Генеральны дырэктар Смаргонскага завода аптычнага станкабудавання затрыманы 14 снежня ў Мінску па падазрэнні ў атрыманні хабару ў буйным памеры.
Кіраўніка завода супрацоўнікі мінскай міліцыі затрымалі падчас правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў. Крымінальную справу па другой частцы 430 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Атрыманне хабару ў буйным памеры” ўзбудзіла пракуратура горада Мінска.

Старшы памочнік пракурора горада Мінска па сувязях са сродкамі масавай інфармацыі Сяргей Балашаў 16 снежня паведаміў у інтэрв’ю “РГ”: генеральны дырэктар Смаргонскага завода аптычнага станкабудавання падазраецца ў тым, што ад прадстаўніка адной з камерцыйных арганізацый атрымаў 6 тысяч долараў за станоўчае вырашэнне пытання аб зніжэнні кошту выкананых работ па вырабе абсталявання.

На вечар 16 снежня абвінавачанне затрыманаму прад’яўленае не было. Ён знаходзіўся ў статусе падазронага. Па словах Сяргея Балашава, прад’явіць абвінавачанне і вырашыць пытанне аб арышце могуць да пятніцы, 18 снежня, калі гэты нумар “РГ” выйдзе ў свет.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Гэта тэма на форуме:

http://forum.molodechno.by/viewtopic.php?t=3402