Перад школьнымі зімовымі канікуламі ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Чароўная ёлка”, якая будзе працаваць ад 23 снежня да 14 студзеня наступнага года.

Размясцілі зялёную пластыкавую прыгажуню на другім паверсе ва ўводнай зале.

– Мы ўпрыгожылі яе сучаснымі шарамі, – расказвае намесніца дырэктара музея па навуковай працы Наталля Палтавец. – А побач на стэндах размясцілі старыя навагоднія цацкі. Некаторыя ў нас ад 1950-х гадоў, – кажа Наталля Палтавец, – і мацуюцца да галінак з дапамогай металічных прышчэпак. Цацкі тых часоў былі пераважна ў выглядзе казачных герояў, незвычайных і экзатычных лялек, розных чалавечых фігурак, агародніны, фруктаў. Шмат увагнутых цацак з роспісамі. Яны ручной работы.

Калекцыя старых ёлачных цацак і пацерак ляжыць пад шклом. Наталля кажа, што ў музеі такіх навагодніх упрыгожванняў маецца больш за паўтары сотні.

Акрамя гэтага нямала на выставе розных Дзядоў Маразоў і Снягурак, якімі сёння ўжо не ўпрыгожваюць навагоднія святы. Адны зробленыя з тканіны, другія – з пластмасы. Ёсць свечкі ў выглядзе гэтых персанажаў…

Сённяшнія дзеці такіх паштовак у магазінах ужо не ўбачаць.

 

Прыцягваюць увагу і віншавальныя паштоўкі. Іх на выставе – 20. Усе былі выпушчаныя ў 1960-70-х гадах мінулага стагоддзя і вельмі адрозніваюцца ад сённяшніх.

– Якія цяперашнія? Усе з яловай лапкай і бакалам шампанскага, – гаворыць Наталля Палтавец. – А раней паштоўкі былі маляванымі. На іх паказвалі розных звяркоў, снегавікоў, фантазіравалі над вобразам Дзеда Мароза. Усе казачныя персанажы былі ўсмешлівыя, добрыя. Глядзіш – і настрой падымаецца! Сённяшнія дзеці такіх паштовак у магазінах ужо не ўбачаць!

Надзея СТАНКЕВІЧ.

Фота Надзеі СТАНКЕВІЧ.