Назвы вуліцам беларускіх гарадоў і мястэчкаў трэба даваць толькі на беларускай мове, а на любую іншую мову перадаваць спосабам транслітарацыі. Гэта значыць, палітарна.

Такі падыход 8 лютага ў інтэрв’ю “РГ” назвала найлепшым доктар філалагічных навук прафесар Валянціна Лемцюгова, галоўны супрацоўнік інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук. Яна з’яўляецца членам камісіі па найменаванні і перайменаванні вуліц пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў.

Камісія, па словах Валянціны Пятроўны, працуе актыўна, і ў Мінску ўжо шмат зроблена для ўдасканалення сістэмы назваў вуліц.

Цяжкая спадчына

Тым не менш многія кардынальныя пытанні пакуль што нявырашаныя. “А прычына ў тым, што ад мінулага стагоддзя нам дасталася цяжкая спадчына, ад якой не проста пазбавіцца, – сказала Валянціна Лемцюгова. – Да таго ж нямала прыхільнікаў старога падыходу нават сярод адказных дзяржаўных чыноўнікаў. Менавіта ад кіраўнікоў абласнога і раённага ўзроўню звычайна зыхо-дзіць непаразуменне і асноўны супраціў. У выніку ў сістэме назваў нашых вуліц няма належнага парадку”.

Тапанімію не перакладаюць

Галоўная праблема ў назватворчасці вуліц – выкарыстанне перакладаў з рускай мовы на беларускую і наадварот. Сёння ў міжнароднай практыцы пераклады тапаніміі лічацца анахранізмам. Валянціна Лемцюгова расказала, што створаная пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый група экспертаў па геаграфічных назвах не прызнае перадачу назвы з адной мовы на іншую спосабам перакладу. Беларусь як член ААН не можа не лічыцца з гэтым.

Галоўны аўтарытэт у галіне славянскай тапаніміі Аляксандра Суперанская лічыць, што пераклад раздвойвае назву – з адной намінатыўнай адзінкі робіць дзве. “Напрыклад, у Мінску ёсць вуліца Шпалерная яна ж Обойная, Чыгуначная–Железнодорожная, Крынічная–Родниковая, Будаўнікоў–Строителей… А колькі назваў, у складзе якіх перакладаюцца прыметнікі “чырвоны” і “красны”: Чырвонаармейская–Красноармейская, Чырвонагвардзейская–Красногвардейская, Чырвонага Кастрычніка–Красного Октября – усіх не пералічыш. Я тут за зыходную бяру беларускую назву, а на самой справе найчасцей зыходнымі з’яўляюцца рускамоўныя. Але хіба нармальна, калі перавага аддаецца не нацыянальнай беларускай мове, а запазычанай у суседняга народа?” – задае Валянціна Лемцюгова рытарычнае пытанне.

З-за выкарыстання дзвюх моў узнікае блытаніна. Мінскае метро збольшага пазбаўлена ад яе. А назвы вуліц так і функцыянуюць у рэжыме двухназоўя. “І гэта рэгулярна прыводзіць да казусаў. Памятаю, яшчэ ў савецкі час да нас на канферэнцыю прыехалі палякі, сербы, харваты… Згодна з культурнай праграмай, мы азнаёмілі гасцей з фільмамі, якія ішлі на экранах нашых кінатэатраў. Сербы і харваты выбралі фільм у кінатэатры “Перамога”. Сербам мы пакінулі газету “Звязда” з анонсам, а харватам – рускамоўную газету, у якой гэты ж кінатэатр называўся “Победа”. “Победу” харваты знайшлі хутка, а вось “Перамогу” сербам давялося пашукаць. Нарэшце яны звярнуліся да міліцыянера, які падказаў правільна. Але фільм ужо напалову прайшоў, і іх проста не пусцілі ў залу. Вось так мы “культурна” абслужылі сваіх гасцей. Трэба было бачыць іх бурную рэакцыю на ўсё гэта. Ніякія нашы апраўдальныя аргументы не прымаліся ў разлік”, – успамінае Валянціна Пятроўна.

Няма “Большого Подарка”

Сапраўдным анекдотам сталі гісторыі пра пераклад маладзечанскай вуліцы Вялікі Гасцінец. Вось і нядаўна адна мінчанка адпраўляла ліст у Маладзечна. “Напэўна, не дойдзе ліст з беларускай назвай”, – падумала яна і пераклала на рускую мову – Большой Подарок. Ёй паведамілі з Маладзечна, што такой вуліцы ў горадзе няма.

“Гэтаму не варта здзіўляцца, – адзначае прафесар Лемцюгова. – Пераклад нярэдка не адпавядае сэнсу зыходнай назвы. Нярэдка для назвы вуліц выкарыстоўваюцца словы шматзначныя. І якое са значэнняў закладзена ў зыходнай назве, не заўсёды зразумела. Ёсць, напрыклад, вуліца Яровая, без націску. І адны перакладаюць на рускую мову як “Овражная”, другія – як Яровая. А па-руску яр – гэта і “овраг”, і “лощина”, і “обрыв”, і “яр”. Вуліца Цагельная перакладаецца як Кирпичная. А тут жа, відаць, не ад слова “цэгла” – тады была б Цагляная, а ад “цагельня”. У гэтым выпадку, відаць, трэба перакладаць як “Кирпичнозаводская”.

Як ва ўсім свеце

Вось такі стан назваў вуліц. Што рабіць? Не вынаходзіць веласіпед, а рабіць так, як і ва ўсім свеце – назвы даваць толькі на беларускай мове, а на любую іншую мову перадаваць спосабам транслітарацыі. Гэта значыць, палітарна. Калі гэта руская мова, то, згодна з арфаграфіяй рускай мовы: вуліца Шпалерная – улица Шпалерная, вуліца Каляровая – улица Колеровая, вуліца Вялікі Гасцінец – улица Великий Гостинец, Францыска Скарыны – Франциска Скорины, Старога Уласа – Старого Уласа, Будаўнікоў – Будавников, Крынічная – Криничная.

Менавіта такі прынцып прыменены ў шасцітомным выданні “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” (па шасці абласцях). “Трэба прыняць неадкладныя захады, каб нашы грамадзяне і замежныя турысты не разгадвалі рэбусы, а свабодна знаходзілі патрэбны ім адрас”, – сказала Валянціна Лемцюгова напрыканцы інтэрв’ю.

Святлана ЦІШКО.