуюцца, што п’юць. Нашы работнікі таксама іх падкормліваюць – калі супам, калі чым іншым.

Святлана кажа, што сярод тых, хто заходзіць да іх, некаторыя маюць кватэры. Але ёсць жыллё далёка не ва ўсіх бамжоў. Для большасці цёплым домам сталі падвалы і сметніцы.

А такая “кватэра” знаходзіцца пад балконам аднаго з дамоў па вуліцы 17 верасня.

Фота аўтара.

Каб даведацца, ці зарэгістраваныя дзе-небудзь бамжы, я патэлефанавала ў Фонд сацыяльнай абароны, рэгіянальны цэнтр занятасці, тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва. Ніводная з пералічаных ўстаноў людзей без пэўнага месца жыхарства не рэгіструе і дапамогі такім людзям не аказвае.

Як расказалі ў тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва, у іх на ўліку толькі тыя, хто мае жыллё і рэгістрацыю.

– Бамжы – гэта хто? Пераважна людзі без вызначанага месца жыхарства, яны не пенсійнага ўзросту, не інваліды, – кажа адказны работнік цэнтра. – Гэта людзі, якія проста не хочуць працаваць. Ім лепш жыць
такім чынам.

Намеснік начальніка па камунальных пытаннях УП “Камунальнік”  Аляксандр Осіпаў расказвае, што ў апошні час колькасць людзей без пэўнага месца жыхарства ў горадзе павялічылася. Ля смеццевых кантэйнераў, дзе тыя шукаюць бутэлькі, кардон, рэшткі ежы, іх бачаць дворнікі, гараджане, вадзіцелі спецмашын, што прыязджаюць забіраць смецце. “Камунальнік” не мае да іх ніякага дачынення. Займацца ўлікам такіх людзей не іх кампетэнцыя. І дапамагчы ім яны таксама нічым не могуць.

У Маладзечанскім раённым аддзеле ўнутраных спраў расказалі, што ў іх на ўліку стаіць 28 грамадзян без пэўнага месца жыхарства. Па словах начальніка аддзела абароны правапарадку і прафілактыкі Маладзечанскага РАУС Валеры Кавалёва, людзі скардзяцца на бамжоў рэдка. Усе ведаюць, што яны лазяць па смеццевых кантэйнерах. Але нападаць на прахожых, абражаць іх без дай прычыны не будуць. Тым не менш, два разы на месяц работнікі міліцыі праводзяць з бамжамі прафілактычныя мерапрыемствы, выяўляюць іх датычнасць да розных злачынстваў.

– На жаль, у нас няма спецыяльных прытулкаў, дзе такія людзі маглі б рэабілітавацца да нармальнага жыцця, – кажа Валеры Кавалёў. – Але над гэтым пытаннем ужо працуюць органы ўлады.

Надзея СТАНКЕВІЧ.