Аўтар выставы Надзея Кухарэнка расказвае пра вясельныя лялькі, якіх некалі выкарыстоўвалі нашы продкі.

Першыя наведнікі выставы лялек, якая адкрылася ў краязнаўчым музеі 29 снежня, разглядаюць ляльку-абярэг.

На выставе прадстаўленыя лазневыя прыналежнасці. Лічылася, што ў лазні жылі Лазнік з Лазніцай.

 

Даўней чырвоную нітку завязвалі на левую руку. Лічылася, што ў дарозе яна засцерагае чалавека ад непрыемнасцяў.

У выставачнай зале прадстаўленыя розныя лялькі, якія выкарыстоўвалі нашы продкі ў далёкім мінулым. У дзень адкрыцця выставы яе аўтар – Надзея Кухарэнка – правяла для першых наведнікаў экскурсію. Яна расказала пра кожную ляльку, у якіх выпадках яе выкарыстоўвалі, якімі магічнымі ўласцівасцямі яна валодае.

– Даўней лялькі лічылі абярэгамі, – расказвае Надзея. – Іх рабілі толькі жанчыны, таму што гэта было жаночым рамяством. Калі сын ішоў служыць у армію, на сцяну хаты абавязкова вешалі ляльку. У тым выпадку, калі з хлопцам здараліся непрыемнасці, то гэты абярэг быў перавернуты ў другі бок. Клалі апатрапеі (абярэгі) і ў калыску нованароджанага, але не ў той дзень, калі дзіця нараджаецца, а за два тыдні. Лічылася, што лялька сагрэе калыску.

Нямала рабілі лялек, якія напаўнялі лячэбнымі травамі. Кожная дзяўчына стварала для сябе дзесяціручку. Гэта маленькая лялька, якая мела дзесяць рук. На кожную з іх дзяўчына загадвала тую працу, якую хацела б выконваць добра.

У дзесяць гадоў дзяўчынкі рабілі ляльку-жаданейку. Калі хацелі, каб збылася іх мара, яны нашывалі на ляльку пацерку, завязвалі прыгожую стужку. Пасля дзяўчына падыходзіла да люстэрка са сваёй лялькай і казала: “Жаданейка, Жаданейка, паглядзі, якая ты прыгажуня. Выканай, калі ласка, маё жаданне”.

Па словах Надзеі Кухарэнкі, дзяўчаты, якія хацелі выйсці замуж, стваралі спецыяльныя лялькі, якія, лічылася, заманьвалі жаніхоў.

У простых на першы погляд прадметах народнага быту закладзеная шматпланавая інфармацыя і векавая жыццёвая мудрасць. Яны напаўняюць чалавека асобай духоўнасцю. Даўней лялькі займалі выключнае месца ў матэрыяльнай культуры славянскіх народаў. З даўніх часоў, яшчэ з эпохі матрыярхату, жанчына была асноўнай захавальніцай традыцый, перадавала веды і навыкі з пакалення ў пакаленне.

Дзеці пад кіраўніцтвам старэйшых стваралі лялькі для гульні, а дзяўчаты і жанчыны рабілі магічных лялек для выканання абрадаў, якія праводзілі па асобых выпадках, сямейных абставінах альбо каляндарных святах. Жанчына, якая стварала абрадавую ляльку, канцэнтравалася на той праблеме, якая яе хвалявала.

Абрадавыя лялькі ўяўлялі сабой не цяжкія канструкцыі з асновы і тканіны. Іх можна падзяліць на “апранутыя” і “не апранутыя”. Першыя ўяўляюць сабой лялькі, апранутыя ў адзенне. Адзенне дае полаўзроставую характарыстыку. Другія – проста сімвалічнае ўяўленне. Акрамя адзіночных абрадавых лялек, найбольш распаўсюджаных, таксама рабілі парныя і шматпрадметныя кампазіцыі з некалькіх лялек.

Надзея расказвае, што абрадавую ляльку нашы продкі вельмі бераглі. Ёй адводзілі спецыяльнае патаемнае месца ў хаце, ставілі ў чырвоны кут, хавалі ў куфар, клалі ў пасаг.

– Па народных павер’ях лялькі-абярэгі неслі ў сабе толькі добры пачатак, але служылі вызначаны час, – кажа яна. – Калі лялькі выконвалі сваё прызначэнне, іх знішчалі ў агні, тапілі ў вадзе, закопвалі ў зямлю, ператваралі ва ўтылітарныя прадметы альбо цацкі для дзяцей. Толькі некаторыя захоўваліся доўга. Так, напрыклад, усё жыццё захоўвалі вясельныя лялькі і ляльку-суцяшальніцу з подалу матчынай сукенкі. З імі дзяўчына заўсёды магла пагутарыць, калі было сумна.

У выставачнай зале краязнаўчага музея прадстаўленыя не толькі абярэгі. Ёсць дамавікі, лазеншчыкі, павучкі, якія вызначаюць, добры ты чалавек ці не. Можна паглядзець даўнейшыя нацыянальныя мужчынскія сарочкі. Акрамя таго, у музеі знаходзяцца розныя рэчы, якія калісьці выкарыстоўвалі на вясельным абрадзе – дзяжа, кажух, палена, закручанае ў тканіну.

Паглядзець на ўсё гэта і на нейкі час далучыцца да традыцый і абрадаў нашых продкаў можна да першага лютага.

Надзея СТАНКЕВІЧ.

Фота Надзеі СТАНКЕВІЧ.