Танцавальны клуб-студыя “Грацыя” – гэта свайго роду візітная картка маёй школы, гэта дзесяткі дзяцей і падлеткаў з усяго горада і раёна – усіх іх аб’ядноўвае адно – спасцігнуць асновы бальнага танца.

Месцы ў актавай зале, як і заўсёды, былі занятыя ўжо за паўгадзіны да выступлення, і, у адрозненне ад бацькоўскіх сходаў, больш за палову гледачоў складалі прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва.

– У мяне ў “Грацыю” ходзіць сын, займаецца ўжо другі год. Ведаеце, я яму па-добраму зайздрошчу, вырасце, і ўсюды, у любой кампаніі ці тусоўцы, на другіх ролях не будзе сябе адчуваць. А я вырас у вёсцы, сёння ўжо і школы маёй няма – знеслі, і нас выхоўвалі больш працай. На выпускным вальс ніхто не ўмеў танцаваць, і ў Мінску, калі ўжо студэнтам стаў, таксама з зайздрасцю глядзеў на тых, хто прыгожа танцаваў. Цяпер толькі вось і застаецца, што радавацца за сына і яго равеснікаў – як добра, што ёсць столькі магчымасцяў, каб развіць свае здольнасці, – мой сусед у глядзельнай зале вельмі хацеў падзяліцца з кім-небудзь сваімі думкамі і эмоцыямі.

А тым часам зімовы баль вальсам “Фантазія” адкрылі танцоры асноўнага саставу “Грацыі”. На змену ім выйшлі малодшыя калегі – першага года навучання з “Парыжскім танга”. Потым, па чарзе, дэманстравалі сваё майстэрства дублёры асноўнага саставу і дзеці другога года навучання. А ведаеце, хто больш за ўсіх хваляваўся? Дарослыя. Яны таксама ўпершыню выйшлі са сваім паказальным нумарам і былі ўзнагароджаныя шчырымі апладысментамі гледачоў. Так, у “Грацыю” можа прыйсці любы дарослы ( для гэтай катэгорыі існуюць асобныя групы) і праз пэўны час здзівіць усіх знаёмых і сяброў сваім уменнем прыгожа танцаваць не толькі еўрапейскія, але і лацінаамерыканскія танцы.

А на сцэне працягвалася прыгожае і яркае дзейства, але абсалютных фаварытаў балю вызначыць было цяжка. Асноўны састаў “Грацыі” заваражыў гледачоў вытанчанасцю рухаў і пластыкі, адчуваннем музыкі і характару танца. Але не менш апладысментаў было адрасавана і самым маленькім удзельнікам клуба. Іх непасрэднасць і хваляванне перадаліся зале, і ніхто з дарослых не шкадаваў далоняў, каб падтрымаць той жа першы клас. Дзеці стараліся не толькі не падвесці свайго настаўніка, але і самім сабе даказаць, што любы танец ім па сіле.

– Танец – гэта даволі складаная рэч, – звярнуўся да прысутных кіраўнік клуба Дзмітры Хаўронін. – Танцор пачынае рухі галавой, таму што ў першую чаргу танец – гэта мысленне, памяць, увага. Нездарма ж у царскай Расіі танец як абавязковы прадмет прысутнічаў ва ўсіх гімназіях, ліцэях і інстытутах.

А яшчэ хачу дадаць, што танец – гэта прыгажосць адносінаў паміж мужчынам і жанчынай, а адносіны ў пары паміж партнёрамі могуць нешта даць і для будучага сямейнага жыцця – напрыклад, уменне хутка прымаць рашэнні або вучыцца саступаць адзін аднаму.

– Я дзевяты год займаюся ў клубе, і ў мяне столькі прыемных успамінаў накапілася за гэты час, – расказала Саша Сяргеева, вучаніца 11 “Б” класа СШ №2. – Мы выступалі на розных конкурсах і фестывалях у Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Палтаве, Пскове. Дзякуючы “Грацыі” ў мяне з’явілася шмат сяброў, і мы штогод адпачываем у лагеры, які арганізоўвае Дзмітры Аляксеевіч.

Між іншым, клуб існуе з 1992 года, і за гэты час праз яго прайшло больш чым паўтары тысячы дзяцей і падлеткаў. У 2008 годзе ўдзельнікі”Грацыі” абаранілі званне ўзорнага танцавальнага калектыву.

Больш за дзве гадзіны працягваўся наш зімовы баль. Магіяй танца і музыкі былі зачараваныя ўсе гледачы. А паміж канцэртнымі нумарамі Дзмітры Хаўронін адказваў на самыя розныя пытанні аўдыторыі, падарыў дэкаратыўны кактус за самае арыгінальнае пытанне групе юных эрудытаў.

Музыка, танцы, гумар, цесны эмацыянальны кантакт гледачоў з артыстамі, навагоднія пажаданні і віншаванні – вось такім ён і запомніўся ўсім – наш зімовы баль-2009.

Святлана МАРХЕЛАВА,

вучаніца 11 класа гімназіі №10 г. Маладзечна.