Для студэнта, за вучобу якога грошы плацяць бацькі, галоўнае – не сядзець на месцы і ў вольны ад вучобы час старацца самому зарабляць грошы.

Так лічыць выпускнік моладзевай рэдакцыі “РГ” “Форум”, студэнт другога курса факультэта журналістыкі інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Аляксандр Шупенька.

– Саша, чым адрозніваецца інстытут ад школы?

– Інстытут – тая самая школа, толькі заняткі не па 45 хвілін, а па 90. І яшчэ: у адрозненне ад школы, я менш думаю пра адзнакі. У камерцыйным інстытуце стыпендыі не плацяць. А калі ў цябе няма стыпендыі, ты менш увагі надаеш адзнакам. Галоўнае – здаць экзамен. Вучыцца не вельмі складана. Складана дэманстраваць свае веды на сесіі (усміхаецца).

– Сумуеш па школе?

– Здараецца. Усё ж 11 гадоў у жыцці не могуць прайсці, не пакінуўшы следу ў душы. І потым, менавіта ў школе я зрабіў першыя крокі ў журналістыцы. Дзякуй «РГ» за гэта. А яшчэ вялікі дзякуй майму класнаму кіраўніку Тамары Уладзіміраўне Склярэнцы, якая навучыла мяне не толькі пісаць, але і думаць пра што пішаш!

– Цікава вучыцца на журналіста?

– Цікава! На першым курсе ў нас было шмат, як многія лічылі, нежурналісцкіх дысцыплін. Але гэта не так, бо ў нашай справе патрэбныя веды па ўсім – і па эканоміцы, і па псіхалогіі. Праўда, пашанцавала, што няма матэматыкі, бо з ёй я яшчэ ў школе не вельмі сябраваў.

– А якія ў інстытуце самыя цікавыя для цябе дысцыпліны?

– Усе тыя, што напрамую звязаныя з журналістыкай: «творчае майстэрства», «майстэрства тэлевядучага», «фотажурналістыка», «дызайн газеты». Вельмі цікавыя дамашнія заданні: напрыклад, зрабіць фотафільм па якім-небудзь з жанраў. Ці прааналізаваць два ток-шоу, што прайшлі на беларускім тэлебачанні.

– Саша, усім добра вядомы выраз «бедны студэнт”. А як у цябе з гэтым справы, ці ёсць магчымасць дзе-небудзь падзарабіць?

– Я вучуся на дзённым аддзяленні, і вольнага часу амаль няма. Але журналіста кормяць ногі. Таму лезу ўсюды, куды толькі магчыма. Зараз працую на тэлебачанні. Аўтар праграм для дзяцей на адным з нацыянальных каналаў. Таксама працую ў рэкламным агенцтве. Многія з маіх сяброў працуюць на радыё, у газетах, гламурных часопісах. Галоўнае, не сядзець на месцы!

– А што ты можаш пажадаць будучым студэнтам?

– Калі вы ўжо задумаліся пра паступленне, значыць, дзяцінства скончылася!!! Пра будучыню не трэба марыць. Яна пачынаецца сёння. Закасайце рукавы і ўперад! Адкладзіце на потым адпачынак і забавы. Як мага больш увагі надайце вучобе, і вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Поспехаў.

Гутарыла Вольга ЮРКЕВІЧ.