Навучэнцы сёмых класаў маладзечанскай гімназіі-каледжа мастацтваў 24 студзеня прынялі ўдзел у балі ў Мінскім сувораўскім вучылішчы. Баль упершыню за 70 гадоў прайшоў у традыцыях ХІХ стагоддзя.

Свята арганізавалі педагог рускай мовы і літаратуры гімназіі-каледжа мастацтваў Жанна Гадлеўская і культурны арганізатар Мінскага сувораўскага вучылішча Андрэй Стоўба. Яны сталі каралевай і каралём балю. Уся падрыхтоўка мерапрыемства заняла каля трох месяцаў. Кадэты вучылішча і навучэнцы гімназіі-каледжа акунуліся ў пушкінскую эпоху.

Балі таго часу пачыналіся пасля калядных святаў, а менавіта 25 студзеня, у Дзень заступніцы студэнтаў Святой вялікапакутніцы Таццяны.

У бальнай зале вучылішча для гасцей з Маладзечна былі накрытыя святочныя сталы. У прапанаваных дэсертах былі кніжкі-тарты, прыгажуні-лялькі, выпечаныя з цеста, і пірожнае “Ішпанскія вятры” – адзін з распаўсюджаных дэсертаў ХІХ стагоддзя.

Пачастункамі грандыёзная прыгажосць свята не абмежавалася. Хлопцы і дзяўчаты акунуліся ў паланэзы, мазуркі, вальсы. Кожны танец выконваўся лёгка і зграбна. Трохмесячная карпатлівая праца харэографа гімназіі-каледжа Наталлі Мончак была недарэмнай. Здавалася, што дзяўчаты і юнакі ўмелі танцаваць з нараджэння.

На балі былі адроджаныя забавы ХІХ стагоддзя. Такія, як “бурымэ” – складанне вершаў з прапанаванымі канцавымі рыфмамі. А таксама “жывая карціна” – удзельнікам трэба было замерці ў позах герояў карцін пэндзля вядомых мастакоў, а пасля прайграць як мага больш артыстычна тую сітуацыю, якую апісваў мастак.

А яшчэ ўдзельнікі балю мелі магчымасць атрымаць асалоду ад гучання старадаўніх рускіх рамансаў. І хоць час праляцеў непрыкметна, у памяці хлопцаў і дзяўчат назаўсёды застанецца гэта прыгожая казка, якую яны самі ж і ўвасобілі ў жыццё.

Анастасія ГРЫГУЛЕВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ” “Форум”.

Маладзечанскія дзяўчаты-навучэнкі і мінскія хлопцы-кадэты на балі ў Мінскім сувораўскім вучылішчы акунуліся ў пушкінскую эпоху.

Фота Анастасіі ГРЫГУЛЕВІЧ.