Вызначыць якасць пітной вады на вока немагчыма. Таму санітарныя дактары рэкамендуюць праверыць яе, выкарыстоўваць фільтры або спажываць бутыляваную ваду.
У 37,4% лабараторных даследаванняў крыніц, з якіх спажываюць ваду жыхары Маладзечна і раёна, вада ўтрымлівае павышаную колькасць жалеза. Павышанае ўтрыманне нітратаў выяўлена ў 1,55% пробаў.

Такія вынікі лабараторных даследаванняў крыніц цэнтралізаванага водазабеспячэння (водаправодаў), праведзеных Маладзечанскім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі ў 2009 годзе.

“Павышанае ўтрыманне жалеза абумоўленае прыроднымі ўласцівасцямі артэзіянскай вады на тэрыторыі Беларусі, – тлумачыць Міхаіл Міхалевіч, загадчык аддзялення камунальнай гігіены Маладзечанскага занальнага ЦГіЭ. – Паводле дадзеных гідрагеолагаразведкі павышанае ўтрыманне жалеза мае 55% здабыванай у Беларусі артэзіянскай вады”.

Праблему часткова дапамагаюць вырашыць ачышчальныя станцыі. Цяпер іх чатыры – у Чысці, Раёўцы і на водазаборах “Крыніца” і “Гелянова” . Цяпер 74% насельніцтва горада і раёна спажывае водаправодную ваду, якая прайшла ачыстку і адпавядае гігіенічным патрабаванням. Пасля ачысткі яна ўтрымлівае 0,1 мг/л жалеза пры норме 0,3 мг/л. Варта адзначыць, што такія паказчыкі – на выхадзе з ачышчальных станцый, але не на выхадзе з кранаў у кватэрах.

На вока вызначыць павышанае ўтрыманне жалеза часта немагчыма. Хіба што па спецыфічных “балотных” паху і прысмаку. Таму дактары рэкамендуюць праверыць якасць вады, якую вы спажываеце штодня. Але жыхары некаторых населеных пунктаў, напрыклад, Радашкавічаў, Беразінскага, ведаюць, што ў іх вадзе зашмат жалеза. Ачысціць яе можна двума спосабамі: калі дазваляюць фінансавыя магчымасці, купіце фільтр, калі такой магчымасці няма – адстойвайце ваду. Набраўшы яе ў вялікую ёмістасць, счакайце не менш за тры гадзіны, пакуль не выпадзе асадак. Затым верхнюю частку асцярожна зліце, лепш пры дапамозе трубачкі.

“На жаль, ачысціць ваду ад нітратаў цяжэй, – адзначае Міхаіл Міхалевіч. – Нават значнае перавышэнне ўтрымання жалеза, да 2 мг/л, не прыводзіць да павышэння агульнай захваральнасці. Рызыка ўзнікнення захворванняў у дзяцей павышаецца пры канцэнтрацыі нітратаў 135 мг/л пры норме 45 мг/л. Гэты нарматыў распрацаваны з запасам. Найбольш адчувальныя да нітратаў дзеці і людзі з паніжанай кіслотнасцю страўніка”.

Як патлумачыў Міхаіл Міхалевіч, пазбавіць ваду ад нітратаў могуць толькі вельмі дарагія фільтры, недаступныя большасці насельніцтва нашага рэгіёну. Адзінае выйсце – для прыгатавання ежы карыстацца або водаправоднай вадой, або бутыляванай.

Калодзеж, дай вады напіцца

Па словах Міхаіла Міхалевіча, гарантаваную якасць мае толькі водаправодная вада. Яе спажывае насельніцтва райцэнтра, некаторых мястэчкаў і буйных вёсак. Значная частка сельскіх жыхароў – каля 17 тысяч чалавек – традыцыйна выкарыстоўвае для піцця і прыгатавання ежы ваду з калодзежаў. Калодзежная вада лічыцца сімвалам чысціні і свежасці.

Але 2009 год выдаўся мокрым, таму якасць вады ў калодзежах пагоршылася: па мікрабіялагічных паказчыках не адпавядала патрабаванням санітарных нормаў 29,8% крыніцаў водазабеспячэння, па ўтрыманні нітратаў – 54,48%. Спецыялісты цэнтра гігіены выяўлялі нітраты ў калодзежнай вадзе ў мястэчку Краснае і вёсках Палачаны, Даманова, Валодзькі, Мясата, Хажова і іншых. У некаторых студнях у Красным значна перавышанае ўтрыманне хларыдаў.

“Сёлета чакаецца паводка. Хутчэй за ўсё талая вада патрапіць у калодзежы. Таму вясной калодзежную ды і водаправодную ваду перад ужываннем трэба абавязкова кіпяціць”, – рэкамендуе Міхаіл Міхалевіч.

Праверыць якасць вады з індывідуальнага калодзежа або з водаправода можна ў лабараторыі Маладзечанскага занальнага ЦГіЭ.

Вынікі даследавання пробаў вады з крынічак нашага рэгіёну чытайце ў адным з наступных нумароў.

Святлана ЦІШКО.