Маладзечанцы Эдзік Качаткоў, Аліса Качаткова і Маша Юшкевіч заваявалі тры ліцэнзіі на рэспубліканскае першынство па шахматах сярод хлопчыкаў і дзяўчынак да 10 і 12 гадоў, якое пройдзе ў красавіку ў Мінску.
Права выступіць на рэспубліцы нашы юныя шахматысты атрымалі на першынстве Мінскай вобласці ў асабовым заліку, якое прайшло ў Барысаве 6-8 лютага.

Маладзечанскі клуб “64” на галоўных абласных спаборніцтвах дастойна прадставіў свой горад. Сем нашых спартсменаў забралі тры ліцэнзіі з дзевяці, якія былі прадстаўленыя на першынстве.

Эдзік Качаткоў, маючы вопыт выступленняў на вобласці, ехаў у Барысаў як фаварыт. І гулялі сапернікі з ім, як з фаварытам. Стараліся “засушыць” пазіцыю і перавесці партыю на нічыю. Трэба было бачыць шчаслівы твар Глеба Ішчанкі з Барысава, які звёў гульню з Эдзікам да нічыёй.

Дзве нічые маладзечанца і паражэнне ў рашаючай партыі не дазволілі яму ўзняцца вышэй за трэцяе месца. Аднак трэцяе месца дазволіла выйсці на рэспубліку, і няўдачай такое выступленне не назавеш.

У дзяўчынак ва ўзросце да 10 гадоў парадавалі дзве маладзечанкі-сяброўкі Аліса Качаткова і Маша Юшкевіч. І калі Аліса вядомая як сур’ёзны баец нават за межамі Беларусі, то Маша стала сапраўдным адкрыццём турніру. Трэнеры саперніц паціскалі плячыма і пыталіся: адкуль узяўся такі самародак?

Дзяўчынка ўсяго другі раз удзельнічала ў спаборніцтвах такога ўзроўню, але паказала сур’ёзную падрыхтаванасць і выдатны настрой на перамогу, як вопытная шахматыстка. Дастаткова сказаць, што яна ва ўпартай барацьбе выйграла ў сваёй сяброўкі Алісы і заняла трэцяе месца. Аліса стала другой.

Пра тое, што дасягненне нашых землякоў сапраўды значнае, гаворыць наступны факт: Барысаў, маючы аддзяленне шахматаў у спартшколе, чатырох працуючых трэнераў, бесперапынную падрыхтоўку на працягу 20 гадоў, узяў толькі дзве ліцэнзіі.

Шахматны клуб “64” праводзіць набор хлопчыкаў і дзяўчынак 2001-2003 гадоў нараджэння для заняцця шахматамі. Даведкі па тэлефоне: 8 (029) 642-34-64.

Віталь КАЧАТКОЎ, майстар спорту па шахматах, трэнер маладзечанскай каманды.