Канцэрт народнай артысткі СССР Эдзіты П’ехі прайшоў 4 лютага ў Палацы культуры. Гэта было першае яе сольнае выступленне ў новым 2010 годзе.

Свой першы сольны канцэрт у 2010 годзе народная артыстка СССР Эдзіта П’еха дала на сцэне Палаца культуры. Маладзечна, Палац культуры, 4 лютага 2010 года.

Ужо 54 гады выходзіць Эдзіта Станіславаўна на сцэну, але, як яна адзначае, ўсё роўна хвалюецца. Тым не менш, у бадзёрым настроі, з усмешкай і бляскам у вачах народная артыстка працягвае захапляць сваім талентам, сваімі песнямі. На працягу ўсяго канцэрта апладысменты не сціхалі, маладзечанцы не пераставалі дарыць спявачцы кветкі. У зале большасцю прысутнічалі людзі старэйшага пакалення, але была і моладзь.

Эдзіта Станіславаўна расказала маладзечанцам гісторыю свайго жыцця, самыя запамінальныя моманты з дзяцінства, маладосці. На канцэрце яна, сапраўды, размаўляла з гледачамі па душах. Артыстка ніколі не хавае свайго ўзросту. Ёй споўнілася 73 гады, а на сцэне яна вясёлая і эмацыйная, у той жа час, шчырая і пяшчотная.

Па словах Эдзіты П’ехі, першы раз яна выйшла на сцэну ў навагоднюю ноч у 1956 годзе з першым у СССР вакальна-інструментальным ансамблем “Дружба” пад кіраўніцтвам Аляксандра Бранявіцкага. І ўжо ў 1957 годзе яна стала пераможцай Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве.

Эдзіта Станіславаўна была першай з эстрадных артыстаў, хто спяваў у Карнэгі-холе (Нью-Ёрк), двойчы выступала на сцэне парыжскай залы “Алімпія”. Яе песні гучалі ў шпіталях Афганістана падчас вайны. На Кубе спявачка атрымала ганаровы тытул “Пані песня”. Але зорка адзначыла, што, дзе б яна ні была, сэрца цягнулася да Радзімы, да Польшчы. Па нацыянальнасці Эдзіта – полька.

У той вечар у Палацы культуры ў выкананні легендарнай артысткі гучалі і песні маркоты і роздуму, і запальваючыя, пра каханне песні-хіты канца ХХ стагоддзя. Часам на вачах слухачоў з’яўляліся слёзы, часам ім хацелася танцаваць.

Падарункам і магчымасцю крыху перавесці дух для прыгожай Эдзіты стала выступленне мужчынскага ансамбля Палаца культуры “Менестрэлі” пад кіраўніцтвам Аляксандра Важніка. У выкананні ансамбля прагучалі дзве ўзнёслыя казацкія песні. А ў гэты час спявачка мяняла свой вобраз. І, як яна адзначала, вельмі любіць гэта рабіць, бо ў дзяцінстве не было магчымасці прыбірацца.

У дзяцінстве матуля для дачкі з некалькі сукенак шыла адну. А цяпер, калі спявачка можа сабе гэта дазволіць, мае шмат рознага, у тым ліку і сцэнічнага, адзення.

Народную артыстку СССР так уразіла атмасфера добразычлівасці, якая панавала ў маладзечанскай зале, што яна дала абяцанне прыехаць да нас зноў са сваёй новай праграмай. І быць такой жа прыгожай і элегантнай.

Напрыканцы сустрэчы карэспандэнт “РГ” спытала ў зоркі:

– Эдзіта Станіславаўна, што для Вас самае важнае ў жыцці і творчасці?

Эдзіта П’еха адказала:

– Для мяне галоўнае, каб людзі выходзілі з маіх канцэртаў з захапленнем, з бадзёрым настроем, каб адчувалі маю любоў і падзяку. Я імкнуся падарыць сваім гледачам дабро, цеплыню, святло. Увогуле, у жыцці вельмі важныя сяброўства, шчырасць, каханне і ласка.

Юлія КРУК, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.