Экспануюцца дзённыя і начныя матылькі, насельнікі трапічных лясоў і палярнай тундры, гіганты і карлікі. На выставе прадстаўленыя самыя вядомыя і нядаўна адкрытыя насякомыя, ядавітыя і матылькі-падарожнікі, самыя рэдкія і самыя дарагія віды, матылькі-сімвалы і абярэгі.

У свеце вядома 165 тысяч відаў матылькоў. Гэта адзіныя насякомыя, якія не выклікаюць у чалавека ні страху, ні агіды. Яны зачароўваюць сваёй яркасцю колераў, разнастайнасцю і вытанчанасцю формаў.

У краязнаўчым музеі прадстаўленыя 150 відаў матылькоў, сабраных з усіх кантынентаў нашай планеты, акрамя Антарктыды. Стэнды ў выставачнай зале выконваюць ролю кантынентаў. На кожным з іх размешчаныя тыя віды матылькоў, якія жывуць на вызначаным мацерыку.

Асаблівай павагай у Азіі карыстаюцца начныя матылькі. Менавіта ў іх людзі бачаць душы памерлых і захавальнікаў жывых. Да дзённых, як і на Захадзе, ставяцца крыху інакш. Яны сімвалізуюць любоўныя ўцехі.

У трапічных лясах Амазоніі сустракаюцца матылі Морфа. Імя гэтага роду мае грэчаскае паходжанне (Morpho), што азначае “прыгожы”. Блакітныя пробліскі, бачныя на адлегласці да кіламетра, падказалі індзейцам Бразіліі менавіта такую назву. А перакладаецца яна як “часцінка неба, што звалілася на зямлю”. Бляск крыльцаў матылька мяняецца ў залежнасці ад таго, пад якім вуглом глядзець. Сярод гэтага віду ёсць Морфа Закаханых. Упершыню матылька злавіла пара маладых людзей, якія засядзеліся ў лесе да ўсходу сонца. Менавіта ў гэты час з’яўляюцца першыя матылькі.

Востраў Ява насяляюць матылькі роду Атакус. Ён аб’ядноўвае начных насякомых. У некаторых з іх памер крыльцаў роўны 30 сантыметрам, а ў самага дробнага начнога віду – Nepticula malella – памер крыльца складае ўсяго тры міліметры. Паўлінавочка Атлас – самы вялікі матылёк ва ўсім свеце, які адносіцца да роду Атакус. Ён занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Самкі гэтых матылёў не вельмі актыўныя і сядзяць пераважна на галінках дрэў. У прыродзе сустрэць такога матылька з цэлымі крыльцамі амаль немагчыма, таму што пры палёце яны абломліваюцца ў кронах дрэў.

А матылькі Хараксы жывуць у Афрыцы. Гэта самы цяжкі від для лоўлі, бо яны выбіраюць для сябе непраходныя чалавеку лясы. Хараксы цэняцца за сваю прыгожую арыстакратычную афарбоўку.

Самым яркім прадстаўніком не толькі вострава Мадагаскар, але і ўсяго свету стаў матылёк Уранія. Яны лічацца самымі прыгожымі ў свеце. Уранія Мадагаскарская мае крыльцы з усімі колерамі вясёлкі. Мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць такіх матылькоў для ўпрыгожвання. Уранія – адна з мянушак багіні кахання Афрадыты, увасабленне чыстай і ўзнёслай любові. Уранію называюць яшчэ матылём кахання.

Ва ўмераных шыротах таксама ёсць нямала прыгожых насякомых. У азіяцкіх высакагор’ях лётаюць матылькі Апалоны і Жаўтушкі. Яны могуць падымацца ў вышыню на 4,5 кіламетра. Самы вялікі еўрапейскі матылёк – Махаон. Размах яго крыльцаў дасягае 10 сантыметраў.

Птушкакрыл Прыям з’яўляецца самым вялікім дзённым матыльком. Такія насяляюць Новую Гвінею. Яны вельмі рэдка сустракаюцца ў прыродзе, але іх разводзяць на спецыяльных фермах. Размах крыльцаў Птушкакрыла Прыяма роўны 25 сантыметрам.

У краязнаўчым музеі экспануюцца не толькі матылькі, якія заслугоўваюць увагі і зачаравання, але з’яўляюцца сімваламі і абярэгамі. Аўтар выставы Рамазан Махмудаў расказвае, што Морфа Дзідыус – вялікі сіні матылёк – прыносіць шчасце таму, хто яго ўбачыць.

– А Морфа Алена – матылёк прыгажосці, – кажа ён, – названы ў гонар самай прыгожай жанчыны антычнага свету Алены, з-за якой пачалася Траянская вайна. У выставачнай зале можна ўбачыць Парусніка Уліса, які з’яўляецца ўвасабленнем розуму і празорлівасці. Маецца матылёк фінансавага дабрабыту – Залаты птушкакрыл.

Акрамя матылькоў, на выставе прадстаўленыя павукі-птушкаяды, гіганцкія скарпіёны, палачнікі, саранча, конікі. Асобна прадстаўленыя жукі – самы вялікі і разнастайны атрад насякомых на зямлі.

Розніца жукоў па памерах складае ад 2,5 міліметра да 22 сантыметраў, а іх вага – ад 0,4 мг да 100 г. Расфарбоўка і знешні выгляд таксама ўражваюць. “Дзеці сонца” – жукі златкі і бранзавікі – пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі і з’яўляюцца жывымі каштоўнасцямі.

Калекцыяніраваць насякомых Рамазан пачаў у 1996 годзе. А пачалося ўсё са спрэчкі. Рамазан успамінае, як аднойчы сказаў вучонаму, што такога матылька не бывае на самой справе, гэта намаляваны.

– Мяне вельмі ўразіла прыгажосць аднаго матылька з колерамі, якія ніколі ніхто не сумяшчае. Паказаў мне гэта насякомае той самы вучоны, з якім я спрачаўся, – расказвае калекцыянер. – У народзе кажуць, што вялікі творца робіць скульптуры, мастак – карціны, а Бог цудоўна папрацаваў над стварэннем матылькоў – “лятаючых кветак”. Цікава, што ўсе яны самых розных памераў. Самы вялікі – 30 сантыметраў, а самага маленькага матылька няўзброеным вокам убачыць немагчыма.

Сёння Рамазан мае больш за паўтары тысячы матылькоў. Адзін, у залежнасці ад віду, па яго словах, каштуе ад пяці цэнтаў да 15 тысяч долараў. Але, каб набыць сабе тое ці іншае насякомае, часта ўзнікае нямала цяжкасцяў. Некаторыя экзэмпляры даводзіцца чакаць некалькі гадоў. Бываюць і фінансавыя праблемы.

– У 1999 годзе дзеля таго, каб купіць невялікую калекцыю матылькоў, – расказвае Рамазан, – стаяла пытанне аб продажы кватэры. Але я вырашыў прадаць машыну, якая каштавала 8,5 тысячы долараў. На той час за гэтыя грошы ў Віцебску можна было купіць двухпакаёвую кватэру.

Дарэчы, нарадзіўся Рамазан ў Дагестане ў 1968 годзе. У 1985 прыехаў у Беларусь вучыцца і застаўся. Кажа, што спачатку матылькі былі проста хобі. Але зараз гэта стала яго працай.

Надзея СТАНКЕВІЧ.