Занальнаму дзяржаўнаму архіву ў чацвер споўнілася 70 гадоў. А ў пятніцу ў 15.30 афіцыйна адкрываецца новы будынак архіва на Вялікім Гасцінцы, 113-а. Са старога будынка, што ля аўтавакзала, дакументы сюды перавозілі ад лістапада мінулага года.
Акт прыёмкі ў эксплуатацыю новага будынка дзяржархіва быў падпісаны 25 кастрычніка 2009 года. З Лібава-Роменскай вуліцы, 69 пераязджаць пачалі ў лістападзе. Ад таго часу перавезлі 11 грузавых аўтамабільных прычэпаў дакументаў.

Дырэктар установы “Занальны дзяржаўны архіў” у горадзе Маладзечна Наталля Іванова расказала ў інтэрв’ю “РГ”: у старым будынку, былой абласной турме, архіў праіснаваў 47 гадоў. Пабудова ўжо не адпавядала патрабаванням умоў захоўвання архіўных дакументаў.

“Нам пастаянна стваралі праблемы грунтовыя воды, – расказвае Наталля Іванова. – Асабліва сур’ёзнае падтапленне было падчас урагану ў жніўні 2005 года. Вада падышла на метр. Было пашкоджана шмат дакументаў. Мінаблвыканкам, якому мы падпарадкоўваемся, прыняў рашэнне нас перасяліць. Пачалі шукаць новы будынак”.

Знайшлі на Вялікім Гасцінцы, 113-а, за былым магазінам “Дзіцячы свет”. Будынак належаў “Приорбанку”. У банка яго выкупілі і пачалі перарабляць пад архіў. Перапрафіляванне выконвалі рабочыя перасоўнай механізаванай калоны №212.

У чацвер, 11 лютага, калі матэрыял здаваўся ў друк, Наталля Іванова расказала, што на ўрачыстае адкрыццё плануецца прыезд шматлікіх гасцей. Павінны прыехаць службовыя асобы з Міністэрства юстыцыі Беларусі, упраўлення юстыцыі Мінаблвыканкама, дырэктары занальных архіваў іншых раёнаў вобласці. У адкрыцці прыме ўдзел і кіраўніцтва Маладзечанскага раёна.

У зону абслугоўвання маладзечанскага занальнага архіва ўваходзяць чатыры раёны – Маладзечанскі, Вілейскі, Валожынскі і Мядзельскі. Па словах Наталлі Івановай, сёння тут захоўваецца больш за 255 тысяч спраў-дакументаў, якія падзеленыя на некалькі комплексаў, розных часовых перыядаў ад 1919 да 2005 года.

Архіў быў заснаваны 11 лютага 1940 года пастановай Савета народных камісараў СССР “Аб арганізацыі архіўнай справы ў заходніх абласцях Беларусі”. Сярод іншых абласцей з’явіўся ён і ў Вілейскай вобласці. Ад яго ўстанова “Занальны дзяржаўны архіў” і вядзе сваю гісторыю.

Сяргей ЗЯНЬКО.