У сераду, 3 лютага, у Маладзечна разам са сваёй жонкай завітаў намеснік кіраўніка Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі Петэр Дэтмар.
У гэты ж дзень у цэнтральнай бібліятэцы ў аддзеле замежнай літаратуры адбыўся майстар-клас па нямецкай мове для настаўнікаў гарадскіх і раённых школ. Праводзіла яго другі сакратар пасольства ФРГ, кансультант па нямецкай мове, каардынатар праграмы “Школы – партнёры будучага” Катарына Ланге. Яна ў нашым горадзе чацверты раз. І кожны раз здзіўляе сваім энтузіязмам, творчасцю, падыходам да справы.

Петэр Дэтмар спачатку наведаў бібліятэку, дзе яго сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Людміла Канановіч, загадчык аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Рамановіч, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Страх, а пасля накіраваўся ў гімназію №10.

Там яго ўжо чакалі ў Беларускай хатцы – нацыянальным музейчыку, створаным сумеснымі намаганнямі настаўнікаў і вучняў. На пачатку гэтай сустрэчы гасцям быў паказаны відэафільм пра гімназію на нямецкай мове.

Пасля Барыс Вайцяхоўскі, настаўнік і былы дырэктар школы, прапанаваў усім бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай. Дзяўчынкі, што займаюцца ў клубе аўтарскай песні, выканалі народную песню “Купалінка”, а вучні дзесятых класаў расказалі пра культуру і звычаі беларусаў, пра іх ўклад і традыцыі, пра нацыянальнае адзенне і нават пра лапці.

Слухаць было цікава яшчэ і таму, што ў нашай “хатцы” гэта ўсё можна пабачыць. Напрыклад, Марта Дзігілевіч, расказваючы пра “чырвоны куток”, сапраўды стаяла ў гэтым кутку, стылізаваным, з іконамі, ручніком, каласамі. Спадару Дэтмару вельмі спадабалася выступленне нашых вучняў, здзівіў яго і добры ўзровень валодання мовай, з чым ён іх і павіншаваў.

Наша гімназія ўжо 20 год супрацоўнічае з гімназіяй Шэльцтар ў горадзе Эслінген. Аб тым, што найбольш уразіла і запомнілася, спытаўся пасол у тых вучняў, якія ездзілі туды па абмене. Дзмітрый Зязюлькін і Анастасія Паўловіч расказалі, як яны жылі ў нямецкай сям’і, пра сам горад, што знаходзіцца на поўдні Германіі ў гарыстай мясцовасці, схілы якой пакрытыя вінаграднікамі. Вельмі важным для іх было тое, што ў сям’і, падчас заняткаў і ў вольны час яна маглі размаўляць са сваімі сябрамі на нямецкай мове.

Петэр Дэтмар падкрэсліў, што гэта партнёрства вельмі важнае, што яно адыгрывае вялікую ролю ў развіцці міжнародных адносінаў. Ён прытрымліваецца думкі, што сучаснае пакаленне павінна ведаць сваіх замежных равеснікаў, умець усталёўваць кантакт. Спачатку ўзаемапаразуменне паміж моладдзю, пасля – паміж народамі. Гэта і можна назваць міжнародным сяброўствам.

Пасол спытаўся, ці не хочам мы пра што-небудзь ад яго даведацца. Першым адважыўся задаць пытанне самы маленькі вучань пачатковай школы. Ён папрасіў госця расказаць пра яго родны горад. І той паспрабаваў адказваць на рускай мове сам, без дапамогі перакладчыка. Апавядаў пра сваю вёску, дзе нарадзіўся, пра школу, якой больш за 450 гадоў, пра тое, як трапіў сюды, у Беларусь.

Па словах Петэра, ён вельмі хацеў трапіць у нашу краіну, бо яму вельмі падабаецца культура ўсходнееўрапейскіх краін, іх гісторыя. І вельмі рады, што мае магчымасць знаёміцца з усім гэтым не толькі па падручніках. Шкадуе, што пакуль не авалодаў мовай. Бо толькі калі разумееш мову народа, можна зразумець яго душу.

Напрыканцы гэтай шчырай сустрэчы Петэру Дэтмару падарылі сувенір у выглядзе сэрца, зроблены з саломкі рукамі нашых вучняў. І сказалі: “Трымайце гэта сэрца – сэрца нашай гімназіі”.

Яна ТОНКАВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.