Напярэдадні Дня студэнта леташнія выпускніцы моладзевай рэдакцыі “РГ” “Форум”, а цяпер першакурсніцы інстытута журналістыкі БДУ Юля Шаблоўская і Каця Шыбко расказалі пра свае ўражанні ад студэнцкага жыцця.
Дзяўчаты здалі першую сесію і падзяліліся сваімі эмоцыямі і першымі поспехамі ў дарослым жыцці.

Юля Шаблоўская: “Дарослае жыццё – новы досвед зносінаў з людзьмі”

– Студэнцкім жыццём жывецца звычайна. Некаторыя мае равеснікі разумеюць студэнцтва як “Ура-а-а! Я прыехаў(ла) у Мінск! Няма мамы, няма таты! Магу гуляць!” Я ж лічу, што ўсё павінна быць у меру: трэба і адпачыць, і пагуляць, і павучыцца. Мінск досыць дарагі горад, таму разгуляцца першакурсніку, асабліва немінчаніну, цяжка, але можна.

Галоўнае – мець вакол добрых, надзейных і пазітыўных людзей. Дарослае жыццё прыносіць новы досвед – досвед зносінаў. Здараецца і такое: тыя, каго ты лічыў надзейнымі, становяцца далёкімі і нецікавымі. Пачынаеш хутка думаць, хутка арыентавацца ў асяроддзі.

Цяпер я вельмі рада таму, што за гэтыя пяць месяцаў пазнаёмілася з вялікай колькасцю добрых людзей, знайшла агульную мову з імі. Гэта для мяне самы велізарны плюс, які перакрэслівае ўсё мінусікі студэнцтва.

А Дзень студэнта для мяне – афіцыйнае заканчэнне сесіі. Ура, таварышы!!!

Будучым студэнтам я пажадаю быць сабой, не крыўдаваць на выкладчыкаў, а проста ўспрымаць іх як дарадцаў, што даюць урокі, у кожным з якіх ёсць нешта рэальна патрэбнае і карыснае. Усё гэта ў жыцці можа вельмі і вельмі спатрэбіцца.

Сённяшнім форумцам я жадаю веры ў свае сілы і быць прасцей, каб людзі да вас цягнуліся, а ў нашай прафесіі гэта ой як важна!

Каця Шыбко: “Ніколі б не вярнулася ў школу”

– Пакуль што студэнцкае жыццё ў мяне асацыюецца з сесіяй, бо зусім нядаўна я здала апошні, пяты экзамен. Першая сесія, першыя іспыты. Прыйшлося пасядзець за кнігамі. Але ўсё адно, калі гавораць, што студэнцкія гады самыя лепшыя, то я, безумоўна, згодная. Ніколі б не вярнулася ў школу. Па-першае, я шмат часу і сіл аддала для таго, каб паступіць, а па-другое, мне вельмі падабаецца Мінск. Хачу застацца ў сталіцы жыць і працаваць.

Цяпер, успамінаючы адзінаццаты клас, я разумею, што ніколі б не хацела яшчэ раз перажыць той навучальны год. Сказаць, што было складана, значыць, нічога не сказаць. Таму тым, хто сёлета паступае, я спачуваю. Жадаю цярпення і моцнага здароўя. Усё гэта вам вельмі спатрэбіцца. Затое, калі намаганні акажуцца недарэмнымі, наперадзе вас чакае вясёлае студэнцкае жыццё.

У гэтым я на сваім вопыце пераканалася. Рада, што пашанцавала з групай. У ёй 28 чалавек, сярод якіх толькі тры хлопцы. Вучыцца падабаецца. Крэатыўныя выкладчыкі, цікавыя дысцыпліны. Асабліва тыя, што звязаныя з маёй спецыяльнасцю, аўдыёвізуальнай журналістыкай. Ствараем свае вучэбныя радыё- і тв-праграмы, пішам сцэнарыі да перадач, бегаем па Фрунзенскім раёне з дыктафонам.

Ні на хвіліну не пашкадавала, што паступіла на журфак. Безумоўна, за гэта я таксама ўдзячная сваёй любімай “Рэгіяналцы”. Досвед працы ў моладзевай рэдакцыі “Форум” мне цяпер дапамагае ў вучобе. Неяк на прадмеце “Асновы журналістыкі” нам трэба было прааналізаваць свае школьныя публікацыі.

Я паказала свой праект “Равеснікі”. Расказала пра тое, як ён ствараўся, як я шукала былых удзельнікаў моладзевай рэдакцыі “РГ”. Выкладчыца была здзіўленая і паставіла мне высокі бал. Пасля майго расказу астатнія студэнты саромеліся выйсці са сваімі публікацыямі.

А яшчэ быў адзін выпадак. Тады мне залік па асновах экалогіі ўвогуле паставілі амаль аўтаматам. Пасля таго, як на адным з семінараў я паказала сваю публікацыю пра возера, што ў вёсцы Насілава, якая называлася “Смецце прыбіраюць лебедзі і вяскоўцы”. Мая барацьба за экалогію вельмі ўразіла нашага выкладчыка.

Гутарыла Вольга ЮРКЕВІЧ.

Папярэднія публікацыі пра маладзёвую рэдакцыю:

“Юныя карэспандэнткі “РГ” развіталіся са школай”,

“Маладзечна салютуе выпускнікам (фотарэпартаж)”