Нашу каманду на спаборніцтвы вазіла трэнер па лыжах Святлана Захарчанка. У інтэрв’ю “РГ” яна расказала: у Лагойску сабраліся шэсць камандаў дзяўчат і шэсць камандаў юнакоў 1996 года нараджэння і маладзейшых з Мінскай вобласці – Лагойскі, Маладзечанскі, Мінскі, Стаўбцоўскі, Старадарожскі раёны і каманда горада Жодзіна.

У кожную каманду ўваходзіла па сем чалавек. Дзяўчаты спаборнічалі на дыстанцыі два кіламетры, а таксама ў эстафетных гонках тры па два кіламетры. Хлопцы беглі дыстанцыю тры кіламетры і эстафету тры па тры кіламетры.

Нашы дзяўчаты выступілі больш удала, чым хлопцы. На першае месца яны прапусцілі толькі юных саперніц-гаспадынь спаборніцтваў і сталі другімі. Трэцяе месца тут заняла каманда Жодзіна.

У спаборніцтвах юнакоў мацнейшымі таксама сталі гаспадары, другое месца ў лыжнікаў са Стаўбцоўскага раёна, трэцімі, апярэдзіўшы маладзечанцаў усяго на пяць ачкоў, сталі жодзінцы.

Сяргей ЗЯНЬКО.